Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэха страйку беларускіх прадпрымальнікаў


Страйк прадпрымальнікаў 2 ліпеня 2013 году.

Страйк прадпрымальнікаў 2 ліпеня 2013 году.

Эўразійская эканамічная камісія ў хуткім часе разгледзіць прапановы беларускага бізнэсу што да адмены кантролю і нагляду за сэртыфікатамі прадукцыі лёгкай прамысловасьці.

Гэты тэхрэглямэнт прадугледжвае жорсткі кантроль якасьці, якая павінна быць пацьверджаная сэртыфікатамі, кажа прадстаўнік беларускай Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Зьмітровіч. Але атрыманьне сэртыфікату дорага абыходзіцца індывідуальным прадпрымальнікам, патрабаваньне паставіла гэтую катэгорыю бізнэсоўцаў на мяжу выміраньня. Нагляд за бясьпекай прадукцыі легпраму павінен быць накіраваны на вытворцаў, а ня прадаўцоў, лічыць сп-р Зьмітровіч.

Магчыма, тэхрэглямэнт у дачыненьні да бясьпекі прадукцыі легпраму будзе перагледжаны ва ўсім мытным саюзе. Гаворка ідзе аб адмене абавязковай сэртыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасьці — абутку, адзеньня, тэкстылю, ніжняй бялізны. У Эўропе факт наяўнасьці сэртыфікату не зьяўляецца гарантыяй бясьпекі, а адказнасьць для вытворцаў і прадаўцоў надыходзіць па законе аб абароне спажыўцоў, прыводзіць прыклад дырэктар дэпартамэнту разьвіцьця прадпрымальніцкай дзейнасьці Эўразійскай эканамічнай камісіі Рустам Акбэрдзін.

Паводле «Российской газеты», у мытным саюзе можа быць таксама ўведзенае патрабаваньне вырабляць цыгарэты толькі з самазатухаючай паперы. А таксама плянуецца ўвесьці забарону на выпуск жавальнага, нюхальнага і смактальнага тытуню і электронных цыгарэт.

Такія патрабаваньні мяркуецца закласьці ў новыя тэхрэглямэнты. Але звычайныя цыгарэты могуць з-за гэтага яшчэ больш падаражэць. Пераход на выпуск цыгарэт з выкарыстаньнем паперы «з паніжанай здольнасьцю запальваньня» абыйдзецца бізнэсу ў мільярд эўра — прыводзіць разьлікі Рустам Акбэрдзін.

Пакуль прадстаўнікі тытунёвага бізнэсу пярэчаць увядзеньню новых правілаў. Між тым, праект «тэхнічнага рэглямэнту на тытунёвую прадукцыю» павінен быць прыняты ўжо ў канцы 2013 году. Мэта гэтых правілаў — скарачэньне пажараў і сьмерцяў ад неасьцярожнага курэньня.

Пытаньні легалізацыі некурыльных сумесяў — тытунёвых пасьцілак, жуек, напояў — пакуль таксама застаюцца прадметам спрэчкі. Прадпрымальнікі ня лічаць даказаным мэдычным фактам, што электронныя цыгарэты небясьпечныя. Але няма і пацьверджаных навуковых доказаў таго, што электронныя цыгарэты бясьпечныя, пярэчаць апанэнты.

Пытаньні ёсьць і ў вытворцаў алькаголю. У праекце тэхрэглямэнту ёсьць норма, паводле якой кальвадосам павінен лічыцца толькі напой, выраблены зь яблыкаў, якія вырошчваюцца выключна на тэрыторыі мытнага саюзу. Акрамя таго, у Росалькагольрэгуляваньні настойваюць на ўвядзеньні ў тэхрэглямэнт адзінай нормы, каб у мытным саюзе ўсе алькагольныя прадукты з новай назвай атрымлівалі абавязковыя дазволы пры выхадзе на рынак. Тыя, хто на гэта не пойдзе, могуць пазбавіцца ліцэнзіі. Але казахстанскі і беларускі бакі пярэчаць супраць гэтых мер.

Пра гэта паведамляе «Российская газета».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG