Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Онлайн-магістры: амэрыканцы рыхтуюць скачок у адукацыі


Пачынаючы са студзеня, Тэхналягічны інстытут Джорджыі, адзін зь вядучых амэрыканскіх унівэрсытэтаў, адкрывае онлайн-курс інфарматыкі, пасьля заканчэньня якога студэнты атрымаюць ступені магістраў.

Гэты крок можа аказацца пераломнай падзеяй у гісторыі ўнівэрсытэцкай адукацыі з увагі на некалькі аспэктаў.

Па-першае, Тэхналягічны інстытут Джорджыі – першая навучальная ўстанова ў ЗША, якая прапануе поўны ўнівэрсытэцкі онлайн-курс уключна з дыплёмам магістра. Раней ніхто ў ЗША такога не прапанаваў, хоць шмат якія ўнівэрсытэты праводзілі некаторыя курсы для онлайн-студэнтаў. Прыкладам, два гады таму бясплатны онлайн-курс вывучэньня пытаньняў штучнай інтэлігенцыі, арганізаваны Стэнфардзкім унівэрсытэтам, прыцягнуў 170 тысяч студэнтаў з усяго сьвету.

Па-другое, Тэхналягічны інстытут Джорджыі ў Атланце лічыцца элітным унівэрсытэтам, як, прыкладам, Стэнфардзкі ўнівэрсытэт або Масачусэцкі тэхналягічны інстытут. Дыплём гэтай навучальнай установы шмат значыць на рынку працы.

Па-трэцяе, навучаньне на поўным онлайн-курсе інфарматыкі Тэхналягічнага інстытуту Джорджыі будзе каштаваць студэнту ўсяго 6,6 тысячы даляраў на год (пры цяперашнім гадавым кошце 45 тысяч даляраў для стацыянарнага студэнта ў кампусе). Для студэнтаў, які захочуць прайсьці гэты курс інфарматыкі ў Атланце, але не захочуць дыплёму, навучаньне будзе поўнасьцю бясплатнае.

Кіраўніцтва Тэхналягічнага інстытуту Джорджыі мяркуе, што онлайн-курс інфарматыкі прыцягне каля 10 тысяч студэнтаў з усяго сьвету. «Калі ты навучаесься онлайн, у цябе няма візавых праблемаў» – кажа дэкан факультэту інфарматыкі Звай Галіл.

Плянаваныя гадавыя выдаткі інстытуту на онлайн-курс інфарматыкі – 3,1 мільёна даляраў; меркаваны даход – 240 тысяч даляраў.

«Гэта пакуль што нязьведаная тэрыторыя, і ніхто насамрэч ня ведае, ці гэта аплаціцца. Але мы хочам даказаць, што магчыма прапанаваць высакаякасную магістэрскую праграму за малы кошт» – цытуе дэкана Галіла выданьне International Herald Tribune.

Няцяжка здагадацца, што за гэтым паказальным онлайн-курсам у Тэхналягічным інстытуце Джорджыі будуць уважліва сачыць усе іншыя ўнівэрсытэты краіны. Калі выявіцца, што магчыма якасна падрыхтаваць поўных магістраў усяго за невялікую частку цяперашніх коштаў унівэрсытэцкага навучаньня, адукацыйны экспэрымэнт у Джорджыі можа давесьці да сапраўднага землятрусу як у сыстэме стацыянарнага ўнівэрсытэцкага навучаньня, так і ў сыстэме аплаты за яго.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG