Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Крымінальную справу Тацяны Бандарчук працягнулі да кастрычніка


Тацяна Бандарчук

Тацяна Бандарчук

Сьледчаму камітэту Беларусі спатрэбілася яшчэ два месяцы на расьсьледаваньне справы былога дырэктара Белдзяржцырку Тацяны Бандарчук.

Справу завялі на пачатку чэрвеня, адведзеныя законам на папярэдняе расьсьледаваньне 2 месяцы прамінулі, і вось атрыманы дазвол на падаўжэньне расьсьледаваньня, паведаміў карэспандэнту Свабоды прадстаўнік Сьледчага камітэту Павал Траулька:

«Тэрмін расьсьледаваньня крымінальнай справы адносна былога дырэктара цырку Тацяны Бандарчук працягнуты да кастрычніка 2013 году».

Тацяну Бандарчук падазраюць у эканамічных і службовых злачынствах. Вядома, што былая дырэктарка не знаходзіцца пад вартай, а паводле позваў зьяўляецца на допыты ў Сьледчы камітэт. 10 чэрвеня, пасьля зьяўленьня зьвестак пра завядзеньне справы, Тацяна Бандарчук заявіла журналісту сайту tut.by: «Калі Дзяржкантроль вырашыў адкрыць крымінальную справу і мяне проста забіць, дык разьбярэцца кіраўнік дзяржавы — ён аб’ектыўны чалавек». З таго часу Тацяна Бандарчук сытуацыю не камэнтуе. Сын Тацьцяны Бандарчук Серж Бандарчук тады ж паведаміў карэспандэнту Свабоды, што стан здароўя ягонай маці «складаны» і яна не адказвае нават на ягоныя тэлефонныя званкі.
XS
SM
MD
LG