Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі тэлеапэратар забіты пры разгоне мітынгу ісламістаў у Каіры


Журналіст атрымаў сьмяротнае раненьне ў вобласьць сэрца падчас здымкі спэцапэрацыі, якую праводзіць эгіпэцкая паліцыя супольна з войскам з мэтай разгону мітынгу ісламістаў у раёне плошчы каля мячэці Рабія аль-Адавія.

Апэратар брытанскай тэлекампаніі Sky News Майкл Дуглас быў застрэлены пры разгоне эгіпэцкімі сілавікамі лягераў ісламістаў, паведамляе навінны партал ’’Аль-Масры аль-Яум’’ са спасылкай на крыніцы ў Міністэрстве аховы здароўя Эгіпту.

Масавыя сутыкненьні сілавікоў і ісламістаў адбываюцца ў некалькіх эгіпэцкіх гарадах. Найбольш жорсткія — у Каіры, Міньі, Асьюце і Фаюме. Паводле мясцовых СМІ, у некалькіх правінцыях прыхільнікі адхіленага вайскоўцамі ад улады прэзэдэнта-ісламіста Мухамада Мурсі падпалілі копцкія цэрквы. Яны напалі таксама на шэраг паліцэйскіх пастарункаў.

Падставай да сутычак паслужыла апэрацыя эгіпэцкага МУС супольна з падразьдзяленьнямі арміі па разгоне намётавых лягераў прыхільнікаў Мурсі ў Каіры, якая пачалася раніцай у сераду. Сілавікі і ісламісты абвінавачваюць адны адных ва ўжываньні агнястрэльнай зброі.

На дадзены момант сілавікам удалося цалкам ачысьціць плошчу перад Каірскім унівэрсытэта ў Гізе, на якой больш за месяц праводзілі свае пратэстныя акцыі прыхільнікі Мурсі, аднак на плошчы каля мячэці Рабія аль-Адавія працягваюць знаходзіцца тысячы чалавек.

Ісламісты заяўляюць аб 120 загінулых у сваіх шэрагах, аднак міністэрства аховы здароўя гэтую інфармацыю абвяргае, кажучы толькі пра 10 ахвяраў. На кадрах, дэманстраваных тэлеканалам «Аль-Джазіра» з палявога шпіталя, які знаходзіцца ў мячэці Рабія аль-Адавія, відаць целы дзясяткаў чалавек з агнястрэльнымі раненьнямі. МУС абвясьціла аб гібелі пяці ахоўнікаў правапарадку і аб дзясятках параненых у сваіх шэрагах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG