Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мугабэ прапанаваў апанэнтам скончыць самагубствам


Выбары ў Зімбабвэ

Выбары ў Зімбабвэ

Зноў пераабраны прэзыдэнт Зімбабвэ Робэрт Мугабэ ў сваёй першай прамове пасьля выбараў атакаваў апазыцыю.

«Тыя, хто прайгралі выбары, могуць скончыць жыцьцё самагубствам, калі хочуць. Нават калі яны памруць, сабакі ня стануць ёсьці іх мяса», – заявіў 89-гадовы прэзыдэнт, прамаўляючы з нагоды Дня нацыянальных герояў, які адзначаецца ў краіне 11 жніўня.

Лідэр апазыцыйнага «Руху за дэмакратычныя перамены» і прэм'ер краіны Морган Цвангіраі байкатуе сьвяткаваньне Дня нацыянальных герояў.

Мугабэ абвергнуў заявы Цвангіраі аб тым, што прэзыдэнт скраў выбары.

Паводле прэзыдэнта, пагадненьня з апазыцыяй, як пасьля выбараў 2008 году, ня будзе.

Цвангіраі падаў судовы пазоў, ён аспрэчвае вынікі выбараў.

Канстытуцыйны суд разгледзіць пазоў прэм'ера на працягу двух тыдняў. Але, як перадае карэспандэнт Бі-бі-сі, паколькі многія судзьдзі падтрымліваюць Мугабэ, малаімаверна, што пазоў падтрымаюць.

Раней Морган Цвангіраі, які з 2009 году займаў пасаду прэм'ер-міністра ў рамках пагадненьня аб нацыянальным прымірэньні, назваў вынікі выбараў ашуканскімі і абвясьціў пра адмову ад усякага супрацоўніцтва з Мугабэ і яго прыхільнікамі.

Паводле афіцыйных зьвестак, на выбарах, якія прайшлі 31 ліпеня, упэўнена перамог Мугабэ, які набраў 61% галасоў, і яго партыя, якая забясьпечыла сабе дзьве траціны месцаў у парлямэнце.

Морган Цвангіраі атрымаў 35% галасоў.

Выбаркам Зімбабвэ прызнаў, што каля 305 тысячам выбарнікаў не дазволілі прагаласаваць, а 207 тысячам пры галасаваньні «аказалі дапамогу».

Робэрт Мугабэ займае пасаду прэзыдэнта Зімбабвэ з 31 сьнежня 1987 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG