Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хуткая дапамога» па-гомельску: ні хуткасьці, ні дапамогі


Гомельскі шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі

Гомельскі шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі

У парку адпачынку ў Гомелі маленькага хлопчыка Кірылу Жосткіна, якому няма яшчэ й трох гадоў, укусіла пад левае вока пчала. Тварык у малога стаў апухаць. Бацькі тут жа аднесьлі хлопчыка ў бліжэйшую мэдустанову — шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі, што месьціцца за 150 мэтраў ад дзіцячых атракцыёнаў. У дапамозе ім адмовілі.

У прыёмным пакоі трохгадоваму Кірылу адмовіліся дапамагчы. Лекары сказалі: малалетніх не абслугоўваем — ідзіце ў дзіцячы шпіталь на вуліцу Жаркоўскага.

Апавядае маці Кірыла спадарыня Натальля:

«Селі мы на карусэль, прывязаліся — і сына ўкусіла пчала. Дзіця заплакала — я падбегла да яго і сама выцягнула джала. Балюча яму — ён плача, за вочка трымаецца. Нават сінячок стаў праступаць. Гэта ж каля вока — дзіця малое, магло джала і вока пашкодзіць. Запаленьне магло пайсьці — што заўгодна магло быць».

Маці кажа, што супрацоўнікі парку параілі не губляць час, а зьвярнуцца ў бліжэйшы шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі:

«Гэта, напэўна, сто мэтраў ад дзіцячых карусэляў. Мы туды пайшлі, але нас ня сталі аглядаць — дапамогі ніякай не аказалі. Сказалі, што маленькіх дзяцей яны не аглядаюць, і адправілі нас на вуліцу Жаркоўскага ў дзіцячы шпіталь. Гэта зусім у іншым баку».
Дзіцячыя атракцыёны ў гомельскім парку побач з шпіталем хуткай дапамогі

Дзіцячыя атракцыёны ў гомельскім парку побач з шпіталем хуткай дапамогі


Натальля з мужам-інвалідам хацела атрымаць ад лекараў хоць якую параду, але марна:

«Стаўленьне жахлівае — ніякай дапамогі не аказалі. Я спытала, якую мазь можна купіць? Усё-ткі ў шпіталі, думаю, можа, лепей параяць, чым у аптэцы. Але нічога мне так і не сказалі. Сказалі: зьвяртайцеся ў дзіцячы шпіталь. Я не хацела лаяцца, і мы сышлі адтуль, бо спрачацца — гэта час. І лепей яго не губляць».

Па дарозе дадому бацькі зайшлі ў аптэку, дзе ўжо фармацэўты параілі набыць адмысловую мазь ад укусаў насякомых. Пухліна на тварыку пачала пакрысе спадаць, і сям’я вярнулася дадому.

Загадчыца прыёмнага аддзяленьня шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі Валянціна Карчэўская, якая арганізоўвае працу дзяжурных брыгад лекараў, так камэнтуе нядзельны інцыдэнт з малым хлопчыкам:

«Яго адправілі туды, дзе належыць аказваць дапамогу дзецям да трох гадоў — у абласны дзіцячы шпіталь на Жаркоўскага. У нас дапамога аказваецца пры траўмах і стане, калі гэта пагражае жыцьцю. Калі пагражае! Калі патрэбныя рэанімацыйныя мерапрыемствы. Калі дапамогу ў гэтую хвіліну не аказаць, то ён памрэ. У такіх выпадках мы займаемся дзецьмі».

Загадчыца сьцьвярджае, што, наколькі яна разабралася, укус пчалы не пагражаў жыцьцю малога Кірыла, таму, маўляў, лекары яго не аглядалі, тэмпэратуру ня мералі. Дый бацькі ня надта настойвалі, у рэгістратуру не зайшлі:

«Усе ведаюць шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі, а станцыю хуткай дапамогі, якая месьціцца праз дарогу ад парку, бацькі ня ведаюць, хоць туды трэба зьвяртацца, каб даставіць пацыента, куды трэба, дзе яму акажуць дапамогу. Усе да нас ідуць — ідуць да нас з лор-паталёгіяй, хоць лор-лекара ў нас ніколі не было. Акуліста патрабуюць ад нас, хоць і яго ў нас ніколі не было. Нэўроляга патрабуюць, якога ў нас таксама няма. Мы па магчымасьці імкнёмся ўсім аказаць дапамогу, але мы не гумовыя, разарвацца ня можам. А людзі, гуляючы ў парку, маюць часам жаданьне паказацца лекару. Яна вось тут гуляла, у яе галава кружыцца — давай зайду, каб мяне паглядзелі. Гэткім чынам таксама нельга зьдзекавацца з нас».
Яна вось тут гуляла, у яе галава кружыцца — давай зайду, каб мяне паглядзелі. Гэткім чынам таксама нельга зьдзекавацца з нас

Бацька малога хлопчыка спадар Андрэй паведаміў, што калі яны вярнуліся дадому, ён спрабаваў датэлефанавацца на «гарачую лінію» Міністэрства аховы здароўя, але безвынікова — слухаўку ніхто не падняў. Тэлефанаваў і ў іншыя месцы:

«Калі вярнуліся дамоў, патэлефанаваў адразу апэратыўнаму дзяжурнаму Гомельскага аблвыканкаму, апісаў сытуацыю. Ён таксама задаў дзіўнае пытаньне: „А чаму вы не зьвярнуліся ў шпіталь на Жаркоўскага?“ Я патлумачыў, што зьвярнуліся ў мэдустанову, якая была побач.

Ужо сёньня паспрабаваў у пракуратуру патэлефанаваць, яны адказалі — зьвяртайцеся ў абласную ўправу аховы здароўя. Я туды зьвярнуўся — напісаў электронны зварот, і цяпер чакаю рэакцыі. Я лічу, што дзеяньні лекараў падпадаюць пад крымінальны артыкул — неаказаньне мэдычнай дапамогі».

На здымку: Гомельскі шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі.
XS
SM
MD
LG