Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рак ці ня рак?


Група экспэртаў Нацыянальнага інстытуту раку ЗША выпрацавалі рэкамэндацыі для новага вызначэньня ракавых хваробаў.

Пра гэта паведамляе блог Здароўе на сайце газэты New York Times.

Небясьпека позьняй дыягностыкі раку вядомая. Але ёсьць і адваротная праблема — калі ракам называюць перадракавыя ці блізкія да раку захворваньні. Гэта страшная слова палохае пацыентаў, выклікае ў іх стрэс, што пагаршае іх здароўе. Да таго ж людзі, каб засьцерагчыся ад раку, які ці не зусім рак ці нават зусім ня рак, зьвяртаюцца да радыкальных мэтадаў лячэньня, якія наносяць моцную шкоду здароўю.

Дасьледнікі з Нацыянальнага інстытуту раку выказалі меркаваньне, што некаторыя віды пухлінаў малочнай залозы, прастаты, шчытападобнай залозы, лёгкіх наагул ня павінны кваліфікавацца як рак.

Ракавыя клеткі
Ракавыя клеткі


У дасьледнікаў групы ёсьць прыхільнікі і апанэнты ў супольнасьці амэрыканскіх анколягаў. «Нам патрэбнае вызначэньне раку ХХІ стагодзьдзя, а не ХІХ, якім мы карыстаемся дагэтуль», — кажуць прыхільнікі дакладу.

Штуршком да пераменаў стаў рост занепакоенасьці сярод лекараў і навукоўцаў, што сотні тысяч мужчын і жанчын праходзяць непатрэбныя, а часам і шкодныяы курсы лячэньня перадракавых і ракавых пухлінаў, якія растуць настолькі павольна, што наўрад ці калі-небудзь зробяць шкоду арганізму пацыентаў.

Прычынай праблемы стаў частковы прагрэс у галіне раньняй дыягностыкі. Зьявіўся нават тэрмін — гіпэрдыягностыка. Калі лекары знаходзяць у пацыентаў тое, што зараз лічыцца ракам і, аднак, не нясе арганізму сьмяротнай пагрозы, яны прызначаюць актыўнае лячэньне, у тым ліку і балючыя апэрацыі.

Даклад экспэртаў Нацыянальнага інстытуту раку — не канчатковая выснова, а пазыцыя ў дыскусіі сярод анколягаў і дактароў больш шырокага профілю.
Апанэнты дакладу адзначаюць, што няма дакладнай веды пра тое, зь якой хуткасьцю будзе расьці тая ці іншая пухліна. Пра гэта гаворыць анколяг, дырэктар ракавага цэнтру імя Эвэлін Лаўдэр Лары Нортан. Праўда, ён сам прызнае, што, скажам, дыгітальная карцынома грудзі, хаця і вельмі падобная на рак, аднак разьвіваецца інакш: «чалавек, які апрануты, як злодзей, неабавязкова злодзей, пакуль ён не парушае закон» — кажа доктар Нортан.

На першы погляд, гэтыя спрэчкі тычацца адно словаў. Аднак гэта не зусім так. Да таго ж, існуе прэцэдэнт. У 1998 годзе Сусьветная арганізацыя здароўя зьмяніла назву раньняй стадыі пухліны мачавых шляхоў, выдаліўшы з тэрміну слова рак і назваўшы яе нэаплазія «нізкай ступені злаякаснасьці».

Доктар Эсэрман гаворыць: «Праблема палягае ў тым, што калі вы чуеце слова рак, вы думаеце, што вы памраце, калі не лячыцца. Мы павінны зарэзэрваваць гэты тэрмін — «рак» — для тых хваробаў, якія зь вялікай верагоднасьцю сапраўды выклікаць праблемы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG