Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрмэр, у якога ўтылізавалі 650 сьвіней, будзе гадаваць быкоў і коней


Змагаючыся зь вірусам афрыканскай чумы, улады працягваюць масавае зьнішчэньне сьвіней на прыватных падворках. Гэта кампанія ахапіла многія раёны Гарадзенскай вобласьці, а таксама шэраг мясьцін Меншчыны і Віцебшчыны. Рэкамэндавана істотна скараціць пагалоўе ў іншых рэгіёнах, якія пакуль не трапляюць у зону эпізаотыі. Паказальна, што дзяржаўныя сьвінакомплексы, разьмешчаныя ў непасрэднай блізкасьці да ачагоў заразы, вэтэрынары пакуль не чапаюць.

Нягледзячы на тое, што ў загадным парадку сьвіней выразаюць практычна па ўсёй Беларусі, афіцыйна асяродкамі афрыканскай чумы прызнаныя толькі два месцы — вёска Ча́пунь Івейскага раёну і сьвінакомплекс Лучоса пад Віцебскам. Чапунская пэнсіянэрка Ганна Булка дагэтуль ня можа адыйсьці ад страты маладой сьвінкі, а цяпер баіцца, што вэтэрынары замахнуцца і на астатніх яе гадаванцаў:

«Я ім кажу: дзетачкі, маё здаровенькае парасятка, нашто ж яго забіраць? Не паслухаліся — далі нейкі ўкол, загрузілі ў машыну. Але чаму яны ўсіх здаровых разам з астатнімі пабралі — бог іх ведае. Куды павезьлі, дзе мая сьвінка сканала? (плача). Можа, каму маладзейшым і сказалі, а я ўжо баба старая, нічога і не пыталася».

Карэспандэнт: «Больш у гаспадарцы нікога не засталося?».
Чатыры курачкі і сабачка. Але ўжо і за іх баюся

«Чатыры курачкі і сабачка. Але ўжо і за іх баюся. Тыя разы сабачку на ноч кожны раз спускала, думаю, хай палётае, а цяпер перастала — ня ведаю, ці можна, ці бясьпечна. Шкода, бо заб’юць ці пакалечаць. Стаіць суткамі прывязаны. Але хай будзе хоць сабачка...»

Тым часам геаграфія вайны са сьвіньнямі імкліва пашыраецца. Да сярэдзіны жніўня забіць сьвіней настойліва рэкамэндуецца жыхарам бальшыні раёнаў Гарадзенскай вобласьці. Перадусім зьнішчаецца жывёла, якая ўтрымліваецца ў так званай другой зоне пагрозы (першая — уласна Івейшчына): Ваўкавыскі, Воранаўскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Скідальскі, Мастоўскі, Шчучынскі ды іншыя раёны. Пры гэтым падкрэсьліваецца, што было б добра правесьці татальную зачыстку па ўсёй вобласьці.

Ашмянскі фэрмэр Іван Гарлуковіч у выніку санітарных захадаў адразу страціў амаль 650 сьвіней. І хоць да канца месяца яму абяцаюць матэрыяльную кампэнсацыю, наўрад ці яна пакрые галоўную справу апошніх гадоў — сярэдні памер выплатаў не дацягвае і да 20 тысяч рублёў за кіляграм, а рынкавы кошт у разы большы:

«Мне далі лябараторнае заключэньне, вынікі менскай экспэртызы — інфэкцыйнае захворваньне. А я ж не лябарант, што я магу даказаць? 649 галоў было, усіх закапалі...»

Карэспандэнт: «Чым цяпер займаецеся, як згорнутая асноўная справа?»
Працы хапае, абы было жаданьне. Таму мяне з каляіны ня выб’еш, не такога характару

«Даў ужо аб’яву, буду купляць быкоў і коней. Паспрабую коньмі займацца. Таму што сьвінарнікі пустуюць, людзі бяз працы. Дый сам не люблю проста так сядзець. Але ў мяне сад вялікі — 10 гектараў, хачу да канца дасадзіць, адгарадзіць па парадку. Працы хапае, абы было жаданьне. Таму мяне з каляіны ня выб’еш, не такога характару. Я выбіваны ўжо некалькі разоў. А нічога не губляе толькі той, хто нічога ня мае, як гучыць старая прымаўка».

Працягваецца зьнішчэньне сьвіней у Менскай вобласьці, дзе ў ліку самых праблемных па-ранейшаму застаюцца Стаўпецкі і Валожынскі раёны. Тут сьвіней загадана выразаць да канца гэтага тыдня. Аналягічныя рэкамэндацыі даведзеныя прыватнікам на тэрыторыі Віцебскай вобласьці, якая трапіла ў зону падвышанай рызыкі з прычыны пацьверджанага вірусу на буйным сьвінакомплексе пад абласным цэнтрам.

У 20-кілямэтровай зоне на памежжы са Смаленскай вобласьцю Расеі мусяць зарэзаць сьвіней насельнікі шэрагу раёнаў Магілёўшчыны. Гэта ж тычыцца і раёнаў, суседніх з Баранавічамі — менавіта адсюль яшчэ ў красавіку пайшлі першыя зьвесткі пра мор жывёлы на буйным сьвінакомплексе, што, аднак, улады хавалі да самага лета. Апроч таго, мусяць разьвітацца са сьвіньнямі жыхары вёсак, якія мяжуюць з буйнымі дзяржаўнымі сьвінакомплексамі па ўсёй Беларусі.

Перавытворчасьць сьвініны ўжо прывяла да яе лішку ў крамах і на рынках. Гандляры наракаюць на нізкі попыт — многія спажыўцы ня вераць, што ўжываць сьвіное мяса бясьпечна, і не купляюць яго. Апроч таго, кардоны выставіла Расея — асноўны імпартэр сьвініны. Прычына ня толькі ў боязі афрыканскай чумы, але і ў эканамічных разьліках — пасьля ўступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю выгадней завезьці мяса з Бразыліі ці Канады, чым пераплачваць беларусам. Як кажа былы супрацоўнік баранавіцкага мясакамбінату Руслан Равяка, вытворцы мусяць тэрмінова прыстасоўвацца да новых умоваў. Калі яшчэ нядаўна беларуская сьвініна ішла на ўсход, а мяса на каўбасы для беларусаў куплялі за мяжой, то цяпер усё ідзе на ўнутраны рынак:
Беларуская сьвініна ішла на Расею, а для беларускіх вытворчасьцяў, найперш для каўбасных вырабаў, паўфабрыкатаў, ужо выкарыстоўвалася польская сьвініна

«У Расеі апошнім часам збудавана шмат розных каўбасных прадпрыемстваў, і Расеі папросту не хапае самога мяса. І беларускае мяса да нядаўняга часу збольшага іх задавальняла. Папраўдзе кажучы, нам прывозілі сьвіней і кароў з самых розных гаспадарак. Як і чым іх кармілі — невядома, але ня выключана, што ў ход ішлі і антыбіётыкі, і ўсё астатняе. Але, па вялікім рахунку, у нас, вядома, натуральная ідзе сьвініна, ялавічына. Хоць апошнім часам, пакуль я працаваў, была такая тэндэнцыя, што ўсё беларускае сыходзіла за мяжу. То бок беларуская сьвініна ішла на Расею, а для беларускіх вытворчасьцяў, найперш для каўбасных вырабаў, паўфабрыкатаў, ужо выкарыстоўвалася польская сьвініна. Нават нягледзячы на тое, што яе завозілі з Польшчы, яна ўсё роўна была таньнейшая. А паколькі з прычыны санітарных абмежаваньняў у Расею для яе ходу няма, то назіралася парадаксальная сытуацыя: беларуская сьвініна амаль цалкам ехала на Расею, а нам везьлі польскую сьвініну, зь якой выраблялі каўбасы».

Расейскі бок неаднаразова наракаў, што Менск бескантрольна карыстаецца рэжымам найбольшага спрыяньня і намагаецца адкарэктаваць на сваю карысьць нават дасягнутыя дамоўленасьці. Так, у 2012 годзе пры ўзгодненым аб’ёме ў 170 тысяч тон пастаўкі беларускага мяса ў Расею склалі 350 тысяч тон. Пры гэтым экспарт сьвініны зь Беларусі перавысіў квоту ў 2,5 раза, а мяса птушкі — ажно ў 6 разоў. Да таго ж у Расеі сумняюцца, ці ўсё ўвезенае мяса мае беларускае паходжаньне. З улікам абмежавальных захадаў супраць распаўсюду вірусу афрыканскай чумы сёлета доля беларускай сьвініны на расейскім рынку будзе нашмат больш сьціплая ў параўнаньні з папярэднімі гадамі.
XS
SM
MD
LG