Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтральны аддзел унутраных спраў Гомеля распачаў праверку па факце бойкі між пакупнікамі й ахоўнікамі гіпэрмаркета «Эўраопт» на вуліцы Хатаевіча.

Такую інфармацыю падае прэсавая служба абласной міліцыі.

Бойка зь нецэнзурнай лаянкай адбылася ўранку 10 жніўня — брыдка лаялася і маладая пара пакупнікоў, і ахоўнікі. Відэа з тэлефона наведвальніка патрапіла ў інтэрнэт і набыло шырокі розгалас, бо канфлікт усчаўся нібыта з-за неаплачанай шакалядкі.

Міліцыя спрабуе высьветліць, хто вінаваты ў разьвязваньні бойкі.

У дзяўчыны, якая заступілася за маладога чалавека, аказаўся разьбіты твар — з носа ішла кроў, а пад левым вокам выступіў ладны сіняк. Мужчыну ахоўнікі валялі па падлозе й разьдзелі да пояса.

Улагоджваць канфліт прыяжджалі супрацоўнікі пазаведамаснай аховы й нарад міліцыі.

Былы сьледчы пракуратуры, кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак заявіў у СМІ, што нават калі чалавек зрабіў крадзеж, гэта не дае права ахоўнікам крамаў прымяняць да пакупнікоў фізычную сілу.
Нават калі чалавек учыніў крадзеж, гэта не дае падставы прымяняць у дачыненьні да яго фізычную сілу

«Такія дзеяньні ахоўнікаў крамы сталі ўжо тэндэнцыяй. Мяне й маіх калег больш за ўсё турбуе, што яны не адчуваюць беспакаранасьці. Да гэтага часу не распачата ніводнай крымінальнай справы за перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Нават калі чалавек учыніў крадзеж, гэта не дае падставы прымяняць у дачыненьні да яго фізычную сілу. Гэта могуць рабіць супрацоўнікі міліцыі, КДБ, іншыя апэратыўнікі, але ніяк не ахоўнікі крамаў», — падрэсьліў юрыст.

Праваабаронца лічыць, што падобнае свавольства сходзіць з рук ахоўнікам таму, што ў буйных супэрмаркетах начальнікамі аховы зьяўляюцца былыя высокапастаўленыя асобы МУС.

Бойка ў гомельскім «Эўраопце». Асьцярожна, лаянкавыя словы!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG