Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тысячу подпісаў за ўключэньне бел-чырвона-белага сьцяга ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў сёньня перададуць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Збор подпісаў пад зваротам працягваўся з 5 чэрвеня з ініцыятывы «БМАgroup», «Арт Сядзібы» і «Рок-салідарнасьці».

Як зазначыў адзін з ініцыятараў кампаніі, дырэктар «Арт Сядзібы» Павал Белавус, лісты з подпісамі даслала каля 60 чалавек з усіх абласьцей Беларусі. Большасьць подпісаў сабраныя ў Менску, адгукнуліся таксама жыхары Дзятлава, Чэрвеня, Маладэчна, Вілейкі, Клецку, Гародні, Магілёва, Віцебску, Гомеля і іншых гарадоў.

«Рок-салідарнасьць» у рамках кампаніі выдала дыск «Сымбалі веры і свабоды».

Пад зваротам было пастаўлена каля 1000 подпісаў. У прыёмную Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь перададуць іх арыгіналы, а копіі — у Дэпартамэнт архіваў і справаводзтва Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і ў адміністрацыю прэзыдэнта.

У звароце зьмяшчаецца просьба «паўторна разгледзець пытаньне ўключэньня бел-чырвона-белага сьцяга ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь альбо наданьня іншага статусу гэтай нацыянальнай сьвятыні, статус якой цяпер ніяк не абазначаны».

Ініцыятары кампаніі нагадваюць уладам, што бел-чырвона-белы сьцяг мае даўнюю гісторыю, быў дзяржаўным сьцягам Рэспублікі Беларусь з 1991 па 1995 гады.

«Уключэньне бел-чырвона-белага сьцяга ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь альбо наданьне іншага статусу будзе спрыяць прымірэньню, узаемаразуменьню і міру на беларускай зямлі», — перакананыя аўтары звароту.

У 2010 годзе Міністэрства культуры ўжо давала адказ на аналягічны зварот. Тады яно не палічыла неабходным уносіць бел-чырвона-белы сьцяг у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, спаслаўшыся на тое, што сьцяг стаў знакам Беларускай Народнай Рэспублікі на прапанову дзяржаўнага сакратара БНР Клаўдзія Дуж-Душэўскага толькі на пачатку 1919 году.

Цяпер арганізатары кампаніі вырашылі нагадаць уладам, што менавіта пад гэтым сьцягам даваў прысягу першы прэзыдэнт Беларусі.

«Калі яго не прызнаюць гістарычнай і культурнай каштоўнасьцю, то тады, атрымліваецца, можна выкрасьліць першыя гады незалежнасьці Беларусі, калі сьцяг быў дзяржаўным», — мяркуе Павал Белавус.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG