Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікты паміж забудоўшчыкамі і жыхарамі шэрагу менскіх раёнаў набываюць усё большыя маштабы.

Людзі незадаволеныя палітыкай ушчыльненьня ўжо сфармаваных жылых кварталаў, якую ўзялі за практыку гарадзкія ўлады; дольшчыкі абураныя, што з-за няспыннага супраціву пачатак будоўлі ўвесь час адкладаецца, а грошы зь іх між тым спаганяюць; будаўнічыя арганізацыі адсылаюць да загаду максымальна трымаць горад у цяперашніх межах. Пра жарсьці на жыльлёвым рынку.

Асноўны забудоўшчык у сталіцы — дзяржаўнае прадпрыемства «Мінскбуд», якое ўзводзіць да 70% новай нерухомасьці — у тым ліку для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў. Пры гэтым кіраўніцтва аб’яднаньня не хавае, што вымушанае шукаць выйсьця з досыць далікатнай сытуацыі.

З аднаго боку, існуе жорсткае патрабаваньне да апошняга ўтрымліваць Менск у межах кальцавой дарогі — на ўзроўні прэзыдэнцкага загаду катэгарычна забаронена займаць ворныя і сельскагаспадарчыя землі. Разам з тым спускаюцца пляны па аб’ёмах — толькі на 2013 год стаіць задача здаць 1 мільён квадратных мэтраў жыльля. Цяпер у «полі» будуецца толькі адзін новы раён — Каменная Горка. А гэта значыць, у такіх умовах ушчыльненьне ўжо існуючай інфраструктуры будзе набываць усё большыя маштабы. Як кажа генэральны дырэктар «Мінскбуда» Мікалай Мілашэўскі, пакуль выбудоўваецца сыстэма выдзяленьня зямлі, спрэчныя сытуацыі трэба ўспрымаць як непазьбежнасьць. Але адмаўляцца ад будаўніцтва сярод абжытых кварталаў ніхто не зьбіраецца.

На гэтым фоне палітычная інэртнасьць спраўна кампэнсуецца выступамі менчукоў, незадаволеных будаўнічай палітыкай сталічных уладаў. Стыхійныя і сплянаваныя мітынгі супраць ушчыльненьня і без таго загружаных дваровых тэрыторыяў ахапілі самыя розныя раёны Менску, але найбольш — Уручча.

Днямі адразу два відэазвароты да прэзыдэнта былі запісаныя на пляцоўцы ля ўнівэрсаму «Першамайскі». Першымі сваё пасланьне на Карла Маркса, 38 накіравалі жыхары мікрараёну Ўручча-2, якія гатовыя «касьцьмі легчы», але не дапусьціць, каб у іхны двор усунулі чарговую «сьвечку». Празь нейкі час там жа імправізаваную студыю наладзілі чальцы жыльлёва-будаўнічага каапэратыву, якія тры гады ня могуць пачаць будавацца на спрэчным месцы. Сярод апошніх — і шматдзетная сям’я паэта Анатоля Івашчанкі. Паводле ягоных словаў, іх падманулі ўжо двойчы і цярпеньне людзей на мяжы. Тым больш, што працы на чатырох іншых дамах з гэтай сэрыі — для байцоў спэцназу і супрацоўнікаў Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі — ідуць да завяршэньня:

Анатоль Івашчанка

Анатоль Івашчанка

«У нашым каапэратыве пераважна ільготнікі: багата шматдзетных сем’яў, бацькі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, людзі, якія ў чаканьні ўласнага кута папросту жывуць у антысанітарных умовах. Але атрымалася так, што ўлады двойчы адмянілі сваё рашэньне адносна будаўніцтва нашага дому. Па сутнасьці, усе астатнія дамы будуюцца, а наш прынесьлі ў ахвяру абураным жыхарам Уручча. Пры тым, што ўсю праектна-каштарысную дакумэнтацыю мы маем, маем дазвол на будаўніцтва, маем дазвол на пляцоўку. За 3 гады нашага чаканьня мы выплацілі 6 тысяч даляраў толькі за паперы. То бок дом яшчэ не пачаў будавацца, а вялізныя грошы за ўсю гэтую дакумэнтацыю ўжо сплацілі. І калі гэтае рашэньне зноў будзе адмененае, то, ведаючы цяперашнія настроі ў нашым каапэратыве, людзі будуць гатовыя выйсьці з намётавым мястэчкам. Бо зямля па ўсіх дакумэнтах належыць нам. Таму застаецца спадзявацца, што ўлады пойдуць шляхам закону, а не павядуцца на гэтыя пратэсты».

Свае відэаазвароты да вышэйшага кіраўніцтва запісалі падманутыя дольшчыкі так і не збудаванага дому на рагу вуліц Філімонава-Парніковай-Макаёнка. Эстафэту падхапілі чальцы каапэратыву ў Лябяжым — дом нібыта гатовы, але дзяржаўны забудоўшчык працягвае здымаць грашовы аброк. Да мітынгу жыхароў Уручча-2 далучыліся жыхары раскватараванага побач Вайсковага гарадка, якія бароняць лес ад будучага аўтасалёну, а таксама насельнікі мікрараёну Ўсход-2 — ня хочуць, каб замест дыспэтчарскай станцыі «Каліноўскага» ўторкнулі чарговую высотку.

Зрэшты, цяпер амаль гарантавана, што спроба ўшчыльніць забудову неадкладна прывядзе да народнага абурэньня. Самае сьвежае пацьверджаньне — калектыўны сход жыхароў вуліцы Калініна. На скрыжаваньні з аднайменным завулкам распачынаецца будоўля 18-павярховага «слупка», а па пэрымэтры кварталу, уключна з вуліцамі Кузьмы Чорнага і Талбухіна, заплянаванае ўшчыльненьне чатырма дзевяціпавярховікамі. Людзей абурае, што ўсе свае рашэньні ўлады падаюць у выглядзе канстатацыі факту:

«Па-першае, не было праведзенае грамадзкае абмеркаваньне праекту рэканструкцыі. Чаму Менгарвыканкам не прызнае, што будоўля рэальна пачалася яшчэ ў 2012 годзе, а ня ў гэтым, як сьцьвярджаюць чыноўнікі? Таму
гарвыканкам наўмысна парушыў закон, бо мы ўсе ведаем, калі будоўля пачалася насамрэч
што калі прызнаны гэты факт, то ўсё астатняе апынаецца па-за законам. Выглядае, што гарвыканкам наўмысна парушыў закон, бо мы ўсе ведаем, калі будоўля пачалася насамрэч. Па-другое, парушаны закон аб архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь. Артыкул 4 сьведчыць, што ўлады ня маюць права прымаць горадабудаўнічыя рашэньні без грамадзкага абмеркаваньня. Мы патрабавалі на ўсіх узроўнях, каб нам сказалі, калі былі падобныя аб’явы і ў якіх СМІ, бо цяпер яны спрабуюць казаць, што, маўляў, папярэджвалі. Але за цэлы год ліставаньня ніхто нам гэтага дакумэнтальна так і не пацьвердзіў».

«Ушчыльнены» дом — падарунак для любога забудоўшчыка. Найперш, ня трэба траціць лішняй працы і грошай на правядзеньне камунікацыяў, якія можна «запаралеліць» з суседнімі пабудовамі. Але самае галоўнае, што на новы дом, уціснуты нават пасярод старых хрушчовак, у параўнаньні з той жа Каменнай Горкай цэньнік аўтаматычна ўзьлятае ўдвая. Таму і зразумела, што конкурс сярод забудоўшчыкаў, якія хацелі б працаваць на ўшчыльненьні, нашмат большы, чым сярод кандыдатаў на аб’ект за кальцавой дарогай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG