Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэры сустрэўся з Лаўровым у Вашынгтоне


У Вашынгтона і Масквы захоўваюцца агульныя інтарэсы, нягледзячы на пагаршэньне двухбаковых сувязяў, — заявіў дзяржсакратар ЗША Джон Кэры.

Ён сказаў пра гэта ў пачатку сустрэчы ў Вашынгтоне з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым. У перамовах удзельнічаюць таксама міністры абароны дзьвюх краін Чак Хэйгэл і Сяргей Шайгу. Бакі плянавалі абмеркаваць, у прыватнасьці, пытаньні, зьвязаныя з сытуацыяй у Аўганістане, Іране, КНДР, тэму супрацьракетнай абароны.

Тым часам памочнік прэзыдэнта Расеі Юрый Ушакоў заявіў, што Масква разьлічвае, што Злучаныя Штаты вернуцца да пытаньня арганізацыі візыту ў Расею прэзыдэнта Барака Абамы. Як заявіў Ушакоў, Масква гатовая да дыялёгу з амэрыканскімі партнэрамі па ўсіх напрамках.

Белы дом на гэтым тыдні заявіў аб тым, што Абама вырашыў адкласьці расейска-амэрыканскі саміт у Маскве ў верасьні, зьвязаўшы гэтае рашэньне, у прыватнасьці, з прадастаўленьнем часовага прытулку Эдварду Сноўдэну. Іншымі прычынамі адмовы Вашынгтона ад візыту ў Расею зрабіліся, як заявіў амэрыканскі бок, адсутнасьць прагрэсу ў кантролі над узбраеньнямі, гандлёвых і камэрцыйных адносінах, у пытаньнях глябальнай бясьпекі і захаваньня правоў чалавека.

У чацьвер прэс-сакратар Белага дома Джэй Кэрні сказаў, што прэзыдэнт ЗША Барак Абама пакуль не плянуе двухбаковую сустрэчу з прэзыдэнтам Расіі Уладзімерам Пуціным.

Джэй Кэрні таксама заявіў, што Злучаныя Штаты не разглядаюць ідэю байкоту зімовай Алімпіяды 2014 года ў Сочы. Адказваючы на пытаньне журналіста аб мэтазгоднасьці такога байкоту з у сувязі з прынятым у Расеі законам аб забароне прапаганды нетрадыцыйных сэксуальных сувязяў, Кэрні сказаў, што «гэта ні ў чыіх інтарэсах».

Пры гэтым Кэрні падкрэсьліў, што прэзыдэнт ЗША Барак Абама выступае супраць гэтага расійскага закона. «Наша пазыцыя палягае ў тым, што мы супраць падобных законаў у любой краіне, уключаючы Расею», — сказаў Кэрні. Пра гэта паведамляе карэспандэнт РС ў Вашынгтоне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG