Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў: «Гвалт у Беларусі становіцца нормай»


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» выступае з ініцыятывай аб унясеньні зьмяненьняў у закон «Аб органах унутраных спраў РБ».

Актывісты кампаніі намагаюцца на заканадаўчым узроўні спыніць гвалтоўныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі адносна грамадзян.

Актывіста кампаніі «Гавары праўду» Віталя Васількова затрымалі 25 ліпеня пры ўваходзе ў офіс кампаніі. Па сталай ужо завядзёнцы невядомыя людзі ў цывільным пры гэтым не называлі сябе і не тлумачылі прычыну затрыманьня. Актывіст голасна клікаў на дапамогу і спрабаваў супраціўляцца. У выніку жыхары дома выклікалі міліцыю, а Віталя Васількова завезьлі ў пастарунак, дзе і склалі пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Дзясяткі і сотні падобных выпадкаў здараюцца па ўсёй краіне, і гэтая заганная практыка павінна быць перапынена, кажа лідэр кампаніі Ўладзімер Някляеў:

«Гэткая практыка доўжыцца пасьля Плошчы, і трываць яе проста нельга. І ня толькі таму, што хапаюць актывістаў кампаніі ці іншых апазыцыйных структур. Гэтая ж практыка дзейнічае і адносна іншых грамадзян Беларусі. Калі ў Менску становішча яшчэ сяк-так, то ў рэгіёнах — там увогуле бяруць людзей, не паведамляюць пра іх затрыманьне родным, трымаюць у пастарунку, робячы зь людзьмі што заўгодна, не зважаючы ні на якія рэглямэнты і законы».

Паводле дзейнага заканадаўства супрацоўнік міліцыі ў цывільным, які не прадстаўляецца і не паказвае службовае пасьведчаньне, не зьяўляецца службовай асобай, і супраціўленьне такой асобе не зьяўляецца правапарушэньнем. Але на практыцы падчас судовых разбораў сілавікі сьведчаць адзін за аднаго, што выконвалі ўсе неабходныя дзеяньні, і суд прымае рашэньне супраць пацярпелага. Таму адказваць супрацівам на гвалт сілавікоў не выпадае, кажа лідэр «Зьмены», моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду», Павал Вінаградаў, які неаднойчы зазнаў гэты міліцэйскі гвалт на сабе:

Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў

«Асабіста мне заўсёды хочацца кагосьці ўдарыць, калі супраць мяне дзейнічаюць гэткім чынам. А я магу аказаць супраціў, і мяне досыць цяжка затрымаць, калі я гэтага не хачу. Я неверагоднымі высілкамі спыняю сябе, бо я дакладна ведаю, што гэта ўжо будзе зусім іншы артыкул. Супраць мяне дакладна будзе выкарыстаны артыкул Крымінальнага кодэксу, і я сяду надоўга. З гэтага карысьці будзе значна менш, чым з таго, што я буду на волі».

Лідэры кампаніі «Гавары праўду» зьвярнуліся да ўраду краіны, у Палату прадстаўнікоў, а таксама да старшыні Грамадзкай рады пры Міністэрстве ўнутраных спраў Генадзя Давыдзькі з просьбай унесьці папраўкі ў закон «Аб органах унутраных спраў РБ», якія будуць абавязваць супрацоўнікаў міліцыі быць у форменным адзеньні падчас масавых акцыяў, пры затрыманьні людзей, а таксама пры правядзеньні фота- і відэаздымак. Як падкрэсьліў Уладзімер Някляеў, гэты зварот мае сэнс нават пры адсутнасьці пэўных вынікаў:

«Пісаць у гэтыя структуры сёньня — гэта безвынікова. Але мы хочам падняць гэтую тэму ў грамадзтве: колькі мы будзем глядзець, як нізашто зьбіваюць нашых сыноў і дачок? Калі ў сям’і бацька са старэйшымі сынамі зьбівае малодшую дачку ці сына — ну хто б гэта трываў у сям’і? Дык і мы не павінны трываць! Бо гвалт ужо пачынае рабіцца нормай у нашай краіне, гэтаму нават перасталі зьдзіўляцца. Гэта вельмі актуальная тэма, і мы будзем ёю займацца».

Сваю ініцыятыву актывісты кампаніі «Гавары праўду» плянуюць таксама падмацаваць подпісамі грамадзянаў краіны.
XS
SM
MD
LG