Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскі «даўгабуд» — у падарунак Лукашэнку


Аршанскі «даўгабуд». Да чарговага тэрміну здачы — 20 дзён.

Аршанскі «даўгабуд». Да чарговага тэрміну здачы — 20 дзён.

Лядовы палац у Воршы, які з адставаньнем ад усіх ранейшых плянаў узводзіцца ўжо пяты год, плянуюць здаць у эксплюатацыю праз тры тыдні.

Афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма, але нават міліцыянты, якія ахоўваюць будоўлю, называюць дату 30 жніўня — дзень народзінаў Аляксандра Лукашэнкі.

Аб’ект пад назвай «Лядовая арэна» належала здаць як мінімум тры гады таму. Аршанцы памятаюць: калі тут закладалі падмуркі будучага палаца, то абяцалі здаць яго пад навагоднія сьвяты ў 2011 годзе. Аднак праз праблемы зь фінансаваньнем гэтыя пляны ня спраўдзіліся. Хоць мясцовыя і абласныя ўлады рэгулярна давалі абяцаньні, што лядовы палац вось-вось будзе гатовы. Толькі за гэтае лета тэрміны здачы прызначалі тройчы: аршанцы чакалі адкрыцьця і ў Дзень гораду, які адзначаюць напрыканцы чэрвеня, і 15 ліпеня, падчас фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску», і вось цяпер — у апошні летні дзень, 30-га жніўня.

За гэты працяглы час аршанскі «даўгабуд» стаўся прадметам кпінаў, жартаў і досьціпаў сярод жыхароў Воршы.

Каля галоўнага ўваходу — амаль што парадак, хоць і тут працы яшчэ багата

Каля галоўнага ўваходу — амаль што парадак, хоць і тут працы яшчэ багата


Дый сёньня аршанцы ня дужа пэўныя, што да 30 жніўня можна пасьпець усё дарабіць: каля параднага ўваходу ўжо завяршаецца добраўпарадкаваньне і ўсё выглядае калі не гатовым да працы, то хаця б прыбраным ад сьмецьця. Але з абодвух бакоў і з тылу пабудовы яшчэ стаяць будаўнічыя вагончыкі, ляжаць друз і пакуль яшчэ ня выкарыстаныя будматэрыялы.
З тылу парадку нашмат меней

З тылу парадку нашмат меней

Новыя тэнісныя корты

Новыя тэнісныя корты

Працы, выглядае, тут яшчэ шмат

Працы, выглядае, тут яшчэ шмат


За «Лядовай арэнай» ужо абсталяваныя новыя тэнісныя корты, але працы па добраўпарадкаваньні навакольнай тэрыторыі далёка не завершаныя. Усярэдзіне будынка таксама актыўна працуюць муляры і тынкоўшчыкі. На другім баку вуліцы Леніна асфальтуюць дзьве новыя вялікія паркоўкі, каб зьмясьціць аўтамабілі ўсіх аматараў лядовых забаваў.

Чакаецца, што такіх будзе шмат: толькі трыбуны для аматараў хакею разьлічаны на 3,5 тысячы месцаў. І гэта пры тым, што сваёй хакейнай каманды ў Воршы няма. Таксама ў «Лядовай арэне» будуць залі для боўлінгу і більярду, саўна зь невялікім басэйнам. А для тых, хто любіць забаўляцца не спартыўным чынам, будзе адчынена рэстарацыя на 100 месцаў і заля гульнявых аўтаматаў. Яе аршанцы ўжо называюць няйнакш як «казіно». І мяркуюць, што менавіта гэты «від спорту» будзе пакрываць выдаткі на ўтрыманьне лядовага палаца. З улікам таго, што ў суседняй Расеі казіно з гульнявымі аўтаматамі амаль паўсюль пад забаронай, у Воршы, пэўна, чакаюць прытоку турыстаў з пэўнымі зацікаўленьнямі…

Дарэчы, кошт утрыманьня лёду ў аршанскім палацы — трэцім па велічыні ў Беларусі — будзе складаць 8 мільёнаў рублёў у дзень. А ўсяго ў аб’ект інвэставана больш як 300 мільярдаў рублёў.
Ужо ня «парк герояў», а «Лядовы палац»

Ужо ня «парк герояў», а «Лядовы палац»


У гонар лядовага палаца нават перайменавалі аўтобусныя прыпынкі, што выклікала абурэньне гараджанаў. Раней прыпынак меў назву «Парк герояў» — бо цераз дарогу ад «Лядовай арэны» месьціцца парк зь Вечным агнём у памяць пра абаронцаў Радзімы, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Але цяпер гарадзкія ўлады палічылі важнейшым спартовы аб’ект і памянялі шыльды на прыпынках. Праўда, на адным яшчэ засталася старая назва, але ёсьць ужо і новая…
Рамонтныя працы на Шклоўскай вуліцы

Рамонтныя працы на Шклоўскай вуліцы


Пра тое, што на адкрыцьцё «Лядовай арэны» 30 жніўня чакаюць «імяніньніка» Аляксандра Лукашэнку, ускосна сьведчыць і тэрміновы рамонт Шклоўскай вуліцы. Яна вядзе ў кірунку да малой радзімы Лукашэнкі, які ўжо ня раз у дзень народзінаў наведваў свае родныя мясьціны — аграгарадкі Копысь у Аршанскім раёне і Александрыю ў суседнім Шклоўскім раёне.
XS
SM
MD
LG