Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саудаўская Арабія прапанавала Крамлю $15 млрд за адмову ад Асада


Саудаўская Арабія прапанавала Расеі эканамічныя ініцыятывы ўзамен на паслабленьне падтрымкі Башара Асада. Аб гэтым паведамляе агенцтва Reuters.

Па дадзеных крыніц на Блізкім Усходзе і заходніх дыпляматаў, прапанову агучыў кіраўнік выведкі Саудаўскай Арабіі, прынц Бандар бін Султан падчас візыту ў Маскву, дзе ён сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным.

Як пішуць журналісты Reuters са спасылкай на крыніцы ў сырыйскай апазыцыі, блізкія да Саудаўскай Арабіі, «прынц Бандар падахвоціўся набыць расейскую зброю на суму да 15 млрд даляраў, а таксама гарантаваць, што газ Пэрсыдзкай затокі ня стане пагрозай для пазыцыі Расеі як аднаго з галоўных пастаўшчыкоў гэтай сыравіны ў Эўропу».

Узамен Саудаўская Арабія хацела б, каб Масква аслабіла падтрымку Асада і пагадзілася не накладаць вета на патэнцыйныя рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН па Сырыі, гаворыцца ў артыкуле, які цытуе DELFI.

Па словах дыпляматаў, першая рэакцыя Пуціна на прапанову Бандара была расплывістай. «Адзін заходні дыплямат, які працуе на Блізкім Усходзе, сказаў: расейскі лідэр наўрад ці памяняе прыкметны статус Масквы ў рэгіёне, які склаўся нядаўна, на збройны кантракт, хай нават вельмі буйны», — адзначае Reuters.

Але іншыя дыпляматы лічаць: пазыцыя Масквы, магчыма, становіцца больш гнуткай. Па іх словах, Расея запатрабавала, каб Асад ўпусьціў у Сырыю місію ААН для расьсьледаваньня вэрсіі аб прымяненьні хімічнай зброі, перадае Inopresa.ru.

Між тым прэзыдэнт ЗША Барак Абама распарадзіўся аб выдзяленьні дадатковых $ 195 млн гуманітарнай дапамогі народу Сырыі, паведамляе Associated Press. Грошы, у прыватнасьці, пойдуць на закупкі харчаваньня. Усяго на гуманітарную дапамогу сырыйскаму народу ЗША ўжо выдаткавалі больш за $ 1 млрд.

5 жніўня сырыйскі лідэр Башар Асад чарговым разам заявіў, што ня будзе весьці перамовы з тэрарыстамі. Паводле яго, «палітычныя праблемы трэба вырашаць палітычнымі мэтадамі, а тэрарыстычныя — з дапамогай жалезнага кулака».

7 жніўня ваеўнікі заявілі, што аўтамабільны картэж Асада абстралялі па шляху ў мячэць з нагоды мусульманскага сьвята Ураза-Байрам. Таксама паведамлялася аб абстрэле рэзыдэнцыі прэзыдэнта. У адказ сырыйскае дзяржтэлебачаньне паказала кадры наведваньня Асадам мячэці ў Дамаску, паведамляе Reuters.
XS
SM
MD
LG