Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 жніўня люднага паломніцтва на магілу Ларысы Геніюш не было. Штогод з нагоды гадавіны з дня яе народзін у Зэльву прыяжджала мноства людзей, сталічныя літаратары, апазыцыйныя палітыкі. Сёлета прыехала толькі невялікая група гарадзенцаў, на месцы іх чакаў жыхар Зэльвы Яўген Скрабутан.

Разам прайшлі міма дома паэткі, узьняліся па прыступках да царквы, якую яна некалі наведвала. У куту цьвінтара бюст Ларысы Геніюш, усталяваны некалі з дазволу мітрапаліта Філарэта. Усклалі кветкі, пісьменьнік Віктар Сазонаў прачытаў напамяць адзін верш паэткі. Побач ляжыць вялікі крыж Эўфрасіньні Полацкай. Ён зьявіўся пару гадоў таму, але з зямлі яго не ўздымаюць, каб паставіць.

Крыж Эўфрасіньні Полацкай ля царквы

Крыж Эўфрасіньні Полацкай ля царквы



Затым былі могілкі: Ларыса Геніюш пахаваная побач з мужам Янкам.
Нехта раней паклаў на надмагільле каласкі, прыціснуўшы камнем.
Запалілі зьнічы, успомнілі сужэнцаў, якія былі вялікімі беларускімі патрыётамі. Успомнілі аб тым, як МГБ пасьля вайны арыштавала іх у Празе і дэпартавала ў СССР, у ГУЛАГ.

Чаму не атрымліваецца больш сьвята паэткі ў Зэльве?

Раней некалькі грамадзкіх арганізацый змагаліся за права наладзіць урачыстае мерапрыемства, успамінае Яўген Скрабутан. Але гэта ў мінулым. З боку ўладаў тым больш імпэту няма, каб належна ўшанаваць імя самай вядомай жыхаркі Зэльвы. У раённай бібліятэцы існуе прысьвечаны яе творчасьці куток. Аднак вуліцу Савецкую, на якой царква і дом, дзе жыла Геніюш, пераназваць не дазволілі. Жыхары падпісаліся, каб вуліца набыла імя паэткі. Але вэтэранская арганізацыя выступіла супраць, улады паслухмяна выканалі прыхамаць пэнсіянэраў. Хаця сваю згоду дала тапанімічная камісія пры Cаўміне і гарадзенскае абласное начальства, кажа Скрабутан.



Яўген кажа, што яго дзед, бабулі, бацькі казалі, што былі знаёмыя з Ларысай Геніюш. Жыхары Савецкай, якія паставілі свае подпісы за перайменаваньне вуліцы, успаміналі, што яна была гасьціннай, частавала дзяцей цукеркамі, з усімі віталася і ўсім гатовая была дапамагчы. Як жыхар Зэльвы, ён таксама ўвабраў у сябе частку тых ідэалаў, якімі яна жыла, прызнаецца Яўген.

Пытаньне з шыльдай, якая была тры гады таму ўсталяваная грамадзкасьцю на доме, дзе жыла Ларыса Геніюш, застаецца сёньня нявырашаным. Яна трапіла ў пастарунак. Яўген Скрабутан напісаў тады запыт у Зэльвенскі райвыканкам, яму адказалі: шыльда вісіць, наконт гэтага было прынятае рашэньне. Але калі ён пайшоў спраўдзіць, аказалася, што яе насамрэч няма. Міліцыянты забралі і праводзілі праверку: «як і чаму яна зьявілася». Праз некаторы час у міліцыі адказалі: мы аддамо таму, хто яе вешаў, гаворыць Скрабутан.

Зьніч ля магілы Геніюш запальвае Уладзімір Хільмановіч з Горадні

Зьніч ля магілы Геніюш запальвае Уладзімір Хільмановіч з Горадні

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG