Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ружовы трохкутнік для расейскіх сэксуальных меншасьцяў


Расейска-амэрыканская журналістка Маша Гесэн у артыкуле ў брытанскай Observer параўноўвае становішча прадстаўнікоў расейскай ЛГБТ-супольнасьці са становішчам геяў у нацысцкай Нямеччыне, дзе іх кідалі ў канцлягеры і дзе яны павінны былі насіць ружовы трохкутнік (як габрэі — жоўтую зорку Давіда).

Гесэн піша, што павінна ці бегчы з Расеі ці страціць сваіх дзяцей. New York Times аналізуе ўнутраную і міжнародную сытуацыю, якая склалася вакол Расеі пасьля прыняцьця закону аб прапагандзе гомасэксуалізму.

Паводле NYT закон намінальна накіраваны на «абарону» дзяцей шляхам забароны «прапаганды нетрадыцыйных сэксуальных адносін», але многімі разглядаецца, як спосаб здушыць расейскі рух за правы геяў.

Гэты закон выклікаў байкот расейскай гарэлкі ў гей-барах па ўсім Захадзе і заклікі да байкоту зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы ў 2014 годзе.

«Тое, што адбываецца цяпер у Расеі, супярэчыць месцу, якое яна займае ў сьвеце», мяркуе Антон Красоўскі, тэлевядучы, якога звольнілі з працы з кантраляванага уладамі тэлеканалу KontrTV пасьля таго, як ён абвясьціў у жывым эфіры, што ён гей.

Нямногія геі ў Расеі адкрыта прызнаюць сваю сэксуальную арыентацыю, а тыя, хто яе адкрыта прызнае, часта зазнаюць перасьлед. Пераважная частка расейцаў падтрымліваюць забарону гей-прапаганды. Апытаньне, праведзенае ў красавіку Левада-цэнтрам, выявіла, што 35 % расейцаў лічаць, што гомасэксуалізм — гэта хвароба, і 43 % упэўненыя, што гэта была дрэнная звычка, вынік дрэннага выхаваньня або сымптом злоўжываньня.

У мінулым месяцы патрыярх Кірыл, кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы назваў аднаполыя шлюбы «вельмі небясьпечнай прыкметай апакаліпсісу».

Тэлевядучы Джэй Лено падчас інтэрвію з прэзыдэнтам Абамам на мінулым тыдні параўнаў сытуацыю напярэдадні сочынскай алімпіяды з сытуацыяй падчас алімпійскіх гульняў у нацысцкай Нямеччыне: «Раптам, гомасэксуалізм стаў парушэньнем закону. Гэта падобна на Нямеччыну: робяцца аблавы на габрэяў, на геяў, на чорнаскурых».

Прэзыдэнт Абама і падчас інтэрвію з Джэям Лено і падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Белым доме асудзіў расейскі антыгейскі закон і заявіў, што чакае, што сп-р Пуцін і ўрад Расеі папярэдзяць любую дыскрымінацыю падчас алімпіяды.

Расейскія чыноўнікі запэўніваюць, што геям — спартоўцам і заўзятарам — падчас Алімпіяды ў Сочы не будзе нічога пагражаць. Афіцыйныя прадстаўнікі падкрэсьліваюць, што яшчэ ў 1993 годзе Расея адмяніла савецкі закон, які разглядаў аднаполы сэкс як злачынства.

«Гаворка ідзе не пра ўвядзеньне санкцый супраць гомасэксуалізму», сказаў Пуцін, абараняючы закон на прэсавай канфэрэнцыі ў чэрвені. «Гаворка ідзе аб абароне дзяцей. У законе няма ні ў якім разе парушэньня правоў сэксуальных меншасьцяў. Яны зьяўляюцца паўнапраўнымі членамі нашага грамадзтва.»

Аднак праваабаронцы кажуць пра расплывістасьць фармулёвак законы, якія дазваляюць па сутнасьць перасьледаваць любога абаронца правоў геяў.

Крытыкі кажуць, што рэпрэсіўнае расейскае заканадаўства адносна геяў зьяўляецца часткай наступу на грамадзянскую супольнасьць і спробаў абмежаваць замежны ўплыў.

Няўдзел у міжнародных спаборніцтвах на тэрыторыі Расеі можа быць выкарыстаны, як сродак узьдзеяньня на расейскія ўлады. Акрамя Сочы, Расея ў 2018 годзе зьбіраецца прыняць у сябе чэмпіянат сьвету па футболе і спаборнічае за правядзеньне Сусьветнай выставы ў 2020 годзе. На пытаньне, ці можа праблема правоў геяў можа падарваць шанцы Расеі, прадстаўнік расейскага ўраду Дварковіч адзначыў, што Расея канкуруе ў спаборніцтве з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, дзе гомасэксуалізм наагул разглядаецца як крымінальнае злачынства.

Маша Гесэн, былая кіраўніца расейскай службы Радыё Свабода у Observer піша, што прыняты закон настолькі расплывісты, што будзе спрыяць разьвіцьцю карупцыі і вымагальніцтва і зробіць непазьбежным адвольнае ўжываньне. Аднак самае галоўнае — ён замацоўвае за прадстаўнікамі ЛГБТ-супольнасьці статус людзей другога гатунку.

Яшчэ ў сакавіку ініцыятар адпаведнага закону ў Санкт-Пецярбургу пачаў гаварыць аб «ненармальных сем’ях», такія як сям’я сп-ні Гесэн. Яна зьвярнулася да адваката з пытаньнем, ці ёсьць у яе падставы перасьцерагацца, што супрацоўнікі сацыяльных службаў адбяруць у яе сына, якога яна ўсынавіла. «Адказ на ваша пытаньне — ў аэрапорце» — адказаў юрыст.

У чэрвені Дума прыняла закон аб «прапагандзе гомасэксуалізму». Таксама расейскі парлямэнт зацьвердзіў забарону на ўсынаўленьне дзяцей аднаполымі парамі і адзінокімі людзьмі, якія жывуць у краінах, дзе аднаполыя шлюбы дазволеныя законным. Кіраўнік думскага камітэту па пытаньнях сям’і паабяцаў стварыць мэханізм для выдаленьня дзяцей з аднаполых сем’яў.

Маша Гесэн прыгадвае, што была зьбітая перад будынкам Думы падчас дэманстрацыі за правы геяў, і тая самая Дума зрабіла яе чалавекам з ружовым трохкутнікам. Яна піша, што вымушана зьехаць з Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG