Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Маскве працягваецца чэмпіянат сьвету па лёгкай атлетыцы. Першыя дні засмуцілі беларускіх адмыслоўцаў і заўзятараў: традыцыйна мэдалёвыя дысцыпліны абыходзяцца без удзелу беларусаў. Кідальнікаў ды штурхальнікаў, якія дагэтуль спраўна папаўнялі скарбонку нацыянальнай зборнай, паглынула допінгавая хваля.

Пасьля чатырох дзён спаборніцтваў у расейскай сталіцы мэдалёвая рэалізацыя беларускай каманды роўная нулю. Пакуль што найбліжэй да п’едэсталу наблізілася Вольга Сударава — па выніках скачкоў у даўжыню яна была 4-й. Срэбны прызэр Алімпіяды ў Пэкіне Андрэй Краўчанка паказаў адзін з найгоршых сваіх вынікаў на афіцыйных спаборніцтвах, фінішаваўшы 12-м. Ягоны напарнік Эдуард Міхан быў толькі 18-м. У трэцім дзясятку ідуць жанчыны-сяміборкі Яна Максімава і Кацярына Нецьвятаева.

21-е месца ў патройным скачку паказала Натальля Вяткіна — яна наскакала на апошні вынік сярод канкурэнтак. Далёка ад лідэраў Ганна Драбеня і Анастасія Яцэвіч — беларускія ўдзельніцы ў спартовай хадзе на 20 кілямэтраў.

Цалкам праваленыя некалі амаль гарантаваныя мэдалёвыя віды — кіданьне молата (мужчыны) і штурханьне ядра (жанчыны). З кваліфікацыі ў фінальную частку прабіўся толькі Юры Шаюноў, які паказаў там апошні вынік. У фінал спаборніцтва ў штурханьні ядра таксама прабілася толькі адна беларуска, Алена Копец. Як і Шаюноў, яна фінішавала на 12-й пазыцыі.

Такім чынам, у адсутнасьць Івана Ціхана, Вадзіма Дзевятоўскага, Андрэя Міхневіча, Надзеі Астапчук папаўняць мэдалёвую скарбонку няма каму. І, мяркуючы па ўсім, «здабытчыкі» на міжнародную арэну вернуцца ня надта хутка. У сакавіку Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі абвясьціла вынікі паўторнай праверкі аналізаў атлетаў па выніках чэмпіянату сьвету 2005 году ў Хэльсынкі. З шасьці станоўчых пробаў чатыры належаць беларусам — малатабойцам Ціхану і Дзевятоўскаму, штурхальнікам ядра Міхневічу і Астапчук. Пры гэтым варта нагадаць, што Ціхан ня быў дапушчаны да спаборніцтваў на Алімпіядзе-2012 па выніках пераправеркі пробаў Гульняў 2004 году, а Астапчук пазбавілі залатога мэдаля за наяўнасьць у арганізьме забароненых прэпаратаў.

Неаднаразовы прызэр чэмпіянатаў сьвету і алімпійскіх гульняў, кідальнік дыска Васіль Капцюх шкадуе пра дыскваліфікацыю беларускіх атлетаў за нібыта старыя грахі, бо страта першых нумароў усясьветнага рэйтыгу шкодзіць відовішчнасьці ўсяго спорту:

«Вельмі шкада, што здарыліся такія непрыгожыя падзеі. Ня ведаю, чаму так усё часьцей адбываецца менавіта зь беларускімі спартоўцамі, але так не павінна быць. Гэта ўвогуле падштурхоўвае да розных высноваў. Бо калі выціскаюць самых моцных, то, адпаведна, застаюцца слабейшыя, якія і перамагаюць. Вядома, цяжка ўявіць, як можа перамагчы слабы, але атрымліваецца, што такім чынам ім дадзены рэальны шанец. Спаборніцтвы такога кшталту — гэта старт для моцных. Але пры такім раскладзе ці можам мы выявіць моцных? Я, шчыра кажучы, зусім заблытаўся».

З названых спартоўцаў пакуль толькі Дзевятоўскі разьвітаўся са спортам і пасьля абраньня дэпутатам перакваліфікаваўся ў дзяржаўнага дзеяча. Цяпер ён намесьнік старшыні камісіі па ахове здароўя, фізычнай культуры і моладзевай палітыцы Палаты прадстаўнікоў. Іншыя трэніруюцца і чакаюць станоўчага вэрдыкту вышэйшых органаў. Як кажа Надзея Астапчук, фармальна яе дыскваліфікацыя сканчаецца ў верасьні, таму яна яшчэ спадзяецца пазмагацца з асноўнай супэерніцай, новазэляндкай Валеры Адамс. У адсутнасьць Астапчук тая ў Маскве заваявала чарговы чэмпіёнскі тытул:

Надзея Астапчук

Надзея Астапчук

«На дадзены момант чакаю рашэньня ад нашай фэдэрацыі, таму што я даверыла весьці справы зь міжнароднымі інстанцыямі Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі. Спадзяюся, што калі-небудзь усё гэта ўсё ж вырашыцца, калі яны, вядома, ня будуць так цягнуць з адказам. Прынамсі ўжо больш за месяц наша фэдэрацыя нічога ня можа толкам вырашыць. Калі ўлічыць, што ў мяне дыскваліфікацыя на адзін год, то дзесьці ў верасьні яна сканчаецца. Але, яшчэ раз кажу, усё залежыць ад пазыцыі беларускага боку — будуць яны апратэстоўваць ці не, якія захады ўвогуле намецілі. Таму няма такой пэўнасьці, каб сказаць вам дакладна. Усё ж спадзяюся на пазытыўны вынік».

Леташняя дыскваліфікацыя Надзеі Астапчук аўтаматычна зрабіла алімпійскай чэмпіёнкай Лёндану Валеры Адамс. Тая ў сваіх камэнтарах была катэгарычная: маўляў, цешыць, што сыстэма вызначэньня допінгу рэальна працуе, а Астапчук пасьля гэтага — «толькі гісторыя». Беларуска раіць апанэнтцы не сьпяшацца з высновамі:

«Найперш, гэта яе характарызуе як чалавека — зусім ня зь лепшага боку. Таму тут пытаньне больш да яе, а не да мяне. Магчыма, гэта ў яе столькі злосьці набралася на мяне за ўсе пройгрышы, якія былі, таму гэта ўсё выплюхнула. А можа, гэта толькі эмоцыі, можа, проста не падумаўшы ляпнула, ня ведаю. Але сярод спартоўцаў такое не прынята — паліваць суперніка. Таму што невядома, на чым сам апячэсься ў будучыні. Наадварот, звычайна ўсе спачуваюць, падтрымліваюць. А такая рэакцыя... Ну, Бог ёй судзьдзя».

На лёгкаатлетычным чэмпіянаце сьвету ў Маскве разам зь сілавымі дысцыплінамі беларусы правалілі і бегавыя, у якіх ня могуць скласьці мацнейшым спрынтэрам ды стаерам ніякай канкурэнцыі.
XS
SM
MD
LG