Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбыўся футбольны турнір памяці Генадзя Карпенкі

абноўлена

У Менску 11 жніўня праходзіць 17-ы турнір «Кубак Свабоды» памяці беларускага палітыка Генадзя Карпенкі, піша БелаПАН.

Сёлета ў турніры бяруць удзел сем камандаў: Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), руху «За Свабоду», аргкамітэту «Беларускага руху», Беларускага Хэльсынскага камітэту (БХК), кансорцыюму «ЭўраБеларусь», Партыі БНФ.

Згодна з рэглямэнтам турніру, каманды будуць падзеленыя на дзьве падгрупы. Каманды, якія занялі другія месцы ў падгрупах, згуляюць матч за трэцяе месца, якія занялі першыя месцы – вызначаць пераможцу турніру. Кожны матч будзе доўжыцца па 25 хвілін.

Апошнія два гады пераможцамі турніру станавілася каманда аргкамітэту «Беларускага руху». Таксама ўладальнікамі галоўнага трафэя турніру чатыры разы была зборная журналістаў. Тройчы турнір выйгравалі каманда АГП і зборная Партыі БНФ, двойчы – Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», па адным разе – зборныя фонду імя Карпенкі і Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі – БНФ.

Пра вынікі сёлетняга турніру піша ў сваім Фэйсбуку Анатоль Лябедзька: «БАЖ – чэмпiен! БХК – другiя! Белрух замкнуў тройку. АГП (прабачце, заўзятары) на гэты раз – чацьвёртыя».

Турнір «Кубак Свабоды» праводзіцца з 1997 году. Да гэтага падобныя спаборніцтвы былі прымеркаваныя да прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь, і ў іх актыўна ўдзельнічаў сам Генадзь Карпенка. Пасьля сьмерці палітыка турнір назвалі яго імем.

Генадзь Карпенка памёр 6 красавіка 1999 году ва ўзросьце 49 гадоў, праз тыдзень пасьля таго, як перанёс інсульт. Раптоўная сьмерць апазыцыйнага палітыка выклікала шмат пытаньняў, якія да гэтага часу застаюцца без адказу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG