Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску нестае 4 тысяч будаўнікоў. БРСМ-аўцы будаваць ня хочуць


Будаўнікі ў Сочы
Будаўнікі ў Сочы
Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва паведамляе, што будаўнічая галіна краіны па-ранейшаму перажывае адток працоўных кадраў. Толькі ў Менску дэфіцыт будаўнікоў — ад 3,5 да 5 тысяч чалавек. Не здымаюць праблемы і БРСМ-аўскія будатрады: выяўляецца, што многія сябры пралукашэнкаўскага саюзу рабіць на будоўлі ня хочуць.

Напярэдадні летняга сэзону БРСМ актыўна заклікаў сваіх чальцоў папрацаваць у будатрадах. Для студэнтаў гэта магчымасьць зарабіць падчас летніх вакацыяў, для будоўляў — кампэнсаваць дэфіцыт працоўных кадраў. Аднак многія з актывістаў БРСМ затрымліваюцца на будоўлях ня больш за тыдзень, паведаміў генэральны дырэктар «Менскбуда» Мікалай Мілашэўскі. Галоўная прычына — нежаданьне працаваць, кажа спадар Мілашэўскі:

«Прычына — ня ўмовы працы, перадусім — нежаданьне працаваць. Ёсьць добрыя хлопцы і дзяўчаты, якія добра працуюць, а некаторыя ня хочуць працаваць. Вось яны прыходзяць туды чамусьці, а працаваць ня хочуць — проста не выходзяць на працу, і ўсё. Нашыя прадпрыемствы іх прымаюць, яны тыдзень адпрацуюць — і ўсё. Мы разьбіраліся, там з заробкамі праблемы асабліва няма. На некаторых прадпрыемствах ім плацяць нават больш, чым сваім, мясцовым».

У кіраўніцтве Менскага гарадзкога камітэту БРСМ пракамэнтаваць гэты факт адмовіліся. Тым часам высокакваліфікаваныя будаўнікі працягваюць выяжджаць на будоўлі па-за межамі краіны, перадусім у Расею, у пошуках лепшай аплаты за сваю працу. Адзін такіх працаўнікоў — менскі жыхар Віталь Каламіец, які цяпер на чарговай вахце ў Расеі. Ягоная жонка Сьвятлана апавядае:

«Прарабіў ён больш за 25 гадоў у Менску. А пасьля яму сябры прапанавалі зьезьдзіць у Расею папрацаваць. Ён пару месяцаў зьезьдзіў і пабачыў, што там плацяць за ягоную працу, хоць яна, вядома, і цяжкая — без выхадных-прахадных. Сям’і, вядома, цяжкавата, бо езьдзіць ён на тры тыдні, а дома бывае толькі тыдзень — гэтага мала. Але, зь іншага боку, ён стаў лепей зарабляць, стаў лепей сябе пачуваць, і нашая сям’я таксама. Там разам зь ім ёсьць будаўнікі і зь Менску, і з Жодзіна, і з Дружнага — яны тут, у Менску, разам працавалі, і там таксама. Ёсьць і маладыя, і сямейныя. І яны не зьбіраюцца вяртацца, бо хочуць нармальна, добра зарабляць і нармальна жыць».
Яны не зьбіраюцца вяртацца, бо хочуць нармальна, добра зарабляць і нармальна жыць

Толькі ў Менску колькасьць вакантных месцаў вагаецца ад 3,5 да 5 тысяч чалавек. Галоўная прычына — незадаволенасьць працоўных заробкамі, хоць яны тут вышэйшыя, чым у іншых галінах народнай гаспадаркі краіны, кажа генэральны дырэктар «Менскбуда» Мікалай Мілашэўскі:

«Ёсьць праблема. Учора на паседжаньні выканкаму называлі лічбу 5 тысяч чалавек. Я думаю, што 5 тысяч шмат, але 3,5–4 тысячы чалавек будзе дэфіцыт кадраў. Вось гэтая колькасьць цяпер патрэбная. Магчыма, што пад зіму менш будзе патрэбна, але сёньня востра адчуваецца. І, вядома, прафэсіяналізм крыху іншы, бо лепшыя выехалі ў свой час. Але што маем, тое маем — працуем, навучаем».

Карэспандэнтка: «За кошт чаго плянуеце разьвязаць праблему і прыцягнуць у будаўнічую галіну працоўныя кадры?»

«Толькі за кошт прыцягненьня іншагародніх спэцыялістаў. Усё ж такі заробак прыстойны — другі па краіне, пэўна, каля тысячы даляраў сярэдні заробак. У некаторых арганізацыях нават больш за тысячу — на заводах значна менш атрымліваюць. Але нашыя менскія будаўнікі нават на гэтыя заробкі ня надта хочуць ісьці працаваць чамусьці. Менчукі, пэўна, ідуць усё ж такі ў нейкае іншае месца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG