Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Тата, ты будзеш меней піць? Не, сынок, ты будзеш меней есьці»


Міністэрства фінансаў Беларусі падрыхтавала праект закону аб зьменах і дапаўненьнях у Падатковы кодэкс, якія тычацца істотнага падвышэньня ставак акцызаў.

Апроч таго, на два працэнтныя пункты плянуецца падвысіць падатак на дададзеную вартасьць. Ужо ад 2014 году ведамства прапануе рэзка ўзьняць акцыз на тытунёвыя вырабы, алькагольную прадукцыю, а таксама на бэнзін і дызпаліва. У выпадку ўхваленьня прапаноў названы асартымэнт можа стаць самым дарагім у рэгіёне, а рост цэнаў на паліва спрычыніцца да ланцуговай рэакцыі, выкліканай транспартнымі выдаткамі.

Згодна з ініцыятывай Міністэрства фінансаў, акцыз на тытунь, цыгары і цыгарылы прапануецца павялічыць на 45%, на цыгарэты і папяросы — больш чым на 80%. Іншымі словамі, зь цяперашніх 13 тысяч рублёў за кожную цыгару акцыз хочуць падвысіць амаль да 20 тысяч, за кожную тысячу папяросаў — з 60 тысяч рублёў да 109 тысяч. Пры такім раскладзе ў кошце пачка цыгарэтаў сярэдняй цэнавай катэгорыі (ад 7500 рублёў) акцыз будзе складаць блізу 5 тысяч.

Значныя паказьнікі росту закладзеныя і ў алькагольную прадукцыю. Так, акцыз на літар этылавага сьпірту мяркуецца падвысіць на 27%, на пладовыя мацаваныя віны — удвая. На шампанскае, садавінна-ягадныя віны і піва гэты паказьнік плянуецца адкарэктаваць у сярэднім на 10%. Такія захады аргумэнтуюцца, з аднаго боку, крытычным ростам алькагалізму, зь іншага — неабходнасьцю прыцягненьня ў бюджэт дадатковых сродкаў. Праўда, эканаміст Сяргей Балыкін бачыць у гэтым выключна матэрыяльную зацікаўленасьць дзяржавы, а намер уратаваць народ ад заганных звычак ілюструе трапным анэкдотам: «Тата, цяпер ты будзеш меней піць? Не, сынок, цяпер ты будзеш меней есьці»:

Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін

«Шчыра кажучы, ня бачу нічога кепскага ў тым, што падаражэюць тытунь і алькаголь, бо калі людзі будуць меней піць і курыць, то гэта насамрэч добра для Беларусі, для нацыі. Але цалкам магчыма, што атрымаецца зусім інакш — людзі будуць менш есьці, каб больш піць. То бок, ужываць менш ня стануць, а грошай на іншыя траты будзе заставацца ў абрэз. Што да паліва, то вельмі кепска, калі з падвышэньнем акцызаў будуць расьці кошты на бэнзін і салярку. Такі працэс ня толькі будзе замінаць беларусам карыстацца асабістым транспартам, але і пацягне за сабой рост коштаў грузаперавозак, перавозак пасажырскіх. Што, у сваю чаргу, будзе штурхаць далей, наверх іншыя кошты, з гэтым зьвязаныя. Бо каб зрабіць нейкі тавар, патрэбныя ж ня толькі матэрыялы, трэба ўсё гэта некуды даставіць. Таму транспартныя выдаткі непазьбежна будуць падвышаць цэны на канчатковую прадукцыю».

Рост акцызаў на паліва можа стацца самым значным на тле ўсяго іншага. У праекце Мінфіну гаворыцца, што да канца 2014 году стаўкі трэба павялічыць адразу ўтрая на салярку і ў 2,5 раза на бэнзін. Паступленьні ад акцызаў на паліва даюць значны ўнёсак у дзяржаўную скарбонку, складаючы 10% кансалідаванага бюджэту. А гэта значыць, улады будуць і надалей карыстацца гэтым інструмэнтам. Для спажыўцоў жа такая практыка азначае адно: адносна дэмакратычныя дагэтуль кошты могуць стаць цалкам эўрапейскімі. Праўда, пры зусім не эўрапейскіх заробках.

Апроч таго, зь цяперашніх 20% да 22% прапануецца падвысіць стаўку падатку на дададзеную вартасьць — гэта пры тым, што нават цяперашні паказьнік ПДВ істотна вышэйшы, чым у партнэраў па Адзінай эканамічнай прасторы: у Расейскай Фэдэрацыі — 18%, у Казахстане — 12%. У якасьці «кампэнсацыі» мяркуецца панізіць падатак на прыбытак для вытворцаў — з 18% да 12%, а вось пра прэфэрэнцыі для пакупнікоў гаворка не ідзе. Тым часам прадстаўнікі дзелавой супольнасьці папярэджваюць, што дзеля захаваньня рэнтабэльнасьці будуць вымушаныя закладаць выдаткі ў кошт прадукцыі, што яшчэ больш узьвінціць цэны.

Былы міністар эканомікі, старшыня Саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Георгій Бадзей падкрэсьлівае, што ініцыятыва прымалася кулюарна, але спадзяецца, што чыноўнікі ўрэшце прыслухаюцца да думкі тых, каго навацыі непазьбежна закрануць. У іншым выпадку яшчэ большы віток інфляцыі — справа недалёкай будучыні:

Георгій Бадзей

Георгій Бадзей

«Ніякіх кансультацыяў наконт гэтага не было, але было прапанавана, каб прадпрымальніцкая супольнасьць азнаёмілася з гэтымі ідэямі. То бок, відаць, маецца на ўвазе, што затым гэта будзе неяк сумесна разглядацца. Мы літаральна ўчора разаслалі лісты нашым прадпрыемствам, каб тыя адказалі: як гэта ўсё на іх паўплывае? Нават дзеля таго, каб нам самім як саюзу вызначыцца — падтрымліваць гэта ці не падтрымліваць. Таму што мы разумеем: для вытворцы зьніжэньне падатку на прыбытак — нібыта добра. А ўскосныя падаткі, якія павінны спаганяцца са спажыўца, як быццам і ня нашы пытаньні. Але ж, зь іншага боку, мы ўсе таксама грамадзяне, таксама пакупнікі. І як спажыўцам нам відавочна, што такія захады вядуць толькі да інфляцыі, падаражэньня тавараў».

У Беларусі падатак на дададзеную вартасьць адносіцца да асноўных адлічэньняў, якія фармуюць дзяржаўны бюджэт. Паводле афіцыйных дадзеных, летась на ПДВ прыпала амаль 30% сукупных паступленьняў . У той жа час доля падатку на прыбытак склала 12%. Гэта лішні раз дэманструе прыярытэты ўладаў што да спосабаў папаўненьня казны.
XS
SM
MD
LG