Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ад чаго памёр Ігар Пцічкін, пакажа толькі экспэртыза


Ігар Пцічкін

Ігар Пцічкін

Дакладная прычына сьмерці 21-гадовага Ігара Пцічкіна ў Менскім СІЗА будзе вызначаная не раней як празь месяц.

Пра гэта заяўляюць экспэрты. Родныя і блізкія ня вераць, што ў маладога здаровага хлопца раптоўна спынілася сэрца, як ім патлумачыла кіраўніцтва СІЗА на Валадарскага.

Адбыць пакараньне — трохмесячны арышт — Ігар Пцічкін пагадзіўся, ад міліцыі не хаваўся. Тэарэтычна ў яго была альтэрнатыва: ці выплаціць вялікі штраф — 80 мільёнаў, ці адбыць арышт. Але суд прысудзіў арышт. Участковы міліцыянт апавёў, што адзін раз заходзіў да Ігара, яго не было — папрасіў перадаць, каб Ігар патэлефанаваў у міліцыю:

«Ён мне адразу ж патэлефанаваў і потым прыйшоў сам. Мы зь ім дамовіліся на канкрэтны дзень. Я не прыкладаў ніякіх намаганьняў, не шукаў яго, не пільнаваў — ён сам добраахвотна прыйшоў, бо разумеў: колькі ж можна гуляць? То бок чалавек усьведамляў і разумеў. Тым больш і тэрмін пакараньня быў невялікі. Праводзіць яго прыйшлі і маці, і сястра, прынесьлі рэчы…»

Гэта адбылося 30 ліпеня, а 4 жніўня маці паведамілі, што сын памёр на «Валадарцы», маўляў, у яго спынілася сэрца. Жанна Пцічкіна ня верыць у гэтую вэрсію:

«Ды ў яго ніколі не балела сэрца. Ён наагул быў надзвычай здаровы. За ўсё жыцьцё адзін раз горла балела, і былі праблемы з зубамі. На Валадарцы мне казалі, што быццам бы ў яго пачалася на трэці дзень „ломка“, „коні пабеглі“. Маўляў, магчыма, ён некалі, паўгода таму, курыў траўку, і цяпер пачалася „ломка“. Ён пачаў буяніць, бушаваць, і нам давялося яго ўціхамірваць». Я кажу: «Дык што, трэба было зьбіваць, кайданкі надзяваць?» Мне адказваюць: не, мы гумкі на рукі надзявалі… Я калі ў моргу пабачыла твар, я ледзьве ня страціла прытомнасьць… Мы яго не пазналі: на нагах, на баках, на руках — страшэнныя гематомы, драпіны. І што цікавае: вось яны сказалі, што ў яго спынілася сэрца. А на баку — адбітак ад моцнага ўдару. Мэдэкспэрт, які прыходзіў уначы, сказаў, што ад аднаго моцнага ўдару можа быць спыненьне сэрца, маўляў, шмат і зьбіваць ня трэба. І што ад усіх гэтых пабояў ён ня мог памерці».

Судмэдэкспэрты цяпер не даюць камэнтароў, якая прычына спыненьня сэрца, кажуць, што любы чалавек памірае, калі сэрца спыняецца. Яны не выказваюць ніякіх меркаваньняў, ад чаго мог памерці Ігар Пцічкін, бо вынікаў пашыранай экспэртызы няма:
Цяпер казаць пра тое, ад чаго наступіла сьмерць, нельга ні ў якім разе

«Зрабілі толькі ўскрыцьцё трупа, дасьледавалі цела. Але экспэртыза яшчэ не завершаная. Неабходна правесьці яшчэ шмат дадатковых дасьледаваньняў, якія робяцца ў лябараторыях. Кавалкі органаў вымаюцца з трупа, узоры розных вадкасьцяў, дарэчы, і на прадмет наркотыкаў, атрутных рэчываў. І калі ўсе вынікі будуць гатовыя, толькі тады экспэрт прыходзіць да высновы, ад чаго наступіла сьмерць. То бок цяпер казаць пра тое, ад чаго наступіла сьмерць, нельга ні ў якім разе. Пакуль яшчэ прычына сьмерці вызначаецца».

Маці Ігара Пцічкіна і сястра дамагаюцца ў Сьледчым камітэце паўторнай экспэртызы і эксгумацыі цела. Але сьледчая Следчага камітэту Алена Беліцкая ўчора адмовіла — маўляў, яшчэ няма вынікаў першай экспэртызы. Судмэдэкспэрты кажуць, што гэта звычайная практыка. Калі будзе завершана першасная экспэртыза, у Сьледчым камітэце родных павінны азнаёміць з гэтым афіцыйным дакумэнтам. І толькі тады можна будзе настойваць на эксгумацыі:

«І вось калі родныя пабачаць у гэтым афіцыйным дакумэнце нейкія супярэчнасьці альбо іх не задаволіць гэтае заключэньне, яны могуць, вядома ж, патрабаваць правядзеньня паўторнай экспэртызы, то бок новай экспэртызы. Але гэта, зноў жа, будзе праводзіцца ў той жа адзінай службе, але іншымі экспэртамі. І ў межах ужо паўторнай экспэртызы можна правесьці эксгумацыю цела і наноў яго дасьледаваць. Але гэта ўжо толькі пасьля першаснай экспэртызы. Раней, напэўна, гэта зрабіць нельга будзе».

Такім чынам, застаецца толькі чакаць вынікаў экспэртызы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG