Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гілары Клінтан зьбіраецца ў прэзыдэнты?


Былая дзяржсакратар Гілары Клінтан у панядзелак упершыню пасьля сыходу з пасады кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства выступіла з публічнай прамовай, у якой яна асудзіла «атаку на выбарчыя правы амэрыканцаў».

Яна выступіла на штогадовым сходзе Сан-Францыскай асацыяцыі адвакатаў. Былая першая лэдзі ЗША заявіла аб намеры выступіць з прамовамі аб нацыянальнай бясьпецы і міжнародных адносінах. Гэты выступ супаў з сэрыяй публікацый у амэрыканскім друку аб патэнцыйных прэзыдэнцкіх шанцах Гілары Клінтан.

Гілары Клінтан, што пакінула найвышэйшую пасаду ў Дзярждэпартамэнце паўгода таму, нічога ня кажа пра свае пляны. У апошнія месяцы яна трымалася на адлегласьці ад палітычных падмосткаў. Але ў вачах многіх дэмакратаў і блізкіх да Дэмакратычнай партыі камэнтатараў яна ўжо гарантавала сабе месца кандыдата партыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2016 году. Да выбараў застаецца прынамсі тры гады, але папярэднія апытаньні грамадзкай думкі здольныя спалохаць любых патэнцыйных супернікаў Клінтан і іх фінансавых донараў: наўрад ці хто з сур’ёзных палітыкаў захоча кінуць выклік кандыдату, якога падтрымлівае больш за 80% дэмакратычнага электарату.

Некалькі дзён таму імя Клінтан справакавала падабенства першага перадвыбарчага скандалу, калі старшыня Рэспубліканскай партыі ўспрыняў як адкрыты палітычны крок рашэньне тэлеканалаў NBC і CNN прыступіць да здымак міні-сэрыялаў аб Гілары Клінтан. Абураны старшыня прыгразіў адлучыць тэлекампаніі ад арганізацыі і асьвятленьня дэбатаў рэспубліканскіх кандыдатаў у прэзыдэнты, абвінаваціўшы іх у тым, што іх сэрыялы ўяўляюць сабой палітычную рэкляму. Тэлеканалы пакуль не адмовіліся ад сваіх плянаў.

Віцэ-старшыня Дэмакратычнай партыі Дона Браз сказала ў адным зь нядаўніх тэлеінтэрвію:

«Няма ніякіх сумневаў у тым, што, калі Клінтан вырашыць прыняць удзел у прэзыдэнцкай гонцы, праймэрыз ператворацца ў яе каранацыю. Вялікая колькасьць дэмакратаў, якія падтрымлівалі Клінтан падчас мінулых выбараў, горача хочуць бачыць яе ў якасьці кандыдата партыі».

Падобныя настроі, зрэшты, панавалі ў істэблішменце Дэмакратычнай партыі і пяць зь лішнім гадоў таму, калі пасьля амаль пяцігадовай падрыхтоўкі і мэтадычнага ўмацаваньня пазыцый у асяродзьдзі партыйнай эліты Гілары Клінтан абвясьціла пра барацьбу за дэмакратычную намінацыю. Здавалася, супраць палітычнай машыны сям’і Клінтанаў шанцаў ні ў каго няма. Але яна саступіла ў барацьбе за намінацыю неспрактыкаванаму палітыку бяз сувязяў Бараку Абаму.

У апошнія дні аглядальнікі некалькіх вядучых газэт ЗША загаварылі аб Гілары Клінтан як аб кандыдаце ў прэзыдэнты. І некаторыя зь іх выявілі ў яе кандыдатуры хібы. «Калі б Клінтан была такім выдатным палітыкам, як гэта шмат хто кажа, яна б сёньня была прэзыдэнтам», — заўважае вядучы палітычны аналітык газэты «Вашынгтон пост» Дэн Балц. Ён прыводзіць цэлы шэраг пралікаў і памылак Хілары Клінтан і яе перадвыбарчага штабу. Але галоўная зь іх, на яго думку — адсутнасьць пасылу, ключавой ідэі ў яе перадвыбарчай кампаніі: дзеля чаго яна прэтэндуе на прэзыдэнцтва, што яна прапануе краіне.

Калі Клінтан вырашыць зноў пазмагацца за прэзыдэнцтва, то ў 68-гадовай кандыдаткі будзе ня менш цяжкая задача, лічаць назіральнікі. Якія перадвыбарчыя лёзунгі яна абярэ, ці выйдзе яна са сьвежымі прапановамі, або аддасьць перавагу «нарэзцы» з апрабаваных палітычных рэцэптаў прэзыдэнтаў Біла Клінтана і Барака Абамы? Чатыры гады службы на пасадзе кіраўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту дадалі ёй павагі ў вачах большасьці амэрыканцаў, але ў яе дыпляматычным багажы няма відавочных дасягненьняў, затое ёсьць трагедыя ў Бэнгазі, якую напэўна будуць эксплюатаваць яе сапернікі.

«Я думаю, што ў дадзены момант Клінтан зьяўляецца самым моцным кандыдатам дэмакратаў, і яна, хутчэй за ўсё, даможацца намінацыі, калі яна вырашыцца на барацьбу за прэзыдэнцтва, — кажа Эд Робінс, былы дарадца прэзыдэнта Рэйгана. — Але калі справа дойдзе да ўсеагульных выбараў, ёй давядзецца абараняць дзеяньні цяперашняй адміністрацыі, а гэта наўрад ці будзе удзячным заняткам».
XS
SM
MD
LG