Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі кібэрмахляр хаваецца ад амэрыканскага правасудзьдзя


Мангэтэнская пракуратура паведаміла аб апошніх прысудах па грандыёзнай крымінальнай справе аб крадзяжы і гандлі нумарамі дзясяткаў тысяч крэдытных карт.

Па гэтай і сумежных справах прыцягнутыя да адказнасьці прынамсі 17 чалавек з розных краін, у тым ліку Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Пра гэта паведамляе карэспандэнт BBC ў ЗША.

Пракуратура сукупна называе іх чальцамі «кібэрзлачыннай групоўкі Western Express», паводле назвы нью-ёркскай кампаніі Western Express International, якая, па словах пракурораў, выкарыстоўвалася ашуканцамі для пераводу і адмываньня незаконных прыбыткаў.

Паводле пракуратуры Мангэтэну, якая восем гадоў расьсьледавала гэтую справу разам з сакрэтнай службай ЗША, групоўка прадала больш за 95 тысяч нумароў крадзеных крэдытак.

Спрычыненая пацярпелым шкода перавысіла 5 млн даляраў.

11 фігурантаў справы прызналі сябе вінаватымі і асуджаныя.

Двое абвінавачаных, 32-гадовы грамадзянін Малдовы Алег Кавелін і 30-гадовы беларус Дзьмітры Бурак хаваюцца ад правасудзьдзя.

Кавелін па зьвестках сьледзтва нібыта спэцыялізаваўся на тым, што падманам выведваў у пацярпелых асабістыя дадзеныя і узломваў іх рахункі.

Бурак быў адміністратарам форуму DumpsMarket, на якім кібеэрзлачынцы прадавалі і куплялі нумары крэдытак і іншыя дадзеныя.

У электроннай пошце Бурака нібыта былі знойдзены больш за 55 тысяч крадзеных нумароў крэдытак.

Супраць яго распачатая аналягічная справа ў Каліфорніі.
XS
SM
MD
LG