Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 мільёнаў штрафу — за паштоўкі з выявай Алеся Бяляцкага


6 жніўня ў судзе Савецкага раёну Менску разгледжаны адміністрацыйныя справы сяброў праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацяны Равякі і Ўладзімера Лабковіча. Іх пакаралі штрафам па 30 базавых велічыняў кожнага — то бок па 3 мільёны рублёў.

Тацяну Равяку і Ўладзімера Лабковіча зьбіраліся асудзіць яшчэ 5 жніўня за тое, што праваабаронцы каля сталічнага ЦУМу раздавалі мінакам паштоўкі салідарнасьці з кіраўніком «Вясны», палітвязьнем Алесем Бяляцкім. Іх даставілі ў пастарунак, склалі пратаколы за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў і адвезьлі ў суд. Але пратаколы былі складзеныя з памылкамі, і суд вярнуў іх на дапрацоўку. Міліцыянты пратаколы хуценька дапрацавалі.

Раніцай у Савецкім РУУСе праваабаронцы азнаёміліся з новымі пратаколамі, і адразу іх зноў даставілі ў суд. Справу Ўладзімера Лабковіча разглядаў судзьдзя Дзьмітрый Паўлючэнка. Юрыст па адукацыі Лабковіч віны сваёй не прызнаў, прачытаў дакладную фармулёўку закону і абгрунтавана давёў, што пікетаваньня не было: не было плякатаў і транспарантаў, не было папярэдне сабранага народу і гэтак далей. А прыватная мэта праваабаронцаў — праінфармаваць грамадзтва, а не праводзіць масавае мерапрыемства. Судзьдзя ўсё ўважліва выслухаў і праз 20 хвілін вынес рашэньне: штраф 30 базавых велічыняў. Вось як гэтае рашэньне пракамэнтаваў сам Уладзімер Лабковіч:

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

«Я катэгарычна адмоўна стаўлюся да прысуду, лічу яго абсалютна незаконным. Нашы дзеяньні — і мае, і Тацяны — не падпадаюць пад Закон аб масавых мерапрыемствах, таму што раздача паштовак, улётак грамадзянам не ўяўляе сабой прыкмету масавага мерапрыемства. Безумоўна, я буду абскарджваць гэты прысуд самым бліжэйшым часам».

Цікава, што калі судзьдзя Дзьмітрый Паўлючэнка выйшаў у дарадчы пакой, пачаўся працэс над Тацянай Равякай. І якраз калі адвакатка абгрунтоўвала сваю лінію абароны, прыйшла ўжо СМС-ка, што Лабковіча аштрафавалі. Усе прысутныя ўздыхнулі з палёгкай, бо Тацяна прыйшла ў суд з усімі неабходнымі на Акрэсьціна рэчамі — не выключала, што пасадзяць на «суткі». Судзьдзя Марына Фёдарава даволі хутка вынесла прысуд — таксама 30 базавых. Вось як ацэньвае яго сама Тацяна Равяка:

Тацяна Равяка

Тацяна Равяка

«Мае дзеяньні не зьяўляюцца пікетаваньнем і не падпадаюць пад тое азначэньне, якое дадзена ў законе. І гэта была асноўная мая лінія абароны, і майго адваката таксама. Аднак суд палічыў, што раздача паштовак зьяўляецца пікетаваньнем. Я думаю, што гэта вельмі адвольнае трактаваньне закону і вельмі адвольнае трактаваньне самога паняцьця „пікетаваньне“ . Зразумела, што мы з адвакатам будзем абскарджваць рашэньне».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч сказаў, што тэндэнцыя трывожная: зараз любы выхад на вуліцу з мэтай распаўсюду друкаваных матэрыялаў можна будзе кваліфікаваць як несанкцыянаваны пікет.
XS
SM
MD
LG