Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўшанавалі памяць амэрыканкі Рут Уолер


Супрацоўнікі амбасады ЗША ў Беларусі сумесна з прадстаўніцтвам ААН у Беларусі ўшанавалі памяць амэрыканскай супрацоўніцы ААН Рут Уолер.

У 1946-м годзе Рут Уолер разам з мужам працавала ў Менску ў створанай ААН місіі UNRRА — Адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня Аб’яднаных Нацый, якая аказвала эканамічную дапамогу краінам Эўропы, а таксама займалася рэпатрыяцыяй і падтрымкай уцекачоў. У жніўні 1946 году Рут Уолер памерла ад цяжкай хваробы, пахавалі яе на менскіх Вайсковых могілках.

У склад місіі UNRRА ў Беларусі ўваходзілі 15 амэрыканцаў і 1 грамадзянін Новай Зэляндыі. Рут Уолер прыехала працаваць сюды разам з мужам і займалася арганізацыяй паставак у Беларусь прадуктаў, мэдычных прэпаратаў. У Менску Рут Уолер уратавала беларускіх хлопчыкаў, якія тапіліся ў возеры. Аднак, пераахаладзіўшыся, яна сур’ёзна захварэла на запаленьне лёгкіх і хуткацечны мэнінгіт і памерла 4 жніўня 1946 году.

Прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха кажа:

«Яна была адной зь першых сяброў пэрсаналу ААН, якія прыехалі працаваць у Рэспубліку Беларусь. І гэта адбылося якраз у той час, калі краіне была надзвычай патрэбная дапамога. Яна працавала ў арганізацыі, якая мела назоў Адміністрацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях дапамогі і аднаўленьня. Гэтая арганізацыя забясьпечвала прадуктамі, мэдыкамэнтамі, давала жытло людзям, якія пацярпелі падчас вайны. Рут было толькі 24 гады, калі яна памерла ў Беларусі, знаходзячыся тут на службе. Гэта сапраўды вялікая падзея для нас — прысутнічаць тут і ўшанаваць памяць Рут. А таксама ўзгадаць добрым словам усіх, хто працуе на карысьць ААН».
Санака Самарасінха

Санака Самарасінха


Місія UNRRА атрымлівала большую частку фінансаваньня ад ЗША, дый бальшыню штату складалі амэрыканцы. Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч падкрэсьліў, што Рут Уолер як амэрыканка, якая прысьвяціла жыцьцё дапамозе беларусам, увасабляе сабой патэнцыял паляпшэньня адносінаў паміж Беларусьсю і ЗША:

«Як супрацоўніца ААН і грамадзянская службоўка ЗША, якая працавала за мяжой, яна ўвасабляе сабой важную ролю, якую адыгрывае ААН ва ўсім сьвеце, так шмат робячы для ўсяго чалавецтва. Мы ганарымся ўсім тым, што ААН зрабіла ў Беларусі ў 1940-х гадах ХХ стагодзьдзя праз праграму UNRRА, і тым, што яна працягвае рабіць і сёньня праз Праграму разьвіцьця ААН. Мы, без сумневу, ушаноўваем памяць, працягваючы яе справу. ЗША і ААН працягваюць працаваць у Беларусі разам, да прыкладу, у межах праграмы „Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае разьвіцьцё“ ў Берасьці і Горадні, якая рэалізуецца Праграмай разьвіцьця ААН пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці».
Ітан Голдрыч

Ітан Голдрыч


На магілу Рут прыйшла і мянчанка Тацяна Майсейчык з кветкамі. Пра грамадзянскі подзьвіг Рут Уолер яна чула ад сваёй маці:

«У дзяцінстве маці мне распавядала, што бабуля вадзіла яе на магілу маладой амэрыканкі, якой яна абавязаная жыцьцём. Потым ужо, калі я вырасла, пачала чытаць пра гэта, я зразумела, што гэта сапраўды было так. Бабуля пасьля вайны сур’ёзна хварэла, яны атрымлівалі харчы амэрыканскія, мэдыкамэнты, і яе накіравалі ў санаторый у Астрашыцкі Гарадок, дзякуючы гэтай дапамозе».

Дыпляматы, грамадзкасьць ушанавалі памяць Рут Уолер хвілінай маўчаньня, паклалі на магілу кветкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG