Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часьцейшымі сталі выпадкі грубага абыходжаньня ахоўнікаў крамаў з пакупнікамі. Адзін з пабітых нядаўна памёр у Менску.

Як паведамляе БелаПАН, малады чалавек, які атрымаў траўмы ў бойцы з удзелам ахоўнікаў гандлёвага цэнтру «Валгаград» у Менску, памёр 8 жніўня.

Гаворка ідзе пра інцыдэнт каля ўнівэрсаму «Валгаград», што ў Маскоўскім раёне Менску. 30 чэрвеня там здарыўся канфлікт паміж ахоўнікам крамы і пакупніком. У выніку бойкі пакупнік апынуўся ў шпіталі і ляжаў там у коме. Яго сястра расклеіла па раёне абвесткі пра пошук сьведак падзеі.

У сьледчых органах пакуль не камэнтуюць ход расьсьледаваньня справы пра інцыдэнт 30 чэрвеня каля ўнівэрсаму «Валгаград», паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў.

Пасьля інцыдэнту там паведамілі, што, згодна з мэдыцынскімі дакумэнтамі, якія ёсьць у справе, пацярпелы быў у стане ап’яненьня.

15 ліпеня 15 Маскоўскі раённы аддзел Сьледчага камітэту прыняў да вытворчасьці справу паводле артыкула 155 КК (прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня па неасьцярожнасьці). Ці перакваліфікавалі яе пасьля сьмерці маладога чалавека, пакуль невядома.

10 жніўня ў гомельскай краме «Эўраопт» ахоўнікі пабілі пакупнікоў. Відэа з тэлефона наведніка трапіла ў інтэрнэт і набыло шырокі розгалас. Канфлікт усчаўся нібыта з-за неаплачанай шакалядкі.

Дзяўчыне, якая заступілася за маладога чалавека, разьбілі твар — з носа ішла кроў, а пад левым вокам выступіў ладны сіняк. Мужчыну ахоўнікі валялі па падлозе й разьдзелі да пояса.

Гомельскіх ахоўнікаў потым звольнілі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG