Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне некаторыя сельгаспрадпрыемствы цалкам пазбаўляюцца ад сьвінога пагалоўя.

Кіраўнікі гаспадарак заяўляюць, што мусяць гэтак рабіць, каб сьвіньні не падхапілі вірус афрыканскай чумы. Таксама наракаюць на дэфіцыт інфармацыі пра эпідэмію, якая ахапіла многія рэгіёны краіны.

Адна з такіх гаспадарак — сельгаспрадпрыемства «Калгас «Радзіма» Бялыніцкага раёну. Пра тое, што мясцовы сьвінарнік застаўся без жывёлы, паведамілі жыхары вёскі Вішоў. Бальшыня вяскоўцаў сваіх сьвіней ужо пабілі.

«Людзі стараліся самі біць, каб не прапала. Білі і семдзесят пяць кіляграмаў, і шэсьцьдзесят — усякіх білі. Такога ж марадэрства, напэўна, не было нідзе, каб прыходзілі нахабна і забіралі ў людзей. Наш калгас тры тысячы галоў распрадаў людзям. Па дзьве тысячы рублёў за кіляграм жывой вагі. Гэта ж якія страты калгасу! Я працую ў калгасе, і мне гэтага ўсяго шкада. Гэта ж наш заробак. Пройдзе эпідэмія, і потым мы набудзем зноў сьвіней», — кажа жыхарка Вішова.

У адміністрацыі гаспадаркі не хаваюць, што сьвінарнік у іх ужо пусты.

«Вядома ж, ёсьць страты. Але ж лепей іх цяпер панесьці, чым потым на ўсю гаспадарку ляжа пляміна нейкай хваробы зусім невядомага паходжаньня. Мы ж ня маем дакладнай інфармацыі, што гэта такое, па сёньняшні дзень. Балюча было, прыкра, але мы зрабілі слушна. Мы страцім больш, калі дачакаемся бяды», — кажа супрацоўнік адміністрацыі гаспадаркі.

Высьветліць памер стратаў ад закрыцьця сьвінарніка не ўдалося. Паводле суразмоўніка, усім працаўнікам, якія абслугоўвалі комплекс, у гаспадарцы знайшлі занятак. Заяўляецца, што аднавіць працу сьвінарніка будзе няцяжка:

«Каб разьвесьці сьвіней у той жа колькасьці, тры тысячы галоў, няшмат часу спатрэбіцца. Аціхне ўся гэта гаварыльня — дзе праўда, а дзе няпраўда. Будуць зьнятыя абмежаваньні, і будзем далей працаваць. Людзі ў нас супакоіліся. Некаторыя яшчэ чакаюць, пакуль падрасьце жывёла, каб у двары забіць», — зазначае супрацоўнік адміністрацыі сельгаспрадпрыемства.

Афіцыйных зьвестак пра гаспадаркі, у якіх пазбаўляюцца невялікіх сьвінарнікаў, і пра страты ад такіх захадаў — няма. Эканаміст Пётар Мігурскі такімі лічбамі таксама не валодае. Тым ня менш страты ў айчыннай сьвінагадоўлі ён ацэньвае ў сотні мільёнаў даляраў.

Паводле эканаміста, страты фармуюцца ня толькі з таго, што нішчыцца пагалоўе, якое не дагадавалі да патрэбнай кандыцыі ў 100–120 кіляграмаў, але і з прастою саміх сьвінарнікаў, якія цяжка прыстасаваць пад іншыя гаспадарчыя патрэбы. Што да аднаўленьня пагалоўя, то спадар Мігурскі глядзіць на праблему ня гэтак аптымістычна, як супрацоўнік СПК «Калгас «Радзіма»:

«Гэта ўсё дужа дорага. Калі дзяржава дасьць грошы на аднаўленьне, то гэта іншая сытуацыя. А другое — афрыканская чума сьвіней недастаткова вывучаная. Навукоўцы разводзяць рукамі і раяць лепш ужываць прафіляктычныя захады. У тым ліку — і зьнішчэньне пагалоўя ня толькі ў прыватных гаспадарках, але і на дробнатаварных фэрмах».

На Магілёўшчыне фактаў захворваньня сьвіней афрыканскай чумой ня выяўлена. Бліжэйшы ачаг хваробы — на Віцебшчыне. Зь ёй мяжуюць Круглянскі, Шклоўскі, Горацкі ды Мсьціслаўскі раёны. Пётар Мігурскі кажа, што там дробныя сьвінарнікі павінны былі зачыніць першымі.

Што да здачы сьвініны на мясакамбінаты, якім старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік загадаў быць гатовымі да прыёму вялікай яе колькасьці, то насельніцтва асаблівай актыўнасьці не праяўляе. На магілёўскім мясакамбінаце паведамілі, што людзі толькі цікавяцца закупнымі цэнамі. Найбольшая цана тут на сьвініну першай катэгорыі — 16 124 рублі. На мясакамбінаце кажуць, што актыўней пачалі здаваць сьвіней сельгаспрадпрыемствы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG