Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ледзь зводзяць канцы з канцамі — і ўсё роўна падтрымліваюць дыктатуру»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Эфір 7 жніўня 2013 году

Значная частка той пошты, якую мы атрымліваем старым традыцыйным спосабам — праз абанэнцкую скрыню, у папяровых канвэртах з напісанымі ад рукі аркушамі, — гэта допісы людзей сталага веку. Пэнсіянэры ў Беларусі — вялікая сацыяльная група, ад палітычнай пазыцыі якой шмат у чым залежыць будучыня дзяржавы. Звычайна лічыцца, што старэйшыя пакаленьні беларусаў — адданыя прыхільнікі дзейнага аўтарытарнага рэжыму. Ці так гэта? Зь ліста на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову.

Многія жыхары Пінску былі абураныя дзеяньнямі міліцыянтаў, якія 7 ліпеня брутальна затрымлівалі гандляроў-пэнсіянэраў каля мясцовага рынку. Разьмешчанае ў сеціве відэа гэтых затрыманьняў выклікала шырокі розгалас, у тым ліку і сярод слухачоў і гледачоў Свабоды. Вось які ліст на гэтую тэму даслаў Мікола Канаховіч з Пружанаў. Ён піша:

«Само па сабе здарэньне — больш чым жудаснае. Пасьля такога гвалту ў любой (нават не дэмакратычнай) краіне, дзе кожны чалавек і народ у цэлым паважае сябе, ускалыхнулася б гіганцкая хваля пратэсту. Мы такое назіраем у суседзяў. А ў нас — цішыня... Калі і была невялікая хваля абурэньня ў Пінску, дык і тая прайшла ніжэй скошанай травы... І гэта, лічу, не таму, што мы такія зацугляныя, заціснутыя абцугамі дыктатуры, а з прычыны таго, што адмовіліся ад сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці. Ператварыліся ў статак авечак — таму драпежнікі заўсёды сытыя і адчуваюць сябе беспакаранымі...

Вось з гэтай прычыны я не магу спачуваць тым пацярпелым пінскім пэнсіянэрам. Наадварот, нават цешуся, што ў стане манкуртаў адбыліся так званыя «разборкі». А як ня цешыцца, калі ахоўнікі гэтага рэжыму — міліцыянты — гвалтоўна хапаюць і цягнуць у пастарунак не апазыцыянэраў, не пратэстоўцаў — а самых што ні ёсьць адданых прыхільнікаў гэтага рэжыму. Бо мы ж усе ведаем, што пэнсіянэры (за вельмі рэдкім выключэньнем) — самая масавая сацыяльная база Лукашэнкі. Хто, як не яны, абапіраючыся на кульбакі, першымі рынуцца датэрмінова галасаваць за дыктатуру? У каго, як ня ў іх, на ўсе аргумэнты супраць дыктатара падрыхтаваны адзін і той жа адказ: «А хто лепшы за яго?» Хто, як не яны, пазбавілі будучыні ўласных унукаў і праўнукаў?

Сёньня ў Беларусі больш як два з паловай мільёны пэнсіянэраў. Такая магутная сіла лёгка магла б карэнным чынам паўплываць на палітыку. Але ж яна цягне краіну назад. Дзіўны парадокс атрымліваецца. Так званыя «мудрацы»
Ну ніяк ня хочуць нашы пэнсіянэры-пераможцы жыць па-людзку — хоць бы так, як жывуць, напрыклад, пераможаныя немцы
тармозяць разьвіцьцё, падтрымліваюць дыктатуру і самаізаляцыю краіны ад цывілізаванага сьвету — і ў той жа час самі ледзь зводзяць канцы з канцамі. Многія, каб выжыць, гандлююць дзе папала і чым папала... Ну ніяк ня хочуць нашы пэнсіянэры-пераможцы жыць па-людзку — хоць бы так, як жывуць, напрыклад, пераможаныя немцы...

Ведаю, што многія назавуць мяне, Міколу Канаховіча, за гэтыя словы ня толькі цынічным, але можа, нават і ворагам народа — з адпаведнымі высновамі. Я да гэтага гатовы. Але ў такім выпадку нашым пэнсіянэрам наканавана векаваць у брудзе, хваробах і хлусьні. Таму што праўда ў прынцыпе ня можа быць ні цынічнай, ні варожай...«
.

Наўрад ці выпадае, спадар Мікола, чакаць ад людзей сталага веку масавых рэвалюцыйных выступаў у падтрымку абнаўленьня ды перамен. Гэта — адметнасьць старых ня толькі Беларусі. Старэйшае пакаленьне, як правіла, схільнае да кансэрватызму, падазрона і зь недаверам ставіцца да рэформаў і новых асобаў у палітыцы. У Беларусі гэта выяўляецца асабліва заўважна — на тое ёсьць шэраг аб’ектыўных гістарычных прычын. Чакаць ад сівавалосых вэтэранаў вайны, працы і сацыялістычнага будаўніцтва (прынамсі, ад іх большай часткі) чагосьці іншага наўрад ці выпадае.

Улада ўсяляк падтрымлівае гэтую сваю сацыяльную базу. І, заўважце, пасьля пінскага інцыдэнту начальнік Берасьцейскай абласной міліцыі ўрэшце папрасіў прабачэньня ў затрыманых пэнсіянэраў, назваўшы дзеяньні сваіх падначаленых непрафэсійнымі.

Адметна тое, што апазыцыйных актывістаў міліцыя затрымлівае, як правіла, нашмат больш жорстка, часам зьбіваючы і нават катуючы. Але ці здаралася хоць аднойчы, каб міліцэйскія чыны потым прасілі за гэта прабачэньня?

Наступны ліст даслаў нам Ігар Пасноў зь Віцебску — дзіцячы доктар, які вядзе доўгую і зацятую барацьбу са злоўжываньнямі мясцовых чыноўнікаў. У выніку спадар Ігар нядаўна страціў працу ў дзяржаўным шпіталі. Гэтым разам у сваім лісьце на «Свабоду» слухач зьвяртае ўвагу на крытычную сытуацыю з эпідэміяй афрыканскай чумы, якая ахоплівае ўсё новыя рэгіёны краіны. Ігар Пасноў піша:

«Хтосьці, можа, ставіцца да гэтай бяды паблажліва, ледзь ня з гумарам. А насамрэч праблема — вялізная. Афрыканская чума ўжо лютуе на Віцебшчыне. То тут, то там знаходзяць у ярах трупы сьвіней, часам нават не прысыпаныя зямлёй... Атмасфэра страху і паказухі зусім не спрыяе таму, каб людзі ведалі праўду, каб кожны адмысловец на сваім месцы цьвяроза ацэньваў сытуацыю і дакладна ведаў, што рабіць.

А ў нас жа паўсюль — прыпіскі, дзьмутыя лічбы ўяўнага дабрабыту. Вось цяпер ураджаі параўноўваюць з 1976 годам. Маўляў, вунь якіх мы вышыняў дасягнулі!

Усё больш пераконваюся, што цэнтральная ўлада не кантралюе сытуацыю на месцах. Вельмі падобна да апошніх гадоў брэжнеўскай эпохі. Хвальба бліскучым парадным мундзірам, пампэзныя парады і фэстывалі, і адначасова — замшэлы фэадалізм на месцах. Так званыя „губэрнатары“ сталі ўдзельнымі князькамі. Наш віцебскі цяпер заняты пабудовай палаца ў цэнтры гораду, у зоне адпачынку. Узводзіць жылы службовы дом паводле інвэстыцыйнай праграмы аблсавету. Што яму тая чума, сьвіньні...

Ужо нават прэм’ер-міністар Мясьніковіч абураецца: асноўныя эканамічныя паказьнікі ў вобласьці выконваюцца толькі на траціну, тэмпы будаўніцтва жыльля — самыя нізкія ў краіне, а вось праблемная запазычанасьць перад банкамі — самая высокая... Тым часам губэрнатару будуюць за дзяржаўныя грошы дом ударнымі тэмпамі. Чым ня брэжнеўшчына канца 70-х? Нават горш...»
.

Тыя, хто памятае брэжнеўскую эпоху, могуць засьведчыць: тады намэнклятуршчыкі былі ўсё ж значна больш сьціплымі. Будаваць для сябе ў прыгарадзе так званыя «Царскія сёлы» ніхто не адважваўся, адкрыта дэманстраваць сваё багацьце і пасьпяховасьць было не прынята. Не таму, што савецкія і партыйныя чыноўнікі былі такімі ўжо высокамаральнымі. І хцівасьці, і сквапнасьці, і несумленна нажытых капіталаў хапала і тады. Але над любым партыйным намэнклятуршчыкам пастаянна навісаў нябачны дамоклаў меч усёмагутнага камітэту парткантролю. Пакласьці партбілет на стол (а значыць, страціць і пасаду, і прывілеі, і пэрспэктывы) можна было ня тое што за даказаныя крымінальныя злачынствы — а проста за праявы асабістай нясьціпласьці і так званае «маральнае разлажэньне». Так, намэнклятуршчыкі знаходзілі абходныя шляхі і мелі нейкія прывілеі. Многія памятаюць, як у гады перабудовы іх чыхвосьцілі за тое, што яны мелі права на прадуктовыя наборы з сухой каўбасой альбо за паездкі на лецішча на службовых «Волгах». Але як жа дробязна і амаль бяскрыўдна выглядае тое на тле сёньняшніх намэнклятуршчыкаў, якія пры легальным заробку ў 500 даляраў будуюць сабе маёнткі за мільён і купляюць лімузыны за сотні тысяч даляраў...

24 ліпеня ў аглядзе пошты прагучаў ліст Леаніда Кулеша зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну — з развагамі пра тое, які лёс чакае нацыянальную валюту ў Беларусі. У прыватнасьці, слухач выказваў небясспрэчнае меркаваньне, што давер да беларускага рубля зьявіцца, калі Лукашэнку выберуць на чарговы новы тэрмін і ён увядзе новую, сапраўдную нацыянальную валюту зь цьвёрдым курсам, які будзе вышэйшы, чым у амэрыканскага даляра (напрыклад, паўтара даляра за адзін беларускі рубель). І на тых сапраўдных грашах, на думку слухача, павінен зьявіцца партрэт першага беларускага прэзыдэнта — іхнага стваральніка.

На ліст адгукнулася іншая наша слухачка з той жа вёскі Сіняўка Клецкага раёну — Ніна Кунцэвіч. Яна піша:

«Мы з мужам часта слухаем Радыё Свабода. Учора раніцай пачулі ліст нашага земляка Леаніда Мікалаевіча Кулеша. Гэтага чалавека і ў Сіняўцы, і ў навакольлі добра ведаюць. У яго вялікая эрудыцыя, да яго зьвяртаюцца
А што на купюрах зьявіцца партрэт Лукашэнкі — дык і гэта можа быць. Чаму не?
па дапамогу многія людзі, якім не шанцуе ў жыцьці, якіх крыўдзяць чыноўнікі. Ён стараецца дапамагаць — і словам, і справай. Так што мы яму верым. І калі ён напісаў вам, што Лукашэнку будуць выбіраць на пяты тэрмін і што новы беларускі рубель будзе даражэйшы за даляр — то так яно і будзе, не сумняюся. А што на купюрах зьявіцца партрэт Лукашэнкі — дык і гэта можа быць. Чаму не? Гэтулькі гадоў чалавек пры ўладзе — няўжо не заслужыў? Гэта — наша меркаваньне. А якая думка на гэты конт іншых слухачоў — спадзяемся пачуць па Свабодзе. Вельмі добра, што вы даяце супрацьлеглыя меркаваньні наконт такіх праблемаў».

Прырода любога аўтарытарнага рэжыму такая, што партрэт дыктатара, вядома ж, у любы момант можа зьявіцца на грашовых купюрах. І ня толькі на іх. Людзі старэйшага веку памятаюць, як у СССР абагаўлялі Сталіна і разьвешвалі ягоныя партрэты ды ставілі помнікі ва ўсіх гарадах і пасёлках. Калі б Лукашэнка ня стрымліваў некаторых надта жвавых чыноўнікаў — то даўно ў Беларусі былі б і помнікі ягоныя, і вуліцы, і плошчы, і партрэты на купюрах... Пакуль што ў яго хапае развагі такія памкненьні стрымліваць. Магчыма, якраз таму, што памятае пра лёс сталінскіх партрэтаў і помнікаў. Але з гадамі людзі мяняюцца. Хто ведае, можа, дажывем і да купюр з выявай вусатага і лысага профілю...

Што да стабільнасьці гіпатэтычнай новай беларускай валюты, то паўтару тое, што ўжо адказваў спадару Кулешу: за тыя два дзясяткі гадоў, што Лукашэнка кіруе краінай, можна было даўно ўтаймаваць інфляцыю і зрабіць беларускі рубель устойлівым і вартым даверу. Але калі грашовая палітыка застанецца такой жа, калі Нацыянальны банк ня будзе самастойным, а ва ўраду застанецца магчымасьць пры любой нагодзе бескантрольна ўключаць грашовы друкарскі станок — сытуацыя будзе паўтарацца зноў і зноў, якую б новую назву для валюты ні прыдумлялі і які б высокі першапачатковы курс грашовай адзінкі ні ўсталёўвалі...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.


Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG