Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партал rosbalt.ru зацікавіўся тэмай коштаў у Беларусі і параўнаў іх з эўрапейскімі. Прапануем матэрыял Мксіма Швейца на гэтую тэму.

Палякі і расейцы ўсё яшчэ глядзяць на Беларусь зьверху як на краіну без прыватнай уласнасьці зь нізкімі коштамі і даходамі, але яны памыляюцца. Заробкі ў беларусаў вышэй, чым на ўсходзе Эўропы. І цэны таксама.

Сярод лібэралаў прынята думаць, што адзіна верны шлях разьвіцьця эканомікі і грамадзтва — той, што прыняты ў Эўразьвязе. У прыклад беларусам часта ставяць Польшчу: маўляў, і фэрмэрам там за кошт дзяржаўных крэдытаў дапамаглі, і купіць там можна ўсё што заўгодна, і зарплаты там высокія, і тавары — танныя. На Расею, як на арыенцір сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, у Менску ніхто не глядзіць: усе разумеюць, што Масква і Піцер жывуць за кошт непрапарцыйнага прысваеньня нафтагазавай рэнты і дэградацыі ўсёй астатняй РФ. Польшча ж, як член ЭЗ, усё яшчэ ўяўляецца многім лібэральна настроеным беларусам нейкім рогам багацьця. Але на справе гэта не зусім так. Нават самі палякі прызнаюць: беларусы зарабляюць больш, чым яны. Праблема толькі ў тым, што якасныя тавары і паслугі ў Беларусі, на зьдзіўленьне, каштуюць даражэй, чым у ЭЗ.

Мне, як чалавеку, які добра ведае побыт у «апошняй дыктатуры Эўропы» і ў «дзяржаве-члене ЭЗ», хочацца выкрыць два міты: пра мізэрныя заробкі ў Беларусі і пра нізкія жа цэны ў гэтай краіне.

Пачнём зь першага. Так, людзі ў дзяржсэктары Беларусі атрымліваюць да сьмешнага мала. Усе ведаюць, што тут выдатныя дарогі, але мала хто задумваецца над тым, што простыя работнікі, якія 15-20 гадоў запар займаюцца іх абслугоўваньнем, рэдка зарабляюць больш за $200-250. А іх начальнікі — кіраўнікі дарожна-будаўнічых брыгад — $400. Да сьмешнага мала зарабляюць настаўнікі ($300-400), лекары ($300-500), дробныя чыноўнікі і дзяржаўныя клеркі ($200-500).

У той жа час у Беларусі зьявілася немаленькая «сярэдняя» кляса, якая лічыць нормай месячны прыбытак у $2000. Гэта праграмісты, вэб-дызайнэры, архітэктары, дызайнэры інтэр’ераў, цырульнікі высокага ўзроўню кваліфікацыі, спэцыялісты па рамонце аўтамабільнай электронікі і г.д. То бок, людзі, якія так ці іначай прадаюць сваю працу замежным заказчыкам, і тыя, хто гэтых, умоўных «праграмістаў» абслугоўвае. Скажам, нармальны прыбытак для зубнога тэхніка, «які працуе на сябе», — $2500, стаматоляга — $2000, начальніка брыгады, які займаецца рамонтам кватэр, — $3000, апэратара, які здымае вясельлі і карпаратывы — $2000.

Лічыцца, быццам Беларусь — гэта краіна, у якой няма ні бізнэсу, ні прыватнай уласнасьці. Гэта таксама ўжо даўно ня так. Вядома, ціск падатковых органаў на малы бізнэс тут калясальны, але на справе ён аказваецца ня больш моцным, чым у той жа Польшчы. І ўжо зусім не параўнальна з тым ціскам, які адчуваюць на сабе малыя прадпрымальнікі ў РФ. Зарабіць у Беларусі $3000-4000, маючы сваю «кропку» на рынку адзеньня, ня так ужо складана. Каб зарабляць да $10 тыс. у месяц, у Беларусі не патрэбныя ні сувязі з чыноўнікамі, ні дзяржаўныя гранты, ні падатковыя прэфэрэнцыі.

Вось у чым Беларусь сапраўды адстае ад астатняга сьвету, — дык гэта ў даступнасьці звыклых для эўрапейцаў сацыяльных выгодаў. Асабліва гэта стасуецца, зноў жа, да прадстаўнікоў так званай «сярэдняй клясы». Скажам, кавалак добрага масла каштуе ў Польшчы $1, у Менску — $2. Паўлітра малака ў Варшаўскім супэрмаркеце абыдуцца прыкладна ў $0,5 у Менску — у $1. Кіляграм любога мяса — ад сьвініны да бараніны — у Менску каштуе як мінімум у два разы даражэй, чым у Варшаве. Добрыя зімовыя боты ў Польшчы можна набыць за $150, у Менску за такія ж давядзецца аддаць $350. Джынсы Levi’s? У Польшчы на распродажы іх можна выхапіць за $50, а «звычайны кошт» наўрад ці перавысіць $100. У Менску ніякіх акцыяў ня будзе, а кошт — $250. Аналягічная сытуацыя з усімі прадуктамі харчаваньня прэміюм-клясы, і з усімі, амаль без выключэньняў, таварамі доўгатэрміновага выкарыстаньня — няхай гэта будзе мікрахвалёўка, халадзільнік або нават пральны парашок.

Для даўншыфцінгу Беларусь ужо мала падыходзіць. Рэстараны, добрая вопратка і турпуцёўкі тут каштуюць часам у два-тры разы даражэй, чым у суседзяў. І калі ва Ўкраіне наняць няню на месяц можна за $300-400 у месяц, то ў Беларусі яе мінімальны кошт — $700-800.

Зь іншага боку, мянчане ніколі ня ведалі, што гэта такое — аддаваць палову даходаў за кватэру. Зьняць годную аднапакаёвую кватэру недалёка ад цэнтру ў Менску можна без праблем за $300 у месяц. У Варшаве аналягічная абыдзецца ў 500 эўра. Плюс да гэтага, мянчук будзе плаціць за сьвятло, ваду і камунальныя паслугі ў суме да $20 у месяц, а жыхар Варшавы — $50-100. У Менску ніхто ня плаціць даляр у гадзіну за паркоўку і не купляе парковачных месцаў у доме за $30-50 тыс. даляраў (калі жыве ў добрым доме), як гэта адбываецца і ў Варшаве, і ў Кіеве.

Тое, што ў Беларусі многія прывыклі атрымліваць бясплатна або ўмоўна бясплатна (адукацыя, базавы ўзровень мэдычнага абслугоўваньня, транспарт, страхавыя паслугі, вельмі танны ў параўнаньні з суседзямі бэнзін), у навакольным для іх капіталістычным сьвеце і ёсьць галоўны артыкул выдаткаў. Не на айфоны і не на пяцігадовыя «мэрсэдэсы» людзі зьбіраюць грошы ў Польшчы, а на навучаньне дзіцяці ў інстытуце. Бо дарагі гаджэт і смачная ежа — слабое суцяшэньне для чалавека, пазбаўленага будучыні.

Увогуле, колькі б ні хавалілі лукашэнкаўскі рай прапагандысты з захаду і ўсходу, за апошнія гадоў дзесяць ён стаў адчувальна больш багатым, больш дарагім і больш самаздаволеным. Спытайце беларусаў, якія рэгулярна матаюцца ў Кіеў па пакупкі, дзе людзі жывуць лепш і зарабляюць больш? На карысьць украінскай сталіцы прагучыць зусім няшмат галасоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG