Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фатэрлянд, які стаў савецкім анклявам

абноўлена

Ленін у Кранцы-Зеленаградзку
Ленін у Кранцы-Зеленаградзку

65 гадоў таму завяршылася адно з самых масавых перасяленьняў у ХХ стагодзьдзі — з паўночнай часткі Ўсходняй Прусіі, далучанай да СССР па выніках пасьляваеннага геападзелу, у Нямеччыну дэпартавалі сотні тысяч мясцовых жыхароў.

У наваствораную Калінінградзкую вобласьць пачалі зьяжджацца добраахвотнікі зь «вялікай зямлі», і за кароткі тэрмін былы Кёнігсбэрг і ваколіцы занялі савецкія перасяленцы, сярод якіх значную долю складалі беларусы. Ува што за прамінулы час ператварылася колішняя сталіца прускіх каралёў ды жытніца «фатэрлянду».

Статус «трафэйнай» часткі Ўсходняй Прусіі пэўны час заставаўся пад пытаньнем — у Маскве ня ведалі, як распарадзіцца тэрыторыяй на выселках. Сярод некалькіх варыянтаў абмяркоўвалася і магчымасьць далучыць яе да Беларусі — як своеасаблівую кампэнсацыю за страчаны Беластоцкі край. Але менскія партыйцы ад «даважку» адмовіліся — маўляў, узьняць бы з руінаў хоць Беларусь. Ідэю перадаць «савецкую Прусію» Літве хутка адкінулі — некаторыя «прусакі» хаваліся там ад перасьледу. У выніку вобласьць абвясьцілі часткай РСФСР, зь якой яна нават ня мела агульнай мяжы.

Яўген Ліс, родам са Смаргоншчыны, прыехаў у колішні Кёнігсбэрг акурат паўстагодзьдзя таму — у 1963-м, пасьля дэмабілізацыі з войска. Тут ужо абжываліся ягоная маці і родная сястра з мужам:

Яўген Ліс
Яўген Ліс
«Ужо ад канца 1940-х былі заклікі ехаць сюды, асвойваць новыя землі. Шмат тады рынулася людзей з Украіны, Беларусі, таксама Літва, Латвія, каўкаскія рэспублікі. Але больш за ўсё, па-мойму, было беларусаў і ўкраінцаў. Муж маёй сястры пасьля заканчэньня службы ў арміі таксама вырашыў застацца тут. Прыехаў у Беларусь у адпачынак, пазнаёміўся зь сястрой, забраў яе і перавёз у Калінінград. Потым да іх паехала маці. А калі я праз 10 гадоў прыехаў, то спачатку ўладкаваўся майстрам па рамонту аўтамабіляў у таксаматорны парк, потым стаў начальнікам майстэрняў. На розных пасадах адпрацаваў там 9 гадоў. Пасьля быў прызначаны дырэктарам аўтакалёны 1359, якая забясьпечвала горад і вобласьць прамысловымі і харчовымі таварамі. Дырэктарам я адпрацаваў 25 гадоў, да самай пэнсіі».

Паводле суразмоўцы, і праз паўтара дзясятка гадоў пасьля сыходу немцаў горад нават зьнешне мала нагадваў савецкае паселішча. І хоць узводзіліся прамысловыя прадпрыемствы, жылыя кварталы заставаліся нямецкімі — новыя дамы пачалі будаваць толькі на пачатку 1960-х. Але пасьля гэтага сытуацыя зьмянілася — дзеля новых аб’ектаў бяз жалю руйнаваліся сьведчаньні «нярускасьці». Пры гэтым некаторыя ператварыліся ў безнадзейныя даўгабуды: так, Дом саветаў, які зьявіўся на падмурках каралеўскага палаца, дагэтуль стаіць незаняты. Рэдкі прыклад адваротнага стаўленьня — аднаўленьне разбомбленага падчас вайны Катэдральнага сабору XIV стагодзьдзя з магілай пачынальніка нямецкай клясычнай філязофіі Імануіла Канта:
Беларус Яўген Ліс расказвае, як ён асталяваўся ў Калінінградзе
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:20 0:00

«Калі маладым прыяжджаў у Калінінград у госьці, яшчэ стаяў каралеўскі замак на беразе Прэголі. Ён ужо быў парадкам разбураны, але руіны стаялі, іх канчаткова прыбралі гадоў праз 10. Увогуле ў 1950-х заставалася шмат разбураных дамоў, але вольнае жыльлё яшчэ было. А вось калі я прыбыў у Калінінград у 1963-м, то праблемы ўжо былі і з жыльлём, і з асобнай працай. Шмат дзе стаялі дыхтоўныя, моцныя дамы, але ўсе ўжо былі заселеныя. Вольныя месцы — толькі ў сельскай мясцовасьці, там можна было атрымаць і дом, і зямлю, і працу. А я, напрыклад, жыў у сястры ў двухпакаёвай кватэры, дзе было прапісана 8 чалавек. Потым зрабіў сам унізе прыбудову, аформіў яе ў домакіраўніцтве, а праз пару гадоў атрымаў трохпакаёўку, адной праблемай стала меней. Трэба сказаць, што толькі ад 1961 году, калі ўжо кіраваў Хрушчоў, тут пачалося нейкае будаўніцтва. Узводзіліся „хрушчоўкі“, зьявілася жыльлё. А да гэтага нічога не будавалі, нічога не прадпрымалася».



Як кажа Яўген Ліс, першыя савецкія перасяленцы ўвогуле прыехалі на ўсё гатовае — немцам дазвалялася ўзяць па пары дзясяткаў кіляграмаў асабістых рэчаў. Адпаведна, і шанаваць чужое дабро не зьбіраліся:

«З размоў чуў, што кожнаму дазволілі ўзяць па 28 кіляграмаў асабістых рэчаў на рукі, пагрузілі ў эшалёны і ўсіх вывезьлі. Таму першыя перасяленцы, якія сюды паехалі, проста прыходзілі ў пустыя дамы, дзе былі і койкі зь пярынамі і падушкамі, і посуд, і інструмэнт. Нічога лішняга ўзяць немцы не маглі. Але першы час усе лічылі, што Калінінград — ня наш, не савецкі, а ўсё ж нямецкі. Прыкладам, было цяжка з палівам, дык выяжджалі на ўчасткі, дзе стаялі дамы бюргераў, чаплялі трос за дах, выцягвалі перакрыцьці, і ўсё ішло на дровы. Акрамя таго, многія дамы разьбіралі на цэглу і дастаўлялі ў Маскву, Ленінград як будаўнічы матэрыял. Вядома, гэта тычылася перадусім дамоў, якія былі бяз даху, напаўразбураныя. А дамы ў нармальным стане адразу засялілі, яны дагэтуль стаяць і ў нядрэнным стане. Паколькі немцы будавалі на дзясяткі дзесяцігодзьдзяў, дагэтуль стаяць цэлыя вуліцы, якія былі не разбомбленыя і вымушана пакінутыя немцамі».

Гаспадарамі нямецкіх дамоў сталі савецкія людзі
Гаспадарамі нямецкіх дамоў сталі савецкія людзі


Дух былых гаспадароў можна адчуць і цяпер. Перадусім гэта тычыцца старых хутароў, якія пры новай уладзе хоць паступова і прыйшлі ў заняпад, але ўсё ж захоўваюць прыкметы цывілізаванасьці. Расказвае Яўген Ліс:

«Калі за межы Калінінграду выехаць, то нават цяпер можна ўбачыць, як быў абсталяваны іхні побыт. Да ўсіх асобных участкаў, на якіх жылі нямецкія бюргеры, пракладзеныя брукаваныя дарогі, выдатны двух- ці трохпавярховы дом, ля кожнага дома азярцо, дыхтоўныя падсобныя памяшканьні, хлявы для жывёлы. Кожны гаспадар трымаў і жывёлу, і збожжа вырошчваў; куры, гусі — усё было. У кароўніках нават былі садкі — аўтаматычная падача вады для жывёлы. Паводле гістарычных дадзеных, Усходняя Прусія пастаўляла мяса і малако ў колькасьці, дастатковай для ўсёй Нямеччыны. Цяпер ёсьць хіба што асобныя месцы, дзе жнуць і сеюць, але дзесьці пад 60% тэрыторыі вобласьці закінута, зарастае бур’яном, сельская гаспадарка выведзена са строю. Адным словам, харчуемся толькі імпартаванымі прадуктамі. Пры тым, што за савецкім часам ніводнага гектара неапрацаванага, недагледжанага не было».

Дом саветаў на падмурку каралеўскага палацу
Дом саветаў на падмурку каралеўскага палацу


Уся даваенная Прусія трымалася на хутарской гаспадарцы. Вакол гарадоў было мноства падворкаў, якія спэцыялізаваліся на разьвядзеньні жывёлы або вырошчваньні тых ці іншых культураў. Такім чынам бюргеры кармілі гараджанаў і мелі магчымасьць разьвіваць уласны бізнэс. Але, як кажа Яўген Ліс, пасьля ўсталяваньня савецкай улады пачалі ўзьнікаць калгасы ды саўгасы, якія цалкам вынішчылі хутарскую псыхалёгію:

«Наколькі я памятаю, тых, хто прыяжджаў, засялялі альбо ў пустыя дамы, якіх заставалася ўсё меней, альбо адпраўлялі ў калгасы і саўгасы. Таму што праца была побач, да таго часу ўжо збудавалі вялікія фэрмы. А на хутары што рабіць, калі ты ўцягнуты ў калектыўную дзейнасьць? Тым больш, быў загад Хрушчова прыбраць усе хутары і на іх месцы стварыць калгасна-саўгасныя пасёлкі і прадпрыемствы, каб „скучыць“ народ да гарадзкога стану».

Дзякуючы ідэалягічным высілкам Калінінградзкая вобласьць ператварылася ў адну з самых савецкіх па сваім характары. Былыя рамантычныя назвы зьмяніліся скрозь ваенізаванымі, а колішнія курорты ператвораныя ў ваенныя базы.



Балтыйск — самы заходні горад Расеі, да 1946 году меў назву Пілаў. Калісьці тут месьцілася ўправа здабычы бурштыну, а да ІІ усясьветнай вайны ў яго ваколіцах разьмяшчаўся вядомы курорт Нойхойзэр. Пасьля гэтага на дзясяткі гадоў горад закрылі для наведнікаў.

Сьветлагорск — да 1946 году Раўшэн. Курортам нацыянальнай значнасьці яго абвясьціў у першай палове XIX стагодзьдзя кароль Фрыдрых-Вільгельм V. Цяпер горад — не Паланга і ня Юрмала, але прынамсі рухаецца ў тым кірунку. Праўда, інфраструктуры амаль няма.

Даваенны Зеленаградзк насіў імя Кранц (зь нямецкай — вянок). Бадай, адзін з рэдкіх гарадкоў, дзе рука савецкіх дойлідаў папрацавала ня так моцна. Але адносіны да чужой спадчыны ўсё тыя ж: старая кірха, у якой за саветамі месьціліся адміністрацыйныя ўстановы, здаецца пад офісы камэрсантам.

Цяпер нават ня ўсе калінінградцы ведаюць, што савецкія военачальнікі, увекавечаныя ў назвах прускіх гарадоў, выкрасьлілі іншую гістарычную памяць: Чарняхоўск — гэта колішні Імнстэрбург, Гусеў — Гумбінен, Несьцераў — Шталупінен, Гур’еўск — Нойхаўзэн, Мамонава — Хайлігенбайль, Ладушкін — Людвігсорт. Гэта ж тычыцца і дзясяткаў іншых асавечаных паселішчаў, якім давялося стаць сьведкамі аднаго з самых маштабных экспэрымэнтаў ХХ стагодзьдзя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG