Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочыя «Пінскдрэва» ня ведаюць пра плянаваны страйк


«Пінскдрэў»
«Пінскдрэў»

На прадпрыемстве «Пінскдрэў» рабочыя не пацьвярджаюць інфармацыю пра заплянаваны на 30 жніўня страйк. Адміністрацыя кажа, што таксама толькі чытала пра гэта ў інтэрнэце.

Адзін з рэгіянальных сайтаў апублікаваў выяву ўлёткі, на якой рабочых «Пінскдрэва» заклікаюць зладзіць 30 жніўня італьянскі страйк — працаваць павольна і зь перапынкамі.

Інфармацыя шырока разышлася ў інтэрнэце, але самі рабочыя ня могуць патлумачыць, адкуль яна ўзялася. Гаворыць рабочы Алег:

«Папраўдзе кажучы, упершыню ад вас чую. Нічога канкрэтнага вам сказаць не магу. Ні ад кога ня чуў на гэты конт, для мяне гэта навіна ад вас нумар адзін».

Рабочы кажа, што плацяць на розных вытворчасьцях «Пінскдрэва» па-рознаму, але ён ня бачыць нейкіх перадумоваў для страйку:

«У розных падразьдзяленьнях па-рознаму. Камусьці плацяць, камусьці мала плацяць… Нехта задаволены сваім працоўным месцам, нехта — ня вельмі. Але працаваць усё роўна трэба ў наш час, як бы ні было, працаваць даводзіцца».
Але працаваць усё роўна трэба ў наш час, як бы ні было

У адміністрацыі «Пінскдрэва» кажуць, што чулі пра страйк толькі з інфармацыі ў інтэрнэце:

«Дакладна гэтаксама нам кінулі спасылку паглядзець… Нічога мы ня чулі! Мы першы раз, як і вы, пабачылі на сайце… У нас поўная цішыня і спакой. І на працоўных месцах усё ціха і спакойна. Плацяць заробкі, як і ўсім беларусам… Таму не магу вам нічога патлумачыць».

У кіраўніцтве прадпрыемства кажуць, што інфармацыя наконт страйку — хутчэй заклік да яго. Але адміністрацыя перакананая, што страйк не адбудзецца.

Улётка з заклікам да страйку падпісаная «Радай рабочых» «Пінскдрэва». Пра ўтварэньне гэтай рады абвясьціў год таму адзін з рабочых, Дзьмітрый Кудранок. Ён патлумачыў, што рада ствараецца як орган, падобны да незалежнага прафсаюзу.

Карэспандэнту «Свабоды» не ўдалося скантактавацца зь Дзьмітрыем Кудранком, каб атрымаць камэнтар наконт плянаванага страйку. Ягоны тэлефон недасяжны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG