Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мар’ям Мірзоева: «З пакараньня мужа зрабілі паказуху»


Руслан Мірзоеў, фрагмэнт зь фільму пра МАЗ

Руслан Мірзоеў, фрагмэнт зь фільму пра МАЗ

Аўтара скандальных відэафільмаў пра МАЗ і менскі мікрараён Курасоўшчына Руслана Мірзоева асудзілі на 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Рашэньне вынесла судзьдзя Кастрычніцкага суду Ала Булаш, якая знаходзіцца ў сьпісе неўязных у краіны Эўразьвязу. Жонка асуджанага Мар’ям Мірзоева апавяла карэспандэнту Свабоды пра свайго мужа, ягоныя захапленьні і праблемы з законам.

Аўтар разьмешчаных у сеціве скандальных відэафільмаў Руслан Мірзоеў зь пятніцы, 9 жніўня, знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна. Асудзілі яго 12 жніўня ў Кастрычніцкім судзе Менску. Пра гэта Свабодзе апавяла жонка Руслана Мірзоева Мар’ям. Сама Мар’ям Мірзоева на суд не была запрошаная і апошні раз бачыла мужа ўчора ў Кастрычніцкім РАУС. Пра мужа яна згадвае:

«Ён быў сумны, я яго такім даўно ня бачыла. Ён быў такі прыціснуты і ўстрывожаны. Гэта пасьля суду яго прывезьлі ў Кастрычніцкі РАУС, туды ж выклікалі і журналіста СТВ, і таго хлопца, які ў фільме ладзіў бойку».

Мар’ям Мірзоева перадала мужу на Акрэсьціна перадачу — пітную ваду і асабістыя рэчы. Харчы вязьням ізалятара на Акрэсьціна перадаваць забаронена. «Колькі тут засталося — тры дні, пратрымаецца».

Мар’ям паведаміла, што ў Руслана Мірзоева з законам ужо былі праблемы. У прыватнасьці, цяпер ён на «хатняй хіміі» — гэта пакараньне за крымінальнае злачынства, якое ён учыніў, калі ўжываў наркотыкі. «Але ўжо больш за 2 гады ён не ўжывае наркотыкаў і алькаголю, зь ім усё нармальна. Працуе. Мы ў шлюбе, у нас дачка — ёй 5 гадоў».

1 жніўня Руслан Мірзоеў мусіў звольніцца з МАЗу нібыта па ўласным жаданьні пасьля размовы з прадстаўніком адміністрацыі, які не вітаў ягоныя відаэфільмы пра гэтае прадпрыемства. У інтэрнэце Руслан Мірзоеў паведаміў пра запрашэньне паехаць у Маскву на конкурс на вядучага шоў «Бойкі бяз правілаў». Але на конкурс рэжысэр-аматар паехаць ня змог. «У яго ж „хатняя хімія“. Калі б ён паехаў без дазволу, то мог бы трапіць пад сапраўдны арышт», — тлумачыць Мар’ям Мірзоева. Вось што яна распавяла пра захапленьні мужа, сярод якіх ня толькі відэаздымкі:

«Мне здаецца, гэта больш для яго нейкае хобі. Каб ня проста хадзіць на працу і працаваць, а нешта тварыць. Але гэта ня ўсё, чым ён захапляецца. Яшчэ ён займаўся рознымі відамі боксу і музыкай вельмі цікавіцца».
Вырашылі яго пакараць для паказухі, каб іншыя ня бралі зь яго прыклад і каб паказаць, што органы працуюць

Апошнія відэафільмы Руслана Мірзоева былі прысьвечаныя менскаму мікрараёну Курасоўшчына, дзе Руслан жыве і дзе яго добра ведаюць. Пра ўжываньне нецэнзурных слоў у гэтых фільмах Мар’ям Мірзоева кажа: «Там жа гэтым нікога не зьневажаюць. Проста для большага эфэкту ён ужывае гэтыя словы, такое бывае. Вырашылі яго пакараць для паказухі, каб іншыя ня бралі зь яго прыклад і каб паказаць, што органы працуюць».

12 жніўня прадстаўнік генпракуратуры Павал Радзівонаў заявіў адносна асуджэньня Руслана Мірзоева:

«Руслан Мірзоеў і падобныя правапарушальнікі павінны ясна разумець, што сваімі дзеяньнямі яны могуць штурхнуць, асабліва маладых людзей, на ўчыненьне злачынстваў і супрацьпраўных дзеяньняў. Гэткая дзейнасьць незаконная і ніяк ня можа ўспрымацца грамадзтвам з усьмешкай. Мы павінны даваць прынцыповую грамадзкую ацэнку гэткім дзеяньням і спыняць іх на ўсіх узроўнях».

Вядомы рэжысэр дакумэнтальнага кіно Юры Хашчавацкі мяркуе, што пакаралі Руслана Мірзоева не за нецэнзурныя словы, ужытыя ў ягоных фільмах, а за тое, што ён паказаў у іх, як у спальных раёнах сярод моладзі квітнеюць злачыннасьць і наркаманія. Спробы ўладаў стрымліваць зьвесткі пра жыцьцё людзей рэжысэр лічыць марнымі:

«Ім, каб утрымаць гэтую справу, трэба будзе альбо забараніць відэа цалкам, альбо саджаць усіх беларусаў, бо гэтым займаюцца ўсё больш людзей. Гэта будзе нарастаць. Інтэрнэт цяпер — гэта такі вялікі кінатэатар, дзе мы можам убачыць нашае жыцьцё».

Старшыня афіцыйнага саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец адмовіўся камэнтаваць асуджэньне Руслана Мірзоева, спаслаўшыся на тое, што ня бачыў ягоных фільмаў і толькі ад карэспандэнта даведаўся пра ягоную гісторыю: «А што да матных слоў, то гэта заўсёды хуліганства, а за хуліганства трэба несьці адказнасьць».

Фільмаграфія Руслана Мірзоева
(увага, нецэнзурная лексыка)

Хронікі раёну. Курасоўшчынскае гета, 1-я частка

Хронікі заводу. Тонкасьці вытворчасьці

Хронікі заводу. Забаўны Барлік

Хронікі заводу. Інтэрвію з завадчанамі
XS
SM
MD
LG