Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уралкалій» зьмяняе стратэгію з-за свайго беларускага партнэра


Нягледзячы на значныя страты, расейская кампанія «Ўралкалій» пашырае продаж сваёй прадукцыі на экспарт у абход Беларускай калійнай кампаніі.

Спэцыялісты цьвердзяць пра новую тактыку, якой пачаў прытрымлівацца «Ўралкалій», — павялічваць аб’ёмы продажу, не зважаючы на зьніжэньне коштаў. Як гэта можа адбіцца на лёсе «Беларуськалія».

Калійны рынак абваліўся на 20 мільярдаў даляраў. Менавіта гэтая лічба ўжываецца ў інтэрвію генэральнага дырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра. Яно зьявілася 5 жніўня на афіцыйным сайце кампаніі і ў расейскай газэце «Ведомости».

Гендырэктар цьвердзіць, што раней «Уралкалій» разам зь «Беларуськаліем» прытрымліваўся агульнай стратэгіі «цана вышэй за аб’ёмы». Беларуская калійная кампанія, празь якую абодва гіганты ўзгоднена прадавалі сваю прадукцыю, трымала дастаткова высокія кошты на ўсясьветным рынку. І гэта задавальняла абодвух партнэраў.

Аднак цяпер «Уралкалій» вымушаны зьмяніць стратэгію — на першы плян выходзіць не цана ўгнаеньняў, а іх аб’ёмы. Спадар Баўмгертнэр заяўляе, што гэта вымушаны крок. Прычынай для пераменаў стаў указ Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што «Беларуськалій» можа прадаваць прадукцыю ня толькі праз БКК, але і празь незалежных трэйдэраў, не афіліяваных з БКК, і не ўзгадняючы ні аб’ёмы, ні цэнавыя парамэтры. Фактычна так стваралася ўнутраная канкурэнцыя«, — тлумачыць сытуацыю гендырэктар «Уралкалія».

Беларускі палітоляг-эканаміст Зьміцер Балкунец, які цягам апошніх гадоў працуе ў Маскве, кажа, што вэрсія аб невыкананьні беларускім бокам сваіх абавязаньняў — толькі адна з трох, якія існуюць:

«Другая вэрсія зьвязаная з тым, што ў свой час «Уралкалій» прэтэндаваў на куплю пакета акцыяў «Беларуськалія». Але беларускія ўлады то завышалі цану, то пагаджаліся, то не пагаджаліся. Карацей, сутнасьць другой вэрсіі ў тым, што «Ўралкалій» быў зацікаўлены ў беларускіх акцыях, але зразумеў, што гэта бессэнсоўна і беспэрспэктыўна. І таму вырашыў наагул адмовіцца ад супрацы зь «Беларуськаліем».

Трэцяя вэрсія, на думку спадара Балкунца, была б самай непрыемнай для беларускіх уладаў:

Паводле трэцяй вэрсіі, матывы цяперашніх дзеяньняў „Уралкалія“ — абваліць кошт і акцыі „Беларуськалія“
«Паводле трэцяй вэрсіі, матывы цяперашніх дзеяньняў „Уралкалія“ — абваліць кошт і акцыі „Беларуськалія“. Але я думаю, што гэта малапэрспэктыўная задума. Па-першае, на гэта трэба патраціць вельмі шмат сваіх рэсурсаў. І другі мінус гэтай ідэі — у тым, што, як мне падаецца, беларускія ўлады ні ў якіх умовах ня пойдуць на продаж „Беларуськалія“. Гэта — стратэгічны аб’ект беларускай эканомікі. Нават калі ўладам ня будзе хапаць грошай, яны наўрад ці пагодзяцца на продаж гэтага аб’екта».

Зьміцер Балкунец кажа, што ён асабіста схіляецца да першай вэрсіі і лічыць, што дзеяньні «Ўралкалія» — гэта толькі адказ на парушэньне дамоваў з боку найвышэйшай беларускай улады.

А вось дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш не адкідае трэцюю вэрсію. І зьвязвае яе найперш з рэпутацыяй уладальніка «Ўралкалія» Сулеймана Керымава:

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш
«Калі казаць пра стратэгію Керымава, то ён звычайна нешта набывае, каб пасьля перапрадаць. Так што яго цяперашнія дзеяньні могуць упісвацца ў тактыку абвалаў кошту „Беларуськалія“. Каб спачатку набыць гэтае прадпрыемства, а пасьля прадаць па высокай цане фінальнаму пакупніку. Бо Керымаў — гэта не прафэсійны ўладар. Ён — прафэсійны прадавец.

І таму тут самы час разважаць пра тое, як Керымаў хоча гэта прыдбаць, як ён хоча атрымаць кантроль над „Уралкаліем“ і „Беларуськаліем“ як адзіным прадпрыемствам».

Пагроза поўнага разрыву «Беларуськалія» і «Ўралкалія» можа прывесьці да новай дэвальвацыі беларускага рубля, лічаць некаторыя экспэрты. Яны ўпэўненыя, што дзеяньні расейцаў абавязкова прывядуць да значнага абвалу цэнаў на ўсясьветным калійным рынку. Прагназуюць, што падзеньне можа скласьці амаль 100 даляраў на тону.

Сёньня кіраўніцтва «Беларуськалія» заявіла, што дасягнула дамоўленасьці з катарскай кампаніяй «Мунтаджат». Тая нібыта гатовая прадаваць штогод да трох мільёнаў тон беларускіх калійных угнаеньняў — прыкладна чацьвёртую частку ўсяго гадавога аб’ёму вытворчасьці «Беларуськалія».

З гэтай нагоды эканаміст, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін разважае:

Леў Марголін
Леў Марголін
«Кампанія Катара — гэта гандлёвая кампанія. У тым рэгіёне шмат месьціцца такіх кампаніяў, якія займаюцца гандлем паміж Захадам і Ўсходам. Але я толькі не разумею, чым „Беларуськалію“ не падабаецца Беларуская калійная кампанія. Ну, выйшаў зь яе „Ўралкалій“. Перафарматавалі яе — і працуйце далей. Бо кожны новы гулец на гэтым рынку патрабуе сваю долю прыбытку. Незразумела, чым выгаднае „Беларуськалію“ пасярэдніцтва гэтай катарскай кампаніі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG