Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Гайдукоў чакае ў Віцебскім СІЗА разгляду сваёй скаргі Вярхоўным судом. Палітвязень Мікалай Статкевіч чарговы дзень народзінаў сустракае за кратамі — 12 жніўня яму спаўняецца 57 гадоў. Ігару Аліневічу сябры паведамілі, што ягоную маці звольнілі з працы.

Пры канцы жніўня ў Вярхоўным судзе будзе разглядацца касацыйная скарга Андрэя Гайдукова, якога абвінавацілі ў шпіянажы, паведаміла Радыё Свабода маці Андрэя спадарыня Вольга:

Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

«Адвакат мне сказаў, што паседжаньне можа быць зь яго ўдзелам, можа быць і безь яго ўдзелу. Але, хутчэй за ўсё, безь яго, толькі адвакаты туды паедуць. Часам прывозяць туды асуджаных, але рэдка. Андрэй піша лісты. Прыходзяць яны ня так часта, як хацелася б. А з другога боку, якія там навіны могуць быць? Лісты нармальныя, ён трымаецца, малайчына: «Жывы-здаровы. Шмат чытаю. Беражыце сябе», — гэта ён у кожным лісьце піша.

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

12 жніўня ў Мікалая Статкевіча дзень народзінаў, які ён трэці раз сустракае за кратамі. Статкевічу споўніцца 57 гадоў. Апошнім часам лісты ад яго прыходзяць рэгулярна, кажа Міколава жонка Марына Адамовіч:

«У апошніх лістах ён разважаў, па-першае, на тэмы нафты, гэты матэрыял будзе пастаўлены на ягоным сайце. Яшчэ ён разважаў у працяг тэмы сканфіскаванага свайго ліста. Некалі ліст, у якім ён пісаў пра Шклоўскую калёнію, быў канфіскаваны і накіраваны ў пракуратуру. Ліст той тычыўся злоўжываньняў у Шклоўскай калёніі. Дык вось Мікола, прачытаўшы апавяданьне Дзімы Дашкевіча „Чарвяк“, убачыў зоркім вокам тое, чаго ніхто з нас не заўважыў. Што начальніка Горацкай калёніі, які таксама ў сьпісе неўязных у Эўразьвяз за катаваньні палітзьняволеных, зьнялі са службы з-за шматлікіх злоўжываньняў на прамзоне».

Эдуард Лобаў

Эдуард Лобаў

У шмат якіх турмах і калёніях цэнзары цяпер у адпачынку, і лісты зь няволі не даходзяць. Даўно не пісаў і Эдуард Лобаў, кажа яго маці спадарыня Марына:

«Няма пакуль лістоў, але цэнзар з адпачынку ўжо выйшаў, так што чакаю. А 2 жніўня Эдзік тэлефанаваў. Якраз быў Дзень дэсантніка. Ён жа ў 103-й Віцебскай брыгадзе служыў. Мы яго павіншавалі. Думалі, што зноў ня ўдасца павіншаваць, бо летась адправілі тэлеграму, а цэнзар быў у адпачынку, тэлеграма не дайшла.

Ігар Аліневіч

Ігар Аліневіч

Бацькі палітвязьня Ігара Аліневіча цягам месяца гасьцявалі ў дачкі за мяжой, днямі вярнуліся ў Беларусь. Тэлефанаваньні здараюцца раз на паўгода, кажа спадарыня Валянціна. Зь лістамі таксама бываюць перабоі:

«Дачцэ беларуская пошта вярнула ліст, які яна паслала Ігару ў калёнію. Маўляў, адрас пазначаны недакладны. Тры гады, уключна зь СІЗА КДБ, правільна быў пазначаны паштовы адрас, а цяпер не. А мой ліст з-за мяжы з фатаграфіямі да Ігара дайшоў. Яшчэ Ігар напісаў бацьку, што сябры яму напісалі, што мяне ўсё ж такі звольнілі з працы».

Андрэй Гайдукоў асуджаны паводле часткі 1 артыкула 14 і артыкула 356-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (замах на ўстанаўленьне супрацоўніцтва са спэцыяльнай службай, органам бясьпекі або выведным органам замежнай дзяржавы) на 1,5 года пазбаўленьня волі. Да ўступленьня прысуду ў законную сілу ўтрымліваецца ў СІЗА ў Віцебску.

Мікола Статкевіч асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі за падзеі на Плошчы ў сьнежні 2010 году. Адбывае пакараньне ў магілёўскай «крытай» турме.

Ігар Аліневіч асуджаны паводле ч.2 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства), ч.2 і ч.3 артыкула 218 КК (пашкоджаньне маёмасьці агульнанебяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры) на 8 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Знаходзіцца ў калёніі № 10 у Наваполацку.

Эдуард Лобаў асуджаны паводле ч. 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу (асабліва злоснае хуліганства) на 4 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах строгага рэжыму. Знаходзіцца ў калёніі № 22 у Івацэвічах.
XS
SM
MD
LG