Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дом для бамжоў у Аляксандраўцы: «Іх кармі, — і яны нікуды не палезуць»


Прытулак для бяздомных у Аляксандраўцы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:19 0:00
Наўпроставы лінк

Падарожжа Свабоды ў Аляксандраўку

Аляксандраўка — маленькая выміраючая вёска пад Васілішкамі. Адзіная яе вузенькая вуліца выглядае як абсалютна нежылая. Хоць у вёсцы яшчэ жыве чалавек пяць. Але ад сьнежня пазамінулага году насельніцтва вёскі пачало імкліва расьці. Дзякуючы чалавеку з сымбалічным прозьвішчам. Аляксей Шчадроў, 28-гадовы маладзён, ужо добра вядомы беларускай грамадзкасьці. З прычыны гучнай крымінальнай справы, узбуджанай за «арганізацыю дзейнасьці незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі».

Дык што сабой уяўляе гэтая «арганізацыя»? На сёньня гэта два дамы ў канцы вёскі. Статуя Маці Божай у двары аднаго. Ініцыятар прытулку, Аляксей Шчадроў, журналістам рады. І гатовы паказваць свой прытулак, не хаваючы нічога.

— Трэба, каб пісалі журналісты, што ёсьць такое месца. Каб людзі ведалі, што тут яны знойдуць прыстанішча. Каб у тых, хто жыве на вуліцы, была надзея. Хай яны тут зіму перабудуць. Але яны тут знойдуць прытулак у сваіх бедах у любові і клопаце. Каб ведалі, што ў іх ёсьць дом, дзе можна талерку супу зьесьці, памыцца, у чысты ложак легчы. І зноў адчуць сябе людзьмі.

— Вы самі не зьбіраецеся станавіцца ксяндзом?

— Я хачу, каб тут была манаская абшчына братоў міласэрнасьці Маці Тэрэзы з Калькуты. Сёстры ў Гомелі ёсьць, а вось братоў маці Тэрэзы ў Беларусі няма. Гэты ордэн дапамагае жабракам і ўбогім.

Як пазнаць бяздомнага хоць бы ў трамваі? Найперш празь невыносны смурод. Гэтую жахлівую сумесь пахаў бруднага цела, алькаголю і нясьвежага адзеньня. Дык вось, у прытулку Аляксея Шчадрова бамжамі не сьмярдзіць. Там акуратныя пакоі, аклееныя шпалерамі, чыстыя ложкі. Першая асацыяцыя — танная дагледжаная гасьцініца. Нават санвузел свой. Праз гэты прытулак прайшло 97 чалавек. А на момант майго прыезду было толькі чатыры. Куды ж падзеліся ўсе астатнія?

— Многія вяртаюцца на вуліцу. Але зіма прыходзіць — яны назад. Грэцца. У нас тут два чалавекі памерлі. Аднаго мы падабралі на вуліцы. У яго быў тубэркулёз. Брудны, вашывы, ён ужо гніў увесь. Мы яго адмылі. Я паклікаў ксяндза, каб ксёндз яго паспавядаў. І празь месяц ён памёр. Гэтыя людзі ўсё жыцьцё былі нікому не патрэбныя. Гэта адкіды грамадзтва.

Пятра Сяргейчука адкідам грамадзтва ніяк не назавеш. Па маршчынах, па шнарах і колеры твару бачна, што ён чалавек няпростага лёсу. Але якія жывыя вочы!

— Калі б не было гэтага чалавека і ягонай ініцыятывы…

— Можа, і мяне б на сьвеце не было. Я ўжо даходзіў да такога стану, мне было аднолькава — што ў Нёман з моста.

— Калі сказаць, што Аляксей уратаваў вам жыцьцё…

— Так ёсьць. Гэта вам не ЛТП. Хочаш — жыві, хочаш — не жыві. Хочаш — працуй, хочаш — не працуй.

Пётар завітаў сюды як госьць. Ён нядаўна пакінуў гэты прытулак. Але ня дзеля таго, каб бадзяцца. У суседняй вёсцы ён знайшоў жанчыну.

— Сямейная драма ў мяне. Першую жонку ў Гародні пакінуў. Усё пакінуў, працу, кватэру. Я працаваў у рэстаўрацыі брыгадзірам. Арцыменя і Андрыеўскі калісьці за руку віталіся са мной!

— Дык трэба знайсьці яшчэ адну.

— Дык чацьвёртую ўжо адсюль узяў. Хоць я не жыву ўжо тут, але чым магу, дапамагаю. У мяне радні няма ніякай. Ён выратаваў мяне. За гэты час зь іх ніхто ў міліцыю ня трапіў. Ня скраў тут нічога. Я як рабочы для справы нешта б і скраў. А яны ж бічы. Іх кармі, і яны нікуды не палезуць. Міліцыі як аблягчыў працу. Колькі б пратаколаў пісалі, колькі паперы…

Вельмі дакладнае вызначэньне асацыяльнага чалавека выдаў Пётар. «Іх кармі, і яны нікуды не палезуць». Ці так гэта? Давайце завітаем да бліжэйшых суседзяў, старажылаў вёскі, пэнсіянэраў Марыны і Вячаслава.

— Тут адна пустая хата. Там тры пустыя.

— Такая была вёска вясёлая.

— Дык Аляксей, можна сказаць, ажыўляе Аляксандраўку…

— Ага, ажыўляе. Мы баімося гэтых людзей. Яны могуць што хочаш зрабіць.

Зразумець гэтых людзей няцяжка. Пастаўце сябе на іх месца і адкажыце на пытаньне: «Вы б хацелі, каб побач з вашым домам ці на адной з вамі пляцоўцы пасяліліся былыя бамжы?»

— Скажыце шчыра, вас абцяжарвае суседзтва з гэтым прытулкам?

— Мне бяз розьніцы, ці яны тут, ці іх няма.

— Яны вам зла ня чыняць?

— Ні зла, ні дабра.

— Рабіць ня хочуць. Пасадзілі во бульбу. Пазарастала ўсё.

— Змарнавалі толькі поле.

— Але ўсё ж такі пасадзілі. Галоўнае — пачаць.

— Мы ўжо старыя. А працуем.

— Не гультуем. Ня бегаем па вёсках. Некаторыя робяць.

— Хай бы дзяржава забрала іх у якія прытулкі.

— А што ён можа даць, калі ён сам нідзе ня робіць? Ён сам хоча, каб яму дапамаглі. Так ці не? Скуль ён можа дапамагчы, калі сам нідзе ня робіць?

Такім чынам, ніякага сур’ёзнага канфлікту ў Аляксандраўцы няма. Поле, засаджанае бульбай, пасьпяхова зарастае бур’яном. Таму што большасьць працаўнікоў зьбегла. Але Аляксей не адчайваецца.

— Мне хочацца дапамагчы гэтым людзям. Мае абяцаньні дадзены Богу. Калі я сыду, завяду сям’ю, і ўсё гэта разваліцца. Калі Бог даў служэньне, ад яго нікуды ня сыдзеш.

Мой родны брат працуе ў Наваполацку. Сям’я, дзеці. Ён мяне таксама не разумее. Кажа: «Ты ненармальны». Зразумее толькі вернік, сапраўдны хрысьціянін.

Апошнія словы Аляксея — абсалютная праўда. Перш чым называць сябе хрысьціянінам, варта ўзгадаць: колькім людзям ты дапамог? Дапамог бескарысьліва. Людзям незнаёмым. Што праўда, сапраўднымі хрысьціянамі ў нашай краіне могуць быць адзінкі.

Вячаслаў Саўка, мужык гадоў 60, сядзіць і сумна глядзіць у нікуды. Сысьці адсюль ён нікуды ня можа. Бо ў яго ампутаваныя ступакі. І Вячаслаў тупа глядзіць у адну кропку. Ні эмоцыяў, ні жаданьняў.

— Сястра дом прадала. Грошы сабе забрала, а мне дробязь дала.

— Родная сястра? Яна вас кінула?

— Атрымліваецца так. Сабе ня ведаю, колькі яна ўзяла за гэты дом. А я на вуліцы начаваў.

— А што ў вас з нагамі?

— Адмарозіў. Мароз быў.

— А як вы даведаліся пра гэты прытулак?

— Яны прыехалі. А я на вакзале сядзеў. Забралі. Тут добра жыць. Работы няма.

— А вам ёсьць тут чым заняцца? Пачытаць. Тэлевізар паглядзець.

— Новы Запавет ёсьць.

— Гэта не чытаньне.

Прапанаваны Аляксеем Новы Запавет выклікае ў Вячаслава ўсьмешку. Гэта першая эмоцыя, якую я ўбачыў у гэтага чалавека. А яшчэ пра многае кажа фраза «Тут добра жыць. Работы няма». Вось у чым галоўнае адрозьненьне Вячаслава ад Пятра. Аднаму трэба халява, другому — праца. Аляксей Шчадроў сапраўды ратуе людзей ад сьмерці. Але Аляксей памыляецца, калі кажа, што, памыўшыся і надзеўшы сьвежае адзеньне, бомж адчуе сябе чалавекам. Мне здаецца, не адчуе. Бомж — гэта ня пах. Гэта лад жыцьця. Пошук вечнай халявы. І ці хопіць у Аляксея сіл і розуму, каб абудзіць у гэтых людзях цікавасьць да жыцьця?

— Мне ніхто ня можа даць прыход займацца жабракамі. Хоць у Новым Двары ёсьць кляштар. Ён з 2007-га году стаіць пусты. Там усе ўмовы. Там туалеты, ванны. Яго ніхто не дае. Бо касьцёл… Калі гэта справа боская — пяць гадоў. Калі мы пяць гадоў пратрымаемся, тады касьцёл нас зарэгіструе як манаскую абшчыну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG