Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна са сьвіньнямі: церпяць людзі


У Магілёўскім раёне жыхары вёскі Сумарокава ўзьняліся з пратэстам супраць уладаў, якія вымагаюць, каб людзі пазбываліся сьвіней.

Бальшыня пратэстоўцаў — прыватныя прадпрымальнікі, якія гадуюць па некалькі дзясяткаў жывёлін і жывуць, як самі кажуць, толькі з гэтага занятку. Грошы, якія прапануюць бізнэсоўцам за здадзеных сьвіней, не пакрываюць укладзеных у іх гадоўлю сродкаў. Каб абараніцца, вяскоўцы зьвярнуліся да журналістаў.

Нагодай, каб зьвярнуцца да журналістаў, сталі зьвесткі, што сёньня ў вёску нібыта павінна была наведацца камісія, каб выдаць людзям прадпісаньні, што на працягу пяці дзён яны мусяць пазбавіцца ад сьвіней. Іначай вяскоўцам пагражалі штрафамі. На сустрэчу з журналістамі прыйшлі каля дзясятка вяскоўцаў. Апавядаючы пра сытуацыю, якая склалася ў выніку прафіляктычных захадаў супраць распаўсюджваньня вірусу афрыканскай чумы сьвіней, людзі заяўлялі, што іхнага інтарэсу ніхто ва ўладзе ня ўлічвае:

«Я шэсьць гадоў працавала, каб зарабіць на той статак, які ў мяне ёсьць. Мне прапануюць сьвіней маіх здаць на мясакамбінат па дзьве тысячы за кіляграм. На сёньняшні дзень я ў парасят уклала 60 мільёнаў рублёў. Нам сельскі савет разаслаў паперкі, нікім не падпісаныя. У іх было напісана, што да 11 жніўня хатнім падворкам здаць сьвіней усіх відаў і ўзросту. Мне таньней выходзіць адчыніць пуню і выпусьціць усіх сьвіней, няхай бягуць на ўсе бакі, чым па дзьве тысячы іх здаць», — тлумачыць адна зь вясковак.

Вёска Сумарокава трапляе ў пяцікілямэтровую зону бясьпекі вакол сьвінакомплексу, які належыць агракамбінату «Зара». Пра гэта паведамляецца ў абвестках на вясковай краме. Там названа 31 паселішча, дзе не павінна быць сьвіней у прыватных дварах. Акрамя «Зары», зоны бясьпекі ствараюцца для дзьвюх бліжэйшых гаспадарак — «Палыкавічы» ды «Ўсход». Як кажуць у вёсцы, гэтыя абвесткі на знак пратэсту зрывалі і замалёўвалі. Вяскоўцы заяўляюць, што кантралёраў ня пусьцяць у свае двары:
Я сабаку спусьціла. Не пушчу іх. Няхай страляюць

«Я сабаку спусьціла. Не пушчу іх. Няхай страляюць. Я пэнсіянэрка. У мяне муж інвалід. На што я павінна жыць? На гэтую пэнсію жабрацкую? Яны ня маюць права ісьці да мяне ў двор. Я нічога не парушыла. За што яны будуць мяне судзіць і штрафаваць? За што?» — абураецца вяскоўка.

Яшчэ адна дадае: «Я больш чым перакананая, што месяцы праз два людзі ўсё роўна пазаводзяць сьвіней зноў. Ціхенька, але завядуць. Бо гэта лад жыцьця такі. Чалавек ня можа жыць у вёсцы і не трымаць нічога».

Марна прачакаўшы каля дзьвюх гадзін камісіі, некалькі вяскоўцаў рушылі разам з журналістамі ў сельскі савет. Старшыня Княжыцкага сельскага савету Віктар Палтаран спачатку адмовіўся гаварыць з журналістамі. Запрасіў на гутарку толькі вяскоўцаў. Пазьней у сельсавет прыехаў начальнік раённай вэтэрынарнай станцыі Сяргей Лебедзеў. Ён спасылаўся на пастанову № 13 Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, якая і прадпісвае людзям пазбаўляцца ад сьвіней.
Па сканчэньні двух тыдняў будуць штрафаваць да 20 базавых велічыняў

«Будуць выдавацца прадпісаньні. Дадуць два тыдні на тое, каб прыбраць з падворкаў сьвіней. Па сканчэньні двух тыдняў будуць штрафаваць да 20 базавых велічыняў. Усё адно будуць угаворваць бабуль, дзядуляў, каб у іх не было сьвіней», — тлумачыў раённы вэтэрынар.

Але вяскоўцы довадаў вэтэрынара і старшыні сельсавету не ўспрымалі. Вінавацілі іх, што тыя на шкоду простым людзям бароняць інтарэсы буйных сьвінакомплексаў.

Як вынікала з тлумачэньняў Сяргея Лебедзева, калі людзей у вёсцы Сумарокава, як і ў іншых вёсках, пазбавяць сьвіней, то ім будзе назаўжды забаронена займацца прыватнай сьвінагадоўляй.

Гутаркай у сельсавеце людзі засталіся незадаволеныя. Яны заяўлялі, што для іхняй вёскі барацьба з чыноўнікамі толькі пачынаецца. Пагражалі зьвярнуцца ў суд, каб абараніцца ад уладнай сваволі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG