Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску напалі на сябра аргкамітэту па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Вячаслава Шэлега. Ён бацька шаснаццацігадовай Натальлі Шэлег, якую 27 ліпеня невядомыя выкралі і зьбілі.

Як паведаміў актывіст, інцыдэнт адбыўся ля Ўпраўленьня ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкаму. Зь ягоных слоў, невядомы спачатку спрабаваў пашкодзіць машыну, а потым напаў на самога Вячаслава.

У будынку Ўпраўленьня месьціцца міжраённы аддзел Сьледчага камітэту, куды, як кажа спадар Шэлег, на допыт у справе зьбіцьця дачкі выклікалі жонку Марыю. За ёй ён і прыехаў. У спадарыні Марыі другая група інваліднасьці, і ёй цяжка хадзіць.

Спадар Шэлег кажа, што парушыў правілы дарожнага руху, калі заехаў на міліцэйскую паркоўку, на якой не было машын і якая недалёка ад будынку міліцыі. На паркоўцы інцыдэнт і адбыўся.

«Невядомы ў шортах і майцы кінуўся на мяне з кулакамі. Пачаў біць па шкле. Пасьля таго як я выйшаў з машыны, ён з крыкам кінуўся на мяне. Хапаў за вопратку і ламаў мне рукі. У мяне цяпер пабоі, на руках — сінякі. Я еду ў траўмапункт іх фіксаваць. Ён зваў іншых супрацоўнікаў, каб яны мяне завалаклі ў будынак. Ён крычаў, што і ён міліцыя. Потым схаваўся ў будынку ўпраўленьня. Міліцыя бязьдзейнічала. Пазьней прыехалі супрацоўнікі ДАІ і склалі пратакол парушэньня. Так, я парушыў правілы, але толькі дзеля таго, каб забраць жонку-інваліда», — апавядае пра здарэньне Вячаслаў Шэлег.

Дзяжурны Ўпраўленьня ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкаму па тэлефоне адмовіўся гаварыць з журналістам.

На месца інцыдэнту пад’ехаў бабруйскі журналіст Дзьмітры Растаеў. Ён пацьвярджае, што ў Вячаслава Шэлега на руках сьляды пабояў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG