Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія наступствы для эканомікі Беларусі будуць мець перамены на калійным рынку?


«Беларуськалій», Салігорск

«Беларуськалій», Салігорск

Удзельнікі: эканамічны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак і эканамічны аглядальнік «Белгазеты» Сяргей Жбанаў.


Якія сапраўдныя прычыны развалу беларуска-расейскага альянсу?


Валер Карбалевіч: «Інтэрвію гендырэктара „Ўралкалія“ Ўладзіслава Баўмгертнэра расейскай газэце „Ведомости“, на мой погляд, не патлумачыла сапраўдных прычын выхаду расейскай кампаніі з БКК.

Афіцыйная вэрсія, вылучаная кіраўніцтвам расейскай кампаніі, не вытрымлівае ніякай крытыкі. Маўляў, „Беларуськалій“ парушыў умовы, правілы продажу прадукцыі праз адну правадную сетку — БКК, беларусы прадавалі празь іншыя збытавыя каналы. Справа ў тым, што такія парушэньні, прычым у яшчэ большым маштабе, дапускаў і „Ўралкалій“. Таму пытаньне пра прычыны гэтага кроку расейскай кампаніі застаецца на парадку дня. А як вы лічыце, што насамрэч падштурхнула „Ўралкалій“ на такое рашэньне?»

Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

Сяргей Жбанаў

Сяргей Жбанаў

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Тацьцяна Манёнак: «Канфлікт паміж „Уралкаліем“ і „Беларуськаліем“ паступова тлеў. Стратэгія партнэраў у рамках БКК была такая: найперш цана, а аб’ёмы потым. Але гэтая стратэгія перастала працаваць. Бо цэны на ўсясьветным калійным рынку ўпалі ў выніку ўсясьветнага эканамічнага крызісу і скарачэньня попыту. Таму канфлікты паміж акцыянэрамі БКК узмацніліся.

„Уралкалій“ апошнім часам прадаваў прадукцыю (80%) не праз БКК, а праз уласнага трэйдэра, зарэгістраванага ў Швайцарыі. Гэта дазваляла расейскай кампаніі не плаціць падаткі ў такіх памерах, як гэта рабіў „Беларуськалій“. „Уралкалій“ спрабаваў пераканаць беларускае кіраўніцтва адмовіцца ад БКК і стварыць новую збытавую кампанію „Саюзкалій“ паводле расейскага сцэнару. Але безвынікова.

Увогуле была нестыкоўка ў тым, што „Ўралкалій“ — прыватная кампанія, а „Беларуськалій“ — дзяржаўная кампанія. Прыватная кампанія больш гнуткая».

Сяргей Жбанаў: «Картэль — гэта найперш пагадненьне пра цэны. І калі адзін з удзельнікаў картэля цэны зьніжае, то ўжо ня мае вялікага значэньня, колькі існуе каналаў продажу. І вось у першым квартале „Беларуськалій“ прадаваў тону ўгнаеньняў за 350 даляраў, а „Ўралкалій“ — за 388 даляраў».

Карбалевч: «Няхай сабе „Беларуськалій“ дэмпінгаваў. Але пасьля выхаду „Ўралкалія“ з БКК цэны на ўсясьветным калійным рынку ўвогуле абваліліся. Дык што выйграў „Уралкалій“?»

Жбанаў: «„Уралкалій“ памяняў стратэгію. Цяпер ён будзе рабіць акцэнт не на цану, а на аб’ём прададзенай прадукцыі. Зь іншага боку, пакуль яшчэ нічога не абвалілася. Пра будучыя кантрактныя цэны мы можам гаварыць пакуль толькі ў гіпатэтычным пляне».

Карбалевіч: «Капіталізацыя абвалілася. Упалі акцыі „Ўралкалія“ на біржы».


Жбанаў: «Цана акцыяў можа ўзрасьці, калі „Ўралкалію“ ўдасца перайграць канкурэнтаў. Справа ў тым, што выдаткі „Ўралкалія“ ніжэйшыя, чым у канкурэнтаў. За кошт гэтага плянуецца адбіць страты».


Як паўплывае развал БКК на стан эканомікі Беларусі?


Карбалевіч: «Якая наступствы для „Беларуськалія“ будзе мець гэтае рашэньне былых расейскіх партнэраў? Вось прыйшло паведамленьне, што „Беларуськалій“ заключыў рамачнае пагадненьне з катарскай кампаніяй Mutajat аб сумесным продажы калійных угнаеньняў у аб’ёме да 3 млн тон у год. Як вядома, Лукашэнка ўвесь час змагаецца з пасярэднікамі. Навошта беларусам гэты катарскі пасярэднік, калі існуе БКК, празь якую дасюль экспартавалі калій?

Як падзеньне ўсясьветных цэнаў на калій адаб’ецца на даходах „Беларуськалія“? Якія наступствы гэта будзе мець для беларускай эканомікі, якой моцна не хапае валюты?»

Манёнак: «Я б асьцярожна ставілася да такіх высноваў, як абвал цэнаў на калій. Цэны на ўсясьветным калійным рынку ўвесь час вагаюцца. Таму цяперашняе іх падзеньне часовае. І праз пэўны час калійныя кампаніі вернуцца да стратэгіі: кошт — галоўнае, аб’ёмы — другаснае.

Цяпер галоўная праблема для „Беларуськалія“ — падпісаць добры кантракт з кітайцамі. Гэтаму будуць спрыяць добрыя палітычныя адносіны паміж Беларусьсю і Кітаем.
Галоўная праблема „Беларуськалія“ палягае ў тым, што ў яго няма ўласнай трэйдэрскай сеткі

Галоўная праблема „Беларуськалія“ палягае ў тым, што ў яго няма ўласнай трэйдэрскай сеткі дзеля продажу прадукцыі. Беларусы „сядзелі“ на сетцы „Ўралкалія“. Стварэньне ўласнай сеткі каштуе дорага, патрабуе вялікага інтэлектуальнага патэнцыялу, зойме ня менш за два гады. Пакуль яе няма, давядзецца працаваць празь іншыя замежныя кампаніі, кшталту катарскай. Пастаўлена задача дывэрсыфікаваць рынкі продажу калію».

Карбалевіч: «Як так здарылася, што „Беларуськалій“ за столькі часу не стварыў сваіх трэйдэраў? Лукашэнка ж увесь час змагаецца з пасярэднікамі, называе іх жулікамі. І вось цяпер высьвятляецца, што няма ўласнай сеткі продажу».

Жбанаў: «Ва „Ўралкалія“ захавалася яшчэ савецкая інфраструктура продажу калію. А не ствараючы ўласнай сеткі, мы зэканомілі. А цяпер за гэта давядзецца расплачвацца. За кошт катарскай кампаніі мы гэтую праблему ня вырашым. Бо катарская кампанія прадае толькі азотныя ўгнаеньні, якія выпрацоўваюцца з прыроднага газу. Калій яна не прадавала ніколі. А як кажуць, пясок — дрэнная замена аўсу.

А для беларускай эканомікі гэтая навіна дрэнная. Невыпадкова Мінфін выносіць прапановы пра падвышэньне НДС, акцызаў на бэнзін, цыгарэты і інш. То бок за кошт падвышэньня цэнаў урад хоча закрыць дзірку ў бюджэце».


Ці ёсьць пляны рэйдэрскага захопу «Беларуськалія»?


Карбалевіч: «Вось тут узгадвалася, што „Ўралкалій“ за кошт нізкага сабекошту вытворчасьці можа выціснуць і нават паглынуць канкурэнтаў. У гэтым зьвязку існуе вэрсія, што „Ўралкалій“ разваліў БКК, каб ажыцьцявіць рэйдэрскі захоп „Беларуськалія“. Як вы гэта пракамэнтуеце?»

Манёнак: «Да гэтага яшчэ далёка. Пакуль незразумела, якія насамрэч будуць тэндэнцыі на калійным рынку. Бо пакуль мы маем толькі прагнозы. Усё будзе залежаць ад фінансавага становішча Беларусі. Думаю, „Беларуськалій“ будзе апошнім актывам, які кіраўніцтва Беларусі прадасьць. Хіба толькі 20–25% акцыяў. Дарэчы, нагадаю, што сёлета „Беларуськалій“ набыў 30% акцыяў тэрміналу ў літоўскім порце Клайпеда. Думаю, калі і прадаваць, то ў сытуацыі росту ўсясьветнай каньюнктуры на калій, а не ў сытуацыі спаду цэнаў. У любым выпадку тое, што мы маем сёньня, — гэта сур’ёзны выклік для „Беларуськалія“ і для беларускай эканомікі».

Карбалевіч «Вось сп-ня Манёнак сказала, што „Беларуськалій“ — гэта апошні актыў, які беларускае кіраўніцтва прадасьць. Але я ўзгадваю, што пару гадоў таму зьдзелка па продажу 50% „Беларуськалія“ „Ўралкалію“ была амаль што ўзгоднена. І толькі аварыя на адным з руднікоў перашкодзіла».

Жбанаў: «Справа ў тым, што і „Беларуськалій“, і БКК — гэта не публічныя кампаніі. Іхніх акцыяў няма на біржы. Таму цяжка пра нешта меркаваць, бо ўсё схавана. А размоваў пра продаж „Беларуськалія“ было шмат. Перш чым прадаваць, патрэбная ацэнка актыву міжнароднымі рэйтынгавымі кампаніямі. А гэтага ж не было. Лукашэнка называў цану „Беларуськалія“ і 30, і 32 млрд даляраў. Кожны мае права на ўласную думку. Вядома, можа адбыцца зьдзелка ў выніку дамовы паміж прэзыдэнтамі дзьвюх дзяржаў. Але гэта будзе ня рынкавая зьдзелка, а палітычная. Але калі не прадалі яго ў пэрыяд высокай каньюнктуры, то цяпер гэта ня мае сэнсу».

Карбалевіч: «А калі валюты ня стане?»

Жбанаў: «Толькі ў выпадку, калі ня будзе чым плаціць даўгі, можна разглядаць такі варыянт. Дарэчы, нельга выключаць, што „Беларуськалій“ і „Ўралкалій“ вернуцца да партнэрства. Пра гэта, дарэчы, гаварылася ў прэс-рэлізе „Ўралкалія“. Але гэтае партнэрства можа існаваць толькі ва ўмовах эканамічнага пад’ёму».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG