Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая справа ў дачыненьні да змагароў з пэдафіламі ў Менску ўжо ў судзе, паведаміў прэсавы сакратар менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі.

Пацярпелыя ад дзеяньняў змагароў з пэдафіламі ў Менску пачалі зьвяртацца з заявамі ў праваахоўныя органы, а ў адным зь менскіх судоў ужо разглядаецца крымінальная справа, пра гэта напісаў у сваім асабістым блогу прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі.

«Мне прыйшло прыватнае паведамленьне ад аднаго з пацярпелых ад „акупаяў“ (асобы, якія аб’явілі сябе барацьбітамі з пэдафіламі). Прававая дапамога яму не патрэбная, бо крымінальная справа ўжо знаходзіцца ў судзе. Думаю, ён не адзін такі пацярпелы ад самавольства. Каб дадзеная публікацыя не была расцэненая як спроба паўплываць на меркаваньне суду, я прыбраў усе пэрсанальныя дадзеныя з паведамленьня», — напісаў Ластоўскі.

Ён таксама прывёў словы звароту да яго аднаго з пацярпелых:

«Я вельмі разумею гэтага маладога чалавека, таму што сам прайшоў праз падобнае, а можа і горшае. Толькі я не пэдафіл, але прыніжэньне перажыў велізарнае і проста хацеў Вам, як чалавеку і як прадстаўніку праваахоўных органаў, падзякаваць за прынцыповую пазыцыю. Магчыма, Вы чулі пра гэтую гісторыю. У дадзены момант распачата крымінальная справа прыватнага парадку па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: па ч. 1 арт. 179 „Незаконныя збор або распаўсюд зьвестак аб прыватным жыцьці, якія складаюць асабістую ці сямейную таямніцу іншай асобы, безь ягонай згоды, якія пацягнулі прычыненьне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелага“, а таксама ч. 2 арт. 189 „Абраза, нанесеная ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі“.

Справа ў судзе цяпер разглядаецца толькі ў дачыненьні да двух з іх. Ужо амаль год (пасяджэньні часта пераносіліся — яны проста не зьяўляліся, два зь іх цяпер наогул хаваюцца, знаходзяцца ў вышуку, адзін пад сьледзтвам па іншай справе), у кожнага з гэтых чатырох, якія на мяне напалі, дарэчы, ёсьць крымінальнае мінулае. Іронія лёсу: ловяць „пэдафілаў“ крымінальнікі — распаўсюднікі наркотыкаў і псыхатропных рэчываў».

На мінулым тыдні ў інтэрнэце зьявілася відэа пра тое, як прадстаўнікі структуры, што абвясьцілі сябе барацьбітамі з пэдафіламі ў Менску, учынілі самасуд над маладым менчуком.

Пацярпелы ўжо зьвярнуўся па дапамогу адваката, яны рыхтуюць заяву ў праваахоўныя органы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG