Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра 7 праблемаў са здароўем, пра якія няёмка, сорамна казаць, піша выданьне Livescience.

Празьмернае паценьне ці гемарой — большасьць людзей сутыкаюцца з падобнымі праблемамі на працягу жыцьця. Пра іх няёмка гаварыць, да таго ж часам яны — паказьнікі небясьпечных захворваньняў.

Напрыклад, начное нетрыманьне мачы ў дарослых можа быць зьвязана з гіпэрактыўнасьцю мачавога пухіра, выкліканай мэдычнымі прэпаратамі, якія прымаюцца ад бяссоньня або псыхічнага захворваньня. Дасьледаваньні паказваюць, што прынамсі 2% дарослых ня могуць кантраляваць свой мачавы пухір ноччу.

Некаторыя няёмкае праблемы могуць быць ліквідаваныя ці прынамсі часткова вырашаныя.

1. Газы з вагіны

Выхад паветра з похвы выклікае сорам, але гэта ня рэдкасьць, калі жанчыны займаюцца сэксам ці робіць фізычную працу. Дактары рэкамэндуюць больш шчодрую змазку ці зьмену позы пры сэксе.

2. Гемарой

Паводле дадзеных Нацыянальнага інстытута здароўя ЗША, прыкладна кожны другі да 50 гадоў мае праблемы з гемароем. Сымптомы хваробы — анальны сьверб, боль падчас дэфэкацыі, анальны боль, ярка-чырвоная кроў у экскрэмэнтах.

Пры лёгкіх сымптомах лекары рэкамэндуюць выкарыстоўваць крэмы, мазі або сьвечкі. Але калі маецца крывацёк, балючыя гемараідальныя вузлы, якія не праходзяць, дактары раяць невялікае амбуляторнае ўмяшаньне.

3. Палавыя хваробы

Захворваньні, якія перадаюцца палавым шляхам, зьяўляюцца адной з асноўных праблем грамадзкай аховы здароўя ў ЗША. Штогод у краіне гэтымі хваробамі заражаюцца 19 мільёнаў чалавек.

Жанчыны больш схільныя да гэтых захворваньняў, таму што сьлізістая абалонка похвы танчэй, чым у палавога члена мужчыны, што робіць жанчыну ўразьлівай для пранікненьня бактэрый і вірусаў.

Найбольш распаўсюджаныя палавыя хваробы: хлямідыёз, ганарэя, пранцы, СНІД і генітальны герпэс.

Прэзэрватывы забясьпечваюць лепшую абарону ад вэнэрычных захворваньняў, але яны ня могуць цалкам абараніць ад генітальнага герпэсу. Людзей з генітальным герпэсам рэкамэндуецца ўжываць такія лекі, як Zovirax, Valtrex і Famvir, якія могуць зьнізіць верагоднасьць перадачы вірусу.

4. Кепскі пах з роту

Кепскі альбо непрыемны пах з роту часта зьяўляецца сьледзтвам назапашваньня бактэрый у роце ад ежы, сухасьці ў роце, курэньня або хранічных захворваньняў.
У многіх выпадках паляпшае сытуацыю гігіена ротавай поласьці, дактары раяць у такіх выпадках рэгулярна рабіць прафэсійную чыстку зубоў у зубнога лекара, а таксама чысьціць зубы два разы на дзень і адзін раз у дзень зубной ніткай. Яны таксама рэкамэндуюць чысьціць язык.

Такія сродкі, як вадкасьць для паласканьня роту ці жавальная гумка могуць дапамагчы ад непрыемнага паху, але гэтыя сродкі даюць толькі часовы эфэкт.

5. Мача падчас сэксу

Гэта звычайна ня тычыцца мужчын, бо ў іх арганізьме ёсьць кляпан, які перакрывае мачавы пухір падчас сэксуальнага ўзбуджэньня. У жанчын такога кляпану няма.

Гінэколяг Рос Эліша з клінікі Кліўленда кажа, што прычына выдзяленьня мачы падчас сэксу — слабыя тазавыя мышцы, пэўнае правісаньне іх з узростам. «Лепшае, што можна зрабіць, калі нешта падобнае адбываецца, казаць пра гэта», — адзначае Боб Робінсан, псыхоляг з цэнтру сэксуальнага здароўя ўнівэрсытэту Мінэсоты. — Секс — гэта брудная справа ў любым выпадку, так што трэба проста быць гатовымі да гэтага".

6. Празьмерная патлівасьць

Празьмерная патлівасьць (гіпэргідроз) можа праяўляцца ў некаторых людзей, нават калі тэмпэратура адносна нізкая ці калі яны знаходзяцца ў стане спакою. З гэтай праблемай сутыкаюцца 3% амэрыканцаў. Супраць гэтага побач з выкарыстаньнем агульных сродкаў, такіх як рэгулярныя антыпэрсьпіранты, лекары часта прызначаюць і іншыя, напырклад тыя, што ўтрымліваюць хлярыд алюмінію.

Ужываецца таксама іонафарэз для часовага адключэньня потавых залозаў. Падчас працэдуры ногі і рукі пацыента зьмяшчаюцца ў ваду і праз яе прапускаецца слабы электрычны ток.

Навукоўцы таксама выявілі, што іньекцыі ботаксу, якія выкарыстоўваюцца для згладжваньня маршчын на твары, можа дапамагчы і супраць гіпэргідрозу.

7. Вугры ў дарослым узросьце

Вугры зьяўляюцца, калі поры скуры забітыя мёртвымі клеткамі. І хоць дэрматолягі дакладна ня ведаюць, чаму некаторыя жанчыны схільныя да вугроў, ёсьць меркаваньне, што гэта можа быць зьвязана з прыёмам гармонаў падчас цяжарнасьці і мэнапаўзы, а таксама з прыёмам некаторых лекавых прэпаратаў. Ад лёгкай і сярэдняй формы вугроў дапамагаюць антыбіётыкі кліндаміцын і эрытраміцын, а таксама лек кларон.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG