Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі этнаграфічнага летніка «Азярычына», які другі год ладзіцца ў Пухавіцкім раёне, два дні вучыліся плесьці з лазы сухарніцу — адмысловы посуд, куды выкладаюць хлеб ды іншую выпечку. Каб яе сплесьці, трэба 8–10 гадзін.

Арганізатар летніка Васіль Прымака кажа, што сухарніца — складаны для пляценьня посуд. Летась майстар лазапляценьня Юры Малах вучыў удзельнікаў летніка рабіць кошыкі. Спрактыкаваны чалавек можа сплесьці кошык за 4–5 гадзін.

«У мінулым годзе на летніку было некалькі майстар-клясаў розных рамёстваў. Сёлета мы вырашылі сканцэнтравацца на дрэваапрацоўцы. Вось у нас два дні было лазапляценьне, далей будзе разьба па дрэве і выраб драўляных лялек», — кажа Васіль Прымака.

Посуд з лазы экалягічна чысты. Да таго ж, карыстаючыся ім, чалавек бачыць, як рабілі кашы і іншыя вырабы ягоныя продкі. Васіль Прымака лічыць, што, пераняўшы рамяство ад дзеда і бацькі, ён працягвае род ня толькі па крыві, але і праз рамяство.

«Калі пляцеш, разумееш, што гэтаксама рабілі твае дзяды, гэта неперадавальнае адчуваньне. Вядома, сучасны выраб з плястыку — не замена такому кошыку».

Галоўны завадатар этнаграфічных летнікаў — Васіль Прымака, 26-гадовы выпускнік гістарычнага факультэту БДУ. Разам з колам сяброў ён другі год запар арганізоўвае на прыродзе майстар-клясы, дзе ўсе ахвотныя могуць навучыцца беларускім народным рамёствам. Будучыя ўдзельнікі даведваюцца пра летнік праз сацыяльныя сеткі, а таксама праз абвесткі ў такіх выданьнях, як «Наша Ніва», «Аrche», 34mag.net, «Туризм и отдых».

Цягам тыдня ўдзельнікі жывуць у намётавым мястэчку каля вёскі Азярычыны, адкуль родам Васіль Прымака, самі гатуюць ежу, увечары ладзяць сьпевы і скокі. Удзел у майстар-клясах платны, бо трэба выплаціць заробак майстрам.

Васіль кажа, што мясцовыя органы ўлады ніколі ніякай перашкоды летніку не чынілі.

«Нам проста цікава гэта рабіць, ніякай фінансавай зацікаўленасьці ці прагі піяру тут няма. Усё толькі на энтузіязьме. У нас ня толькі гісторыкі, ёсьць выпускнікі Інстытуту культуры, зь лінгвістычнага ўнівэрсытэту», — кажа Васіль Прымака.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG