Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка не паехаў у Кіеў на сьвяткаваньне гадавіны хрышчэньня Кіеўскай Русі? Што азначаюць яго прапановы наконт рэфармаваньня праваслаўнай царквы? Ці азначаюць гэтыя крокі і заявы рух да аўтакефаліі БПЦ ці, прынамсі, да яе большай аўтаноміі і большага падпарадкаваньня беларускім сьвецкім уладам?

Удзельнікі: супрацоўнікі радыё Свабода Сяргей Абламейка і Валер Карбалевіч, а таксама адзін з кіраўнікоў Беларускай Хрысьціянскай дэмакратыі, былы кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі.

Чаму Лукашэнка задумаў рэфармаваць праваслаўную царкву?

Дракахруст: Аляксандар Лукашэнка не паехаў у Кіеў на сьвяткаваньне 1025-годзьдзя Хрышчэньня Кіеўскай Русі. Нават прэзыдэнты Малдовы і Сэрбіі — краін, якія імкнуцца ў Эўразьвяз, паехалі, а верны саюзьнік Крамля, гарачы адэпт праваслаўя Лукашэнка — не. Да таго ж шмат хто зьвярнуў увагу, што кіраўніка Беларусі на было на літургіі, якую ў Менску служыў патрыярх Маскоўскі і Ўсяе Русі Кірыл. Нарэшце, кіраўнік Беларусі нядаўна агучыў свае меркаваньні наконт неабходнасьці рэформаў у праваслаўнай царкве.

Што, на ваш погляд, азначаюць гэтыя факты, чаму і дзеля чаго кіраўнік Беларусі кідае выклік РПЦ, якая, здаецца, да апошняга часу была хіба ня самым надзейным яго апірышчам?

Рымашэўскі: Уважліва чытаючы заявы, якія зрабіў Лукашэнка, я б не сказаў, што гэта прамы выклік Рускай праваслаўнай царкве. Руская праваслаўная царква — гэта досыць складаны арганізм.

Па-першае, Лукашэнка быў досыць ветлівы. Тыя рэчы, якія ён агучваў, гэта тыя рэчы, якія сапраўды абмяркоўваюцца на праваслаўных форумах — якія, зрэшты, Лукашэнка не чытае, таму відаць, што прамову яму падрыхтавалі. І тая адзіная небясьпечная рэч, якая прагучала зь яго вуснаў — гэта тое, што ён сказаў, што «мы будзем рэфармаваць царкву», на што ён, безумоўна, ня меў ніякага права. Увогуле, я не ацэньваў бы гэтае выказваньне як выклік. Можа быць, тут ёсьць адзіная прыхаваная пагроза для Маскоўскага патрыярхату.

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

Усе забываюць пра тое, што сьвята Хрышчэньня Русі зьвязанае зь імем князя Ўладзімера. Паколькі Лукашэнка вельмі амбітны чалавек, ён заўсёды параўноўвае сябе з такімі вялікімі асобамі, і я думаю, што тыя, хто рыхтаваў яму прамову, падабралі такія пасажы дзеля таго, каб былі падставы прыраўноўваць гэтыя дзьве постаці.

Зрэшты, Аляксандар Лукашэнка не паехаў у Кіеў па адной простай прычыне: першай дзеючай асобай там, безумоўна, быў Пуцін і маскоўскі патрыярх, які вымушаны знаходзіцца ў рэчышчы крамлёўскай палітыкі. Граць другую скрыпку Лукашэнку тут не выпадала. Таму, мне здаецца, тое, што ён не паехаў на гэтае мерапрыемства — абсалютна зразумелы крок. І вось такая паказная спроба паказаць, што ён можа весьці самастойную палітыку.

Я думаю, што тут ёсьць і малпаваньне крамлёўскай палітыкі, таму што Пуцін адкрыта абвясьціў, што ў зьнешняй палітыцы руская праваслаўная царква будзе выкарыстоўвацца расейскай дзяржавай. І гэта, безумоўна, самая небясьпечная тэндэнцыя, якая толькі можа быць. У Беларусі гэта можа прывесьці да катастрафічных наступстваў для праваслаўнай царквы і абярнуцца папросту беспадстаўнымі рэпрэсіямі.

Дракахруст: Сяргей, так здаецца, што гэта даволі важныя крокі, і што яны ўбудоўваюцца ў адзіны ланцуг. Тое, што сказаў Віталь — маўляў, не паехаў таму, што Пуцін там будзе першы — дык і на самітах СНД Пуцін па змаўчаньні першы, але Лукашэнка ж на іх езьдзіў і езьдзіць.

Маскоўская патрыярхія ўвесь час кажа пра адзінства праваслаўных народаў, а непрыездам у Кіеў Лукашэнка прадэманстраваў, што адзінства няма. Пагадзіцеся, ніхто не чакаў, што Лукашэнка не прыедзе.

Абламейка: Так, я таксама не чакаў. Я з вамі, Юры, згодны. Я думаю, што гэта праява нейкага вельмі сур’ёзнага канфлікту. Гэта ня проста выпадковая паездка і гэта ня іміджавая рэч, абсалютна. Я думаю, што мы проста ня маем інфармацыі, але ў такі спосаб выявіўся сур’ёзны канфлікт. І тут мы можам гаварыць ня толькі пра праваслаўную царкву, а можа быць, і ня столькі. Пасьля гэтых заяваў ужо былі выказаныя меркаваньні, што гэта можа быць канфліктам за наступніка Мітрапаліта Філярэта, нават было названае імя пратаярэя Фёдара Поўнага. Скажам, жонка айца Фёдара Поўнага можа, напрыклад, пайсьці ў манастыр, і ён можа стаць праваслаўным герархам.

Сяргей Абламейка

Сяргей Абламейка

Але я думаю, што хутчэй за ўсё тут, магчыма, і нейкі іншы канфлікт, бо заява Лукашэнкі пра 57-кіляграмовага сама, якога ён злавіў, гаворыць пра асабістую канкурэнцыю з Пуціным. Тут можна гаварыць пра канфлікт вакол «Беларуськалію», які якраз гэтымі днямі праявіўся. Магчыма, бакі не маглі дамовіцца па гэтай справе. Цяжка меркаваць, што менавіта стала прычынай. Але згадка пра праваслаўную царкву і агучваньне плянаў пэўнага ціску на яе — гэта вельмі сур’ёзна можа ўспрымацца Крамлём, а ня толькі Патрыярхатам Рускай праваслаўнай царквы.

Мы памятаем, што яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі францускі маркіз дэ Кюсьцін пісаў, што ў зьнешняй палітыцы, у бліжнім яе навакольлі, для Расеі важная роля праваслаўя. Таму і сёньня, калі хочаш неяк ушчыкнуць Крэмль, можна нейкім чынам ушчыкнуць праваслаўную царкву.

І апошняя, самая экзатычная вэрсія, што Лукашэнка клапоціцца пра праваслаўную царкву, якая сёньня , відавочна, прайграе канкурэнцыю з каталіцкай царквой. І ўсе гэтыя заявы пра мову, пра скарачэньне службаў і лаўкі ў царкве могуць быць праявай клопату пра праваслаўную царкву, каб яна адпавядала часу.

Дракахруст: Валер, як вы лічыце? Тут магчымая безьліч прычынаў, вы ў сваім блогу пералічылі некалькі зь іх, але, калі казаць агулам, на ваш погляд, гэта сапраўды адлюстраваньне нейкага канфлікту? Дарэчы, можна прыгадаць, што ў 2009 годзе, калі таксама быў эканамічны канфлікт, Лукашэнка скарыстаў такі «непрыезд» як зброю, калі ён не паехаў на саміт АДКБ. Непрыезд на «саміт Хрышчэньня Русі» — крок такога ж кшталту ці гэта частка канцэпту па зьмене стаўленьня беларускай дзяржавы да праваслаўнай царквы?

Карбалевіч: Я думаю, што гэта ўсё ж такі выклік РПЦ з боку Лукашэнкі, што гэта канфлікт. Зьвярніце ўвагу: Лукашэнка менавіта адначасова са сьвяткаваньнем у Кіеве выступіў са сваёй заявай пра рэформу праваслаўнай царквы. Наконт матываў канфлікту — можна вылучаць шмат вэрсій, мы маем недастаткова інфармацыі, але мне падаецца, што галоўнае — гэта праблема ўлады. Лукашэнка і кіраўніцтва РПЦ дзеляць уладу над БПЦ. На паверхні ляжыць тэма пераемніка, наступніка Філярэта на пасадзе кіраўніка БПЦ. У кастрычніку мінулага году адбыўся загадкавы візыт патрыярха Кірыла ў Менск, яго сустрэча з Лукашэнкам. Можна выказаць здагадку, што бакі не паразумеліся. Кірыл імкнецца прыслаць новага кіраўніка БПЦ з Масквы. А Лукашэнка хоча, каб гэта быў грамадзянін Беларусі, якога назаве ён сам.

БПЦ: незалежная ад Масквы — залежная ад Лукашэнкі?

Дракахруст: З гісторыі вядома, што аддзяленьне англійскай царквы ад рымскай курыі адбылося, па сутнасьці, з чыста палітычных і нават асабістых прычынаў: Ватыкан у 1529 годзе адмовіўся блаславіць 6 (!) шлюб караля Генрыха VIII, кароль у адказ вывеў ангельскую царкву з-пад юрысдыкцыі Рыму, вырашыўшы ня толькі праблему шлюбу з Ганнай Балейн, але і істотна ўмацаваўшы сваю ўладу. Зразумела, што ўплыў нацыянальнай улады на справы нацыянальнай царквы, прынамсі, на прызначэньне яе біскупаў, большы, чым на справы царквы, якая падпарадкоўваецца замежнаму рэлігійнаму цэнтру. Нацыянальна-дэмакратычныя сілы шмат гадоў выказваліся за аўтакефалію беларускага праваслаўя. Ці ня ёсьць крокі і заявы Лукашэнкі, якія мы назіраем — рухам менавіта ў гэтым накірунку? Рухам да аўтаноміі, большай незалежнасьці БПЦ ад РПЦ, што практычна азначае большую залежнасьць царквы ад сьвецкай беларускай улады.

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Тэма, якая найбольш хвалюе Лукашэнку, — гэта тэма ўлады. Тут ён бескампрамісны і гатовы пайсьці на жорсткі канфлікт з усімі, хто пасягае нават на маленькі кавалак ягонай улады. А ўлада над БПЦ — не такі ужо і маленькі кавалак. Большасьць насельніцтва Беларусі аб’яўляюць сябе вернікамі, няхай сабе ў форме «праваслаўных атэістаў». Апошнім часам ніхто не зьбірае так шмат людзей, як цэрквы. Нават на футбольныя матчы народ у такой колькасьці ня ходзіць, пра палітычныя акцыі і гаворка ня йдзе. Можна прыгадаць той жа Будслаўскі фэст ці набажэнства з нагоды 1025-годзьдзя Хрышчэньня Русі. І ў момант нейкага палітычнага крызысу пазыцыя царквы можа стацца надзвычай важнай. Таму трэба яе максымальна кантраляваць.

Дракахруст: Варта адзначыць, што шматлікія гульні Лукашэнкі з Эўропай часта мелі на мэце ня нешта атрымаць адтуль, а каб папалохаць Крэмль магчымасьцю сваіх геапалітычных «уцёкаў». Можа, тут тое самае — барані Бог, Лукашэнка «ўцячэ» з праваслаўя, увядзе з сабой Беларусь, каб прадухіліць гэта, трэба ўсяляк яго ўлагоджваць. Вы ня лічыце, што разьлік можа быць такім?

Рымашэўскі: Гэтая пагроза адрасаваная асабіста Пуціну, бо аўтакефалія зьяўляецца палітычным пытаньнем, якога ён ні ў якім выпадку не дапусьціць. Я хачу нагадаць выпадак, калі патрыярх публічна пярэчыў Лукашэнку: на словы кіраўніка Беларусі, што Беларусь — мост паміж Усходам і Захадам, патрыярх запярэчыў, што гэта неад’емная частка ўсходнеславянскай праваслаўнай прасторы.

Тое, што аўтакефалія ня больш чым пагроза — я ў гэтым абсалютна перакананы. Сварыцца з праваслаўнай царквой для Лукашэнкі роўназначна самазабойству. Нават калі б ён прымусіў да гэтага, гэта прывяло бы да расколу ў праваслаўнай царкве Беларусі і да адчужэньня ад яго, бо чым больш людзі ў праваслаўнай царкве скіраваныя на Расею, тым больш яны схільныя падтрымліваць Лукашэнку.

Так, ён імкнецца да кантролю, прычым над усімі цэрквамі. Паглядзіце, што робіцца — пасадзілі ксяндза. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак у найноўшай гісторыі Беларусі.

Ён імкнецца кантраляваць БПЦ, як частку грамадзянскай супольнасьці, такімі ж мэтадамі, якімі кантралююцца іншыя сэгмэнты гэтай супольнасьці, напрыклад, апазыцыя ці незалежныя мэдыі. Тое, чаго Лукашэнка, спэцслужбы, здолелі дасягнуць у асяродку апазыцыі, яны зараз спрабуюць дасягнуць у дачыненьні да царквы. Прычым, любой — праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай. І цяпер перад незалежным грамадзтвам стаіць задача бараніць царкву — бараніць і касьцёл, і пратэстанцкія суполкі, і праваслаўную царкву таксама.

Ні ў якім выпадку нельга распальваць варожасьць да праваслаўнай царквы. Мне здаецца небясьпечнай тэндэнцыя, якая ідзе на руку Лукашэнку — гэта тое, што адбылося ў Расеі, калі расейскія дэмакратычныя сілы распачалі супрацьстаяньне з царквой. Я хачу зьвярнуць вашу ўвагу на тое, што ніколі хрысьціянства не ўспрымалася таталітарнымі рэжымамі як хаўрусьнік. У рэшце рэшт яно ўспрымалася як іншародны элемэнт, які трэба было падпарадкаваць — гэта фашысцкая Італія, і нацысцкая Нямеччына, і СССР. Такім жа самым чынам, па лёгіцы таталітарызму, беларускі рэжым зараз спрабуе зьнішчыць гэтыя інстытуты. І першыя крокі мы назіраем. А заявы Лукашэнкі небясьпечныя не тым, што тут будзе аўтакефалія, альбо што ён кінуў выклік Патрыярху. Не было гэтага выкліку — я перакананы ў гэтым. Яны небясьпечныя намерам умешвацца ў справы царквы. Якім чынам — мы бачым па прыкладзе арышту ксяндза Ўладзіслава Лазара.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: Сяргей, як вы лічыце, ці могуць гэтыя заявы і крокі сьведчыць пра далёкія пляны Лукашэнкі ў стылі вядомага прынцыпу «чыя ўлада — таго і вера»? Гэта прынцып панаваў у Эўропе шмат стагодзьдзяў таму. І здаецца, што тагачасныя фэадальныя манархі разважалі абсалютна гэтак жа, як зараз разважае іх беларускі калега.

Абламейка: Гэта толькі фармальна так гучыць. Я думаю, што не. Я думаю, што Лукашэнка ня думае пра аддзяленьне царквы. Мая думка такая, што, хутчэй за ўсё, гэта праявы канфлікту, што гэта шантаж, і ня толькі Патрыярха, але і прэзыдэнта Пуціна.

Віталь ужо казаў, што ня будзе аўтакефаліі. І сапраўды дасягнуць яе немагчыма ва ўмовах, у якіх знаходзіцца беларуская царква, бо, каб стаць аўтакефальнай, ёй трэба атрымаць аўтакефалію ад царквы-маці, якой сёньня зьяўляецца для беларускага экзархату РПЦ і Маскоўскі Патрыярхат. Гэтага ніколі не будзе, а значыць, аўтакефалія ў прынцыпе немагчымая, нават калі гісторыкі знойдуць факт, што Масква калісьці незаконна прыняла юрысдыкцыю над Кіеўскай мэтраполіяй, да якой тады нібыта належала Беларуская праваслаўная царква.

Сёньня і Канстантынопальскі Патрыярхат не захоча ўмешвацца ў дачыненьні Менску і Масквы таксама, як ён сёньня ня ўмешваецца ў дачыненьні Кіева і Масквы. Так што цяжка ўявіць сабе, што Лукашэнка марыць пра нейкую асобную аўтакефальную царкву, хутчэй за ўсё, гэта праява схаванага канфлікту, пра прычыны якога мы можам толькі меркаваць.

Чым адкажа праваслаўная царква?

Дракахруст: Якой можа быць рэакцыя БПЦ і РПЦ на гэтыя навацыі і крокі беларускай улады? Ці можа РПЦ канстатаваць, што, скажам, Лукашэнка здрадзіў праваслаўю, стаў яго ворагам?

Абламейка: На мой погляд, у Аляксандра Лукашэнкі засталося мала інструмэнтаў, каб нейкім чынам узьдзейнічаць на Расею. Ён ужо шмат чаго згубіў, страціў і аддаў. Так што, магчыма, царква — гэта апошняе, дзе ён можа нейкім чынам закрануць інтарэс Масквы і Расеі. Гэта такі адказ на нейкія крыўды.

Што тычыцца адказу РПЦ і яе часткі ў Беларусі, ён, канешне, будзе рэзка адмоўны. РПЦ ня пойдзе на такія рэформы, якія ён агучыў. Справа ў тым, што тыя ж самыя карацейшыя набажэнствы, лаўкі ў храмах і выкарыстаньне нацыянальных моваў — яны ёсьць сёньня ў астатніх праваслаўных цэрквах сьвету. Фактычна ва ўсіх цэрквах Эўропы, напрыклад, у грэкаў гэтыя лаўкі ёсьць. Больш за тое, яны ёсьць і ў непрызнанай іншымі цэрквамі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве, у эмігранцкай царкве ў Амэрыцы. Усё гэта існуе — гэта не такая экзатычная рэч. Але іх няма ў Расейскай праваслаўнай царкве. Гэта абсалютна фундамэнтальныя рэчы, якія ня быць могуць зьмененыя. Адказ будзе вельмі адмоўны.

Іншая справа, ці будуць іншыя захады прымацца? Ці будзе на Лукашэнку аказвацца ціск? У пэўнай ступені ў Беларусі і праваслаўная царква, і каталіцкая царква моцна залежаць ад дзяржавы. Тэарэтычна Лукашэнку ўлада над царквой непатрэбная, бо яна сёньня ад яго залежыць. Царква карыстаецца вялікай дзяржаўнай падтрымкай і дзяржаўнымі грашыма. Так што рэзка канфліктаваць з Лукашэнкам ня будуць, але адказ будзе ня толькі ад РПЦ, але і ад Крамля, нават на такія заявы.

Дракахруст: Валер, як вы лічыце, ці пойдуць насустрач гэтай тактыцы Лукашэнкі, прычым даволі звыклай і тыповай для яго, ці наадварот, паспрабуюць пакараць? Я прыгадаю сытуацыю, калі Імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі 3 дні на каленях стаяў каля дома Папы, каб той яго прабачыў. Ці не давядзецца Аляксандру Лукашэнку стаяць на каленях перад патрыярхам?

Карбалевіч: БПЦ даволі моцна залежыць ад беларускай улады, таму, думаю, будзе маўчаць. І РПЦ будзе імкнуцца шукаць кампраміс. Востры канфлікт з Лукашэнкам ёй нявыгадны. Думаю, досьвед Украіны, дзе палітычная ўлада справакавала раскол украінскай праваслаўнай царквы, зьяўляецца відавочным папярэджаньнем. Ды і Лукашэнка, думаю, не хацеў бы выглядзець ворагам праваслаўя ў вачах расейцаў. Ягоная прапанова рэфармаваць праваслаўную царкву, разьлічана і на расейскіх «праваслаўных атэістаў», якія лічаць сябе вернікамі, але, як і ён, не разумеюць сэнсу доўгіх набажэнстваў. То бок, ён шукае сабе саюзьнікаў сярод паствы ў канфлікце з кіраўніцтвам РПЦ. Таму, думаю, бакі ня пойдуць на далейшае абвастрэньне канфлікту, тым больш, публічнага, а будуць шукаць кампраміс. А наконт таго, што казаў спадар Рымашэўскі, што трэба бараніць праваслаўную царкву ад нейкага ціску, ад нейкага імкненьня Лукашэнкі ўмацаваць над ёй кантроль, то тут узьнікае дылема: абарона БПЦ ад Лукашэнкі будзе азначаць захаваньне БПЦ у лоне РПЦ. Невядома, што лепш.

Рымашэўскі: Яшчэ раз падкрэсьліваю: для мяне відавочна, што гэта выклік, які кінуты ў першую чаргу Пуціну. Таму што ў адрозьненьне ад Аляксандра Лукашэнка, які праводзіць палітыку дэнацыяналізацыі Беларусі, зьнішчаючы і руйнуючы сваёй палітыкай усе незалежныя інстытуты, якія грунтуюць незалежнасьць — і мову, і гістарычную нацыянальную сьвядомасьць — у Расеі іншая канцэпцыя.

Расейская улада лічыць праваслаўную царкву адной з асноўных фундамэнтальных падставаў фармаваньня расейскай нацыі і фармаваньня расейскай імпэрыі. Тут можна казаць пра памылковасьць: зразумела, што гэта рэчы, якія не прынясуць ніякіх посьпехаў, а толькі, на маю думку, зруйнуюць царкву. Але, тым ня менш, гэта частка стратэгіі Расеі. У адрозьненьні ад Аляксандра Лукашэнкі, ад беларускай дзяржавы, там стратэгія ёсьць.

І таму гэта выклік Пуціну, ён ведае, што гэта балюча будзе ўспрымацца менавіта Крамлём. Што тычыцца абароны царквы, то ня трэба забываць, што беларускі экзархат РПЦ таксама носіць назву «Беларуская праваслаўная царква». Трэба моцна адрозьніваць праваслаўную царкву ў Беларусі ад крамлёўскай палітыкі, адрозьніваць нейкія хаўрусы Пуціна і спробы Крамля выкарыстаць Маскоўскі патрыярхат у сваёй зьнешняй палітыцы ад БПЦ тут.

І праваслаўная царква, і касьцёл, і пратэстанцкія супольнасьці — ёсьць часткай грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Падабаюцца нам выказваньні і пазыцыі БПЦ альбо не, але ўсё ж такі гэта частка грамадзянскай супольнасьці. Гэта тычыцца і канкрэтных прыходаў, і канкрэтных сьвятароў, гэта тычыцца і біскупаў.

Нагадаю, спадар Карбалевіч, што гарадзенскі біскуп цярпіць ціск з боку КДБ, і гэта эпархія, якая не падтрымліваецца з боку дзяржавы шмат год толькі таму, што там вывешаны іконы новапакутнікаў з выявамі забойцаў у чырвонаармейскай форме. Гэты біскуп не фінансуецца з боку дзяржавы.

БПЦ можа быць незалежнай і ў фінансавым пляне, хаця гэта вельмі складана. Наша дзяржава можа адразу зьнішчыць эканамічную незалежнасьць усіх хрысьціянскіх супольнасьцяў без выключэньня, узьняўшы падаткі на зямлю. Таму іх бараніць трэба. Бараніць як парасткі грамадзянскай супольнасьці, незалежнай ад дзяржавы. Калі Лукашэнка камусьці і пагражае, то гэтая пагроза не спраўдзіцца ў дачыненьні да Маскоўскага патрыярхату і да РПЦ у цэлым. Тое, што ён можа зрабіць — дык гэта вынішчэньне незалежнай хрысьціянскай супольнасьці ў Беларусі.

Што тычыцца аўтакефаліі, то няма нічога горшага для царквы, чым калі ў яе справы пачынае ўмешвацца дзяржава. Думаю, што калі ўзгадваць нейкіх апазыцыйных дзеячоў, якія прымусам хацелі ўвесьці аўтакефалію, то Лукашэнка ў гэтым пляне нічым ад іх не адрозьніваецца. Гэта абсалютна нецаркоўны падыход. Пытаньне самастойнасьці царквы — пытаньне, якое мусіць вырашацца ўнутры царквы. Іншы падыход прывядзе да руйнаваньня царквы.

Ведаеце, ёсьць такая канцэпцыя крайняга нацыяналізму: ахрышчу сабаку, кватэру, машыну па-беларуску. Прабачце, але гэта не хрысьціянства, а нацыянальнае паганства. Мы бачым, што ва Ўкраіне такія радыкальныя заявы прывялі да таго, што там ствараюцца супольнасьці, дзе адмаўляюць існаваньне нават Хрыста. Таму пытаньне аб аўтакефаліі — гэта ня ёсьць пытаньне палітыкі. Калі палітык лічыць гэтае пытаньне палітычным, як Аляксандр Лукашэнка, то гэты палітык ёсьць па мэнтальнасьці дыктатар. Я яшчэ раз падкрэсьліваю, што праваслаўная царква і хрысьціянства ў цэлым — гэта ёсьць саюзьнік усіх дэмакратычных сілаў заўсёды і паўсюль.

Абламейка: Я хацеў бы падтрымаць патас Віталя ў тым, што калі сапраўды ёсьць факты ціску на хрысьціянскія супольнасьці ў Беларусі, на розныя канфэсыйныя групы, то незалежнае грамадзтва павінна іх бараніць. Гэта праўда. Разам з тым, я хацеў бы сказаць, што ня трэба перабольшваць значэньне тэрміну «Беларуская праваслаўная царква». Трэба ведаць, што беларускі экзархат БПЦ зьяўляецца несамастойнай структурай, а яму проста дадзенае права называцца БПЦ. Але самастойнай структурай ён не зьяўляецца. Сынод біскупаў Украінскай праваслаўнай царквы мае права выбраць сабе мітрапаліта са свайго складу. У Беларусі мітрапаліта прызначаюць у Маскве, Сынод РПЦ прызначае менскага мітрапаліта гэтак жа, як прызначае іншых мітрапалітаў. Так што ня трэба перабольшваць сэнс гэтага слова, бо БПЦ — паўнапраўная частка РПЦ у Беларусі.

Рымашэўскі: Ведаеце, калі якая-небудзь царква зьяўляецца структурай Масквы, Бэрліна, Варшавы ці нейкай іншай палітычнай структуры, то гэта ўжо ня ёсьць царква. БПЦ на Беларусі ёсьць структурай Хрыста. Я гэта магу казаць адказна, я праваслаўны вернік. Проста па-добраму заклікаў бы і журналістаў, і дэмакратычных актывістаў, калі яны не зьяўляюцца прыхаджанамі царквы, ня мераць царкоўныя пытаньні і царкву грамадзкімі, сьвецкімі меркамі.

Паглядзіце, што зроблена праваслаўнай царквою ў Беларусі за апошні час. Безумоўна, тут шмат праблемаў, якія я мог бы распавесьці, таму што ведаю пра іх больш. Безумоўна, ёсьць спроба Масквы выкарыстаць царкву ў палітычных мэтах. Але гэта праблема царквы, якой яна супраціўляецца ўсімі сіламі. І ў гэтым пляне ёй патрэбна дапамога. І ня трэба дапамагаць рускім, я маю на ўвазе, Крэмль, Пуціна, руйнаваць БПЦ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG