Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яна была ва ўзросьце Лаліты, а яму было далёка да ўзросту Гумбэрта — хаця першая акалічнасьць ужо сама па сабе здольная згумбіць любога мужыка. А гісторыя іхная называлася «Крэўская унія». Ад 14 жніўня 1385 году, калі і быў падпісаны адпаведны дакумэнт, польская каралева Ядзьвіга і вялікі князь літоўскі Ягайла маглі нарэшце ажаніцца, і няважна, карцела ім гэта зрабіць ці ня надта каб: дзяржаўныя інтарэсы вышэйшыя за ўсё. Калі гэтая падзея і ня вартая раману, дык разьдзелу ў падручніку гісторыі яна заслужыла, і не ў адным, а адразу ў чатырох: беларускім, польскім, літоўскім ды ўкраінскім. У тоўстым і блытаным падручніку нашай агульнай гісторыі.

Як водзіцца ў дыпляматаў і супрацоўнікаў ЗАГСаў, унія падпісвалася «на ўсе часы». Таму маладыя не сьпяшаліся. 15 лютага 1386 Ягайла ахрысьціўся паводле каталіцкага абраду і стаўся Ўладзіславам (хаця на ўсіх выявах ён так і застаўся ягайла ягайлам). 18 лютага князь узяў зь Ядзьвігаю шлюб, а 4 сакавіка надзеў на галаву карону сваёй «Саюзнай дзяржавы». Справа гісторыкаў — падлічваць плюсы і мінусы той дынастычнай угоды і ацэньваць яе наступствы і вынікі, якія не прымусілі сябе чакаць. Ягайла зрабіўся польскім каралём, Вялікае Княства пачало схіляцца да каталіцтва, на нейкі час спыніліся ўзаемныя сваркі і канфлікты, абараняцца ад тэўтонскіх турыстаў стала лягчэй, а наагул ВКЛ сталася часткаю Польшчы — але выглядала ўсё гэта хутчэй як фэдэрацыя. І ўсё адно праваслаўныя, вядома, былі незадаволеныя — Ягайла атрымаў такую апазыцыю, якая і ня сьнілася сучасным беларускім князькам. Міру, згоды і залатых унітазаў унія не прынесла нікому. Карацей, вуаля, вельмі вумная вунія, і не шманае, і ў вус ня дзьме, вунь Гісторыя, зь яе вусьцішшу і зь яе вудамі, яна вязе вечнасьць, і мы яе вязьні, і стаім па візы.

Што да народаў, дык у тым Крэўскім замку іх хоцькі-няхоцькі злучылі паміж сабой на стагодзьдзі — і калі ўжо гаварыць пра нейкае братэрства, дык пра тое, якое ў нас ёсьць з палякамі, літоўцамі і ўкраінцамі. Пра дачнікаў з Усходу лепш памаўчаць. Бо 14 жніўня 1385 у Крэве быў зроблены цывілізацыйны выбар: Ягайла мог пабрацца і з дачкой нейкага ўсходняга сатрапа: былі і такія прэдлажэнія. Але абраў Ядзьвігу, абраў Захад, абраў Эўропу. Туды нам і дарога. А калі не туды, дык хаця б у Крэва — выпіць самагонкі і паздымаць руіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG