Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Ганна Шапуцька: «Пасьля талакі ў Курапатах пачуваньне — як у храме пабываўшы»


Ганна Шапуцька паводле адукацыі фізык. Працавала інжынэрам на заводзе «Інтэграл», потым разам з мужам зладзіла невялікі прыватны бізнэс. Плошча-2006 абудзіла ў ёй грамадзкую актыўнасьць. Цяпер яна — каардынатарка ініцыятывы «Абаронім Курапаты».

«Гэта быў 2006 год. Пасьля Плошчы пачаліся суды, і мы пазнаёміліся зь Вячаславам Сіўчыкам, які на кожны суд прыходзіў і перажываў за людзей. Ён запрасіў аднойчы ў Курапаты. Такім чынам я даведалася, што існуе такі ў нас помнік, што існуе гэтае жалобнае месца. Для мяне гэта было шокам. Пасьля гэтага кожны месяц 29 чысла я прыходжу ў Курапаты, каб ушанаваць памяць нявінна забітых ахвяраў таталітарных рэпрэсій у Беларусі.

Калі я першы раз прыйшла ў Курапаты, мяне вельмі ўразіла гэтая крыжовая алея. Вось калі ты прыходзіш на могілкі, дзе пахаваныя родныя людзі, не адчуваеш жаху, а толькі боль. Тут тое самае. Прыходзіш, і гэтыя людзі, якія тут пахаваныя, быццам бы размаўляюць з табой. Адчуваеш іх прысутнасьць і адчуваеш, што ты павінен зрабіць так, каб наша грамадзтва даведалася прозьвішчы гэтых людзей, якія тут расстраляныя. І гэтая справа не пакідае мяне абыякавай, і хочацца зрабіць усё дзеля таго, каб праўда пра Курапаты стала вядомая ў сёньняшняй Беларусі.

У той час, калі праз Курапаты пачала будавацца кальцавая дарога, паўстала ініцыятыва «Ўратуем Курапаты». Пасьля таго як пытаньне нейкім чынам было зьнятае, ініцыятыва прыпыніла сваю дзейнасьць, але ж калі каля Курапатаў пабудавалі гэты жахлівы забаўляльны комплекс пад назвай «Бульбаш-хол», то было вырашана аднавіць працу гэтай ініцыятывы. Так атрымалася, што прапанавалі мне стаць каардынатарам, і я згадзілася.

Любы чалавек, які цяпер прыяжджае ў Курапаты і які бачыць гэты забаўляльны комплекс, не разумее, як магло так стацца, што тут побач з магіламі нашых продкаў, побач з такім жахлівым месцам, дзе расстрэльвалі людзей, бізнэсоўцы разам з нашымі чыноўнікамі пабудавалі комплекс, дзе людзі будуць забаўляцца, дзе будуць гуляць дзеці, бо там дзіцячыя арэлі, дзе будуць хадзіць у саўну, дзе будуць адпачываць у асобных доміках. Гэта проста маральнае злачынства. Вось як разбураюць крыжы, так і тут — гэта зьдзек з магіл. І гэта таксама крымінальнае злачынства.

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»
Тыя людзі, якія прыходзяць у Курапаты на талаку, яны таксама ўдзельнічаюць у змаганьні супраць забаўляльнага комплексу. Дзяржава бачыць, што Курапаты — не закінутая тэрыторыя, што Курапаты патрэбныя беларусам, і вымушаная рэагаваць, вымушаная нейкім чынам рабіць крокі насустрач нам.

Суседзі, канечне, вельмі зьдзіўлена глядзяць на нас, калі мы з гэтымі вёдрамі, рознымі прыладамі грузімся ў машыну. Запытваюць, куды мы? Мы кажам — едзем у Курапаты, далучайцеся. Яны так толькі ўсьміхаюцца, але ж усе рэагуюць на гэта станоўча.

А тут пасьля талакі бачна па вачах людзей, што быццам яны схадзілі ў царкву ці касьцёл. У душы такі супакой. Ты зрабіў годную справу, і ты едзеш дахаты ў вельмі добрым настроі.

Я веру ў тое, што настане дзень, калі сапраўды гэты помнік зойме годнае месца і будзе даглядацца годна ў нашай краіне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG