Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ноч на 4 жніўня ў СІЗА № 1 памёр мянчук Ігар Пцічкін. Маці хлопца перакананая, што яе сына забілі.

Сям’я Пцічкіных жыве ў старой трохпавярховай хрушчоўцы ў Заводзкім раёне. Кватэра трохпакаёвая: у адным пакоі жыў 21-гадовы Ігар зь нявестай Ганнай, у другой — цяжарная сястра Ірына з мужам і маленькім сынам, у прахадной — маці Ігара ды Ірыны Жанна.

Сястра не хавае сьлёз: яна роўна на 4 гады і 4 дні старэйшая за брата, але яны вельмі блізкія па духу людзі, малодшы брат у дзяцінстве яе заўсёды абараняў. Дзеці рана засталіся бяз бацькі — той памёр 15 гадоў таму, калі Ірыне было 10, а Ігару 6. Хлопец разумеў, што маці цяжка, і ў 15 гадоў пайшоў працаваць на Менскі трактарны завод. Распавядае сястра Ірына:

«Ён скончыў толькі 10 клясаў, я вельмі прасіла, каб Ігар пайшоў вучыцца далей, атрымаў адукацыю. Цяпер вельмі шкадую, што не настаяла. На летніх канікулах, калі яму было 15, я сама дапамагла яму ўладкавацца на МТЗ вучнем. Ён хацеў сам сябе забясьпечваць, гатовы быў працаваць дзень і ноч, каб добра зарабляць. Працаваў акумулятаршчыкам. У 18 гадоў пайшоў на курсы кіроўцаў, здаў на правы. Дарэчы, сам аплаціў вучобу. Гэты правы яго і загубілі. Першы раз — у Серабранцы, каля ўнівэрсаму „Палесьсе“, у машыне піў піва. Міма праходзілі міліцыянты, склалі пратакол, і Ігара аштрафавалі. Потым быў яшчэ адзін непрыемны выпадак, і Ігара пазбавілі правоў на 2,5 года. Заставалася 3 месяцы да канца тэрміну, калі ён зможа сесьці за руль. Ня вытрымаў, паехаў, папаўся, і яму прысудзілі 3 месяцы арышту».

Маці дадае, што без машыны Ігар жыць ня мог, ён зь дзяцінства цягнуўся да руля. Прычым у Ігара быў выбар — сплаціць штраф 80 мільёнаў ці адбыць арышт. Ігар выбраў арышт. Лепш бы штраф заплаціў, а не купляў тую машыну... Дарэчы, у суд прыйшоў адразу з рэчамі:

«Але яму сказалі, што ўчастковы паведаміць, калі ён будзе адбываць пакараньне. Мы не хаваліся, чакалі, пакуль участковы вернецца з адпачынку. Участковы прыйшоў увечары, сказаў, каб на наступны дзень а 16-й гадзіне мы былі гатовыя. І 30 ліпеня Ігар падрыхтаваўся, купіў сабе ўсе новыя рэчы. Я нават пажартавала: ты на курорт зьбіраесься? Ты ж у турму едзеш, узяў бы ўсё старое». І ён спакойна пайшоў адседжваць...

Калі б я ведала, што адпраўляю сына на сьмерць, я б яго хавала, ні за што б не адпусьціла..."

А 4 жніўня маці была ў вёсцы. Раніцай ёй патэлефанавалі і сказалі: «У вашага сына — спыненьне сэрца». Жанна Пцічкіна кажа:

«Ды ў яго ніколі не балела сэрца. Ён наагул быў надзвычай здаровы. За ўсё жыцьцё адзін раз горла балела, і былі праблемы з зубамі.

На Валадарцы мне казалі, што быццам бы ў яго пачалася на трэці дзень „ломка“, „коні пабеглі“. Маўляў, магчыма, ён некалі, паўгода таму, курыў траўку, і цяпер пачалася ломка. Ён пачаў буяніць, бушаваць, і нам давялося яго ўціхамірваць». Я кажу: «Дык што, трэба было зьбіваць, кайданкі надзяваць?» Мне адказваюць: не, мы гумкі на рукі надзявалі... Я калі ў моргу пабачыла твар, я ледзьве ня страціла прытомнасьць... Мы яго не пазналі: на нагах, на баках, на руках — страшэнныя гематомы, драпіны. І што цікавае: вось яны сказалі, што ў яго спынілася сэрца. А на баку, дзе сэрца — адбітак ад моцнага ўдару. Мэдэкспэрт, які прыходзіў уначы, сказаў, што ад аднаго моцнага ўдару можа быць спыненьне сэрца, маўляў, шмат і зьбіваць ня трэба. І што ад усіх гэтых пабояў ён ня мог памерці.

Але Ігар страшна баяўся болю. Аднойчы ў дзяцінстве я яго адшлёпала, і сын кажа: «Мама, дык гэта ж балюча!» Ён ніколі ня біўся — баяўся болю. Ні разу ў жыцьці ён не буяніў. Ён ніколі ні з кім ня біўся. Нават зубы не лячыў — хацеў пад агульным наркозам лячыць... А тут за тры дні на «Валадарцы» адразу буйным стаў!

Мы так думаем, што яму зрабілі «ластаўку» — рукі вывернулі, і ён вісеў... У моргу ногі ў яго былі выцягнутыя, а падбародак і галава задраныя ўверх. А твар мы наагул не маглі пазнаць... Пазналі толькі па руках — у яго быў зрэзаны кончык пальца. У мяне ж сын прыгожы, я трымала каля труны фатаздымак. А ў труне ляжаў зусім іншы чалавек».


Сьледчы камітэт цяпер праводзіць праверку. Чакаюць заключэньня экспэртызы, якая можа працягнуцца месяц-паўтара. Маці і сястра Ігара сустракаліся са сьледчай Аленай Бяліцкай. Прасілі зрабіць паўторную экспэртызу, але сьледчая адмовіла. У даведцы, якую родныя атрымалі, напісана: «Прычына сьмерці вызначаецца».

6 жніўня Ігара Пцічкіна пахавалі. Цяпер родныя вельмі шкадуюць, што забралі цела з моргу. Разумеюць, што дамагчыся эксгумацыі будзе няпроста.

У Ігара ёсьць нявеста Ганна. 4 гады яны разам, пасьля Ігаравай адседкі меліся пажаніцца. У ліпені зьбіраліся разам на мора. Але ў Ігара была падпіска аб нявыезьдзе, і Ганна паехала зь сябрамі бязь Ігара:

«Мы напярэдадні, у панядзелак увечары, крыху пасварыліся. У аўторак раніцай я тэлефаную зь цягніка, а ён плача. Так плакаў! Я таксама разраўлася, кажу: „Чаго ты плачаш?“ Пасуцяшалі адзін аднаго. Ён нешта прадчуваў. Мяне супакойваў: „Я ж буду на вольным пасяленьні, як у піянэрскім лягеры. Будзеш да мяне прыяжджаць“.

Буйным ён ніколі ня быў. Наркотыкі ніколі не ўжываў, гэтага ня можа быць. Раней ён выпіваў, але з новага году кінуў. І ў „ломку“ я ня веру. Экспэрт сказаў, што, можа, яму далі па галаве і быў ацёк мозгу. А калі ў чалавека ацёк мозгу, ён можа сябе не кантраляваць і буяніць. Але я ня веру ў гэта».

Сястра Ірына кажа, што Ігар вельмі любіў дзяцей, закідваў падарункамі свайго маленькага пляменьніка. Паказала апошнюю цацку — мядзьведзіка, якога Ігар яму падарыў. Падрыхтаваў малому падарунак і на дзень народзінаў, які будзе ў верасьні.

У яго было шмат плянаў. Зьбіраўся пачаць рамонт у кватэры. Хацеў аформіць афіцыйныя адносіны зь нявестай Ганнай. Не пасьпеў.

Маці і сястра будуць дамагацца паўторнай экспэртызы, для гэтага, на іх думку, патрэбна эксгумацыя цела. І хочуць даведацца, як памёр Ігар, што адбылося ў апошнія 3 дні яго жыцьця на Валадарцы. Маці хоча дамагчыся сустрэчы з ахоўнікамі, лекарамі, мэдпэрсаналам СІЗА.

Працяг тэмы — пазьней на нашым сайце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG