Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айцец Шрамко: Царква страціла чалавека праўды


Павал Адэльгейм, Якаў Кротаў, Аляксандар Шрамко

Павал Адэльгейм, Якаў Кротаў, Аляксандар Шрамко

Беларускі праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко назваў забітага ў Расеі сьвятара Паўла Адэльгейма чалавекам праўды.

Цела забітага сьвятара з нажавымі ранамі знайшлі 5 жніўня каля храма Канстанціна і Алены ў Пскове. 1 жніўня Паўлу Адэльгейму споўнілася 75 гадоў. Падазраваны ў забойстве затрыманы.

Згодна з папярэднімі дадзенымі сьледзтва, злачынства ўчыніў малады чалавек 1986 году нараджэньня. Потым ён нанёс сам сабе два нажавыя раненьні. Падазраваны быў у неадэкватным стане. Цяпер ён шпіталізаваны.

Мяркуецца, што падазраваны быў знаёмы з айцом Паўлам: паводле некаторых зьвестак, ён прыехаў да яго ў госьці.

Па словах відавочцаў, нападнік крычаў, што забіць сьвятара яму загадаў сатана.


Сьвятар Аляксандар Шрамко быў знаёмы з айцом Паўлам Адэльгеймам.

«У нашым сьвеце так атрымліваецца, што чым бліжэйшы чалавек да Бога, чым больш ён ангельскае жыцьцё вядзе, тым больш ён падпадае пад тое, што гэты сьвет яго неяк выкідае. Так было з Ісусам Хрыстом. Проста сьвет, які знаходзіцца ў д’ябальскай цемры, не вытрымлівае, калі ёсьць нейкая сьвятасьць, і супраць гэтага ўздымаецца. Так атрымалася і з Аляксандрам Менем, і з айцом Паўлам. Тут ня так важна, хто тут вінаваты, ці гэта было адмыслова зроблена, ці гэта так атрымалася, што нібыта псыхічна хворы чалавек на яго накінуўся. Гэта такі закон: калі чалавек жыве сьвята, ён павінен ведаць, што гэты сьвет можа яму не дараваць.

Царква страціла чалавека праўды. Ён гаварыў ня проста дэклярацыямі, а ён гэта карпатліва разьбіраў, як павінна быць па канонах, па-царкоўнаму. Гэта ня тое, што ён там супраць некага выступаў, а ён казаў, як менавіта павінна быць у царкве. За гэта яго перасьледавалі, калеку, заслужанага чалавека, вядомага сьвятара. Гэта быў зьдзек, што школа, якую ён пабудаваў, была разбурана. Ён быў пакінуты ў тым жа прыходзе, але ўжо не ў якасьці настаяцеля, а другога сьвятара, яго адмыслова так ставілі ў прыніжанае становішча, на яго вачах руйнавалася яго шматгадовая праца. Гэта ўсё дзікае такое па законах зоны стаўленьне, каб чалавека „апусьціць“.

Аднак гэты чалавек стаяў і паказваў, што ў нас у царкве ёсьць такія людзі, якія стаяць да канца ў праўдзе. І гэта давала надзею. Тое, што мы яго страцілі, гэта вялікі боль, але, зь іншага боку, мы атрымалі мучаніка апошняга часу за праўду Хрыстову, за веру».

Айцец Аляксандар распавёў, што пазнаёміўся з Паўлам Адэльгеймам у Маскве на канфэрэнцыі, якую праводзіў Сьвята-Філарэтаўскі інстытут. Там часта бывалі сьвятары, якіх не прымала афіцыйная царква. Апошні раз Аляксандар Шрамко і Павал Адэльгейм бачыліся, калі запісвалася перадача на Радыё Свабода. Тады яны разам сфатаграфаваліся.

«Для мяне гэта быў чалавек, на якога глядзіш — і табе падтрымлівае душу».

Даведка Свабоды

Павал Адэльгейм нарадзіўся ў 1938 годзе. Ён паходзіў зь сям’і рускіх немцаў. Яго дзеда расстралялі ў Кіеве ў 1938-м, бацьку — у 1942-м. Пасьля арышту маці жыў у дзіцячым доме, затым на пасяленьні ў Казахстане.

У 1969 годзе Павал Адэльгейм быў арыштаваны за распаўсюджваньне рэлігійнага самвыдату. Ён быў асуджаны на тры гады лягераў паводле абвінавачаньня ў «паклёпе на савецкі лад». У зьняволеньні ён страціў правую нагу.

З 1976 году Павал Адэльгейм служыў у Пскоўскай эпархіі.

У 2008 годзе ўказам мітрапаліта Пскоўскага і Вялікалуцкага Яўсевія айцец Павал быў зьняты з пасады настаяцеля храма Сьвятых Жанок-Міраносіц. Як распавядаў сам сьвятар, ягоны канфлікт зь мітрапалітам працягваўся 20 гадоў, увесь час, пакуль той узначальваў Пскоўскую эпархію.

Сьвятар ня раз выступаў з публічнай крытыкай дзейнасьці РПЦ, у прыватнасьці, закону аб абароне пачуцьцяў вернікаў. Падчас працэсу над Pussy Riot ён публічна выступаў за тое, каб дараваць удзельніцам панк-групы, і супраць абвінаваўчага прысуду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG