Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантрабандысты ў вымушаным адпачынку. Дваццаць пяць гадоў яны цягалі ў суседнюю Польшчу сьпірт, гарэлку і курыва. Нахабна і цынічна. Чаго толькі не наглядзеўся я за гэты час, гідка было ехаць зь імі разам. Падобна, што нарэшце палякі сказалі: баста! Каб улетку ў Кузьніцу Беластоцкую і далей на Беласток ішоў паўпусты цягнік – такое цяжка было раней уявіць.

Паасобныя яшчэ не здаюцца, канечне. Перад дзьвярыма мытнай залі на гарадзенскім вакзале ў цябе пытаюцца – ці вязеш цыгарэты? Не вязу і браць ня буду! Можна толькі два пачкі. У цягніку адна кабета зьнянацку кладзецца на падлогу вагона, каб запхаць дзесь паміж крэсламі кантрабандныя цыгарэты, другая, павярнуўшыся сьпінай, на голае цела (лета, гарачыня) прыклейвае пачкі скотчам. Яны не саромеюцца. Астатнія пасажыры мусяць мець перад вачыма гэтае бясплатнае прадстаўленьне.

У Кузьніцы робіцца зразумелым летні спад актыўнасьці на адвечнай кантрабанднай ніве. Польскія мытнікі старанна вывучаюць штампы ў пашпартах: як часта перасякаеш мяжу? Калі ўвесь час езьдзіш – з табой усё ясна. На вакзале разгорнутае паведамленьне на расейскай і польскай: кантрабандысты наносяць значныя страты польскаму бюджэту і перашкаджаюць падарожнічаць звычайным пасажырам. Чытаю і ня веру вачам: нарэшце пра нас падбалі! Папярэджаньне: максымальны штраф за нелегальныя цыгарэты дасягае 3200 злотых (адна тысяча даляраў) і перавышае ўдвая мінімальны сёлетні польскі заробак.

Праз гадзіну цягнік пакідае Кузьніцу, наперадзе Беласток. Трэба адпраўляцца, а пасажыраў пусьцілі толькі ў першы вагон. Астатнія вагоны «трыбушаць» мытнікі, шукаючы схаваныя цыгарэты. У дарозе разам з узброенай цягніковай аховай вагоны абыходзяць мытнікі, у якіх таксама, між іншым, пісталеты пры баку. Яны ўзіраюцца ў твары, глядзяць на рэчы, паасобных пасажыраў просяць выйсьці зь імі ў тамбур.

Слава польскай мытні! – хочацца выгукнуць мне. Хаця, магчыма, ім проста павялічылі прэміі за выкрытыя хованкі зь нелегальным таварам. Аднак я рады за Эўропу ў любым разе. На пэроне ў Кузьніцы шыльда паведамляе, што чыгунку мадэрнізавалі за грошы Нарвэгіі. Словам, яна раскашэлілася на тое, каб далёка ад Осла памежная станцыя Эўразьвязу выглядала прылікова. Псавалі толькі кантрабандысты да апошняга часу. Але ня выключана, ім сапраўды давядзецца зараз падцяць хвасты.

Існуе яшчэ адзін момант, аб чым не гавораць уголас: сярод кантрабандыстаў ёсьць таксама людзі з картай паляка. Нарэшце палякам стане ясна ў кожным канкрэтным выпадку, «ху із ху». Калі чалавек гойсае ў Кузьніцу па два-тры разы на дзень, то зусім ня польская культура яго цікавіць. Каб у мяне была карта паляка, я б пасаромеўся кожны дзень раскручваць польскі цягнік, каб схаваць ад польскіх мытнікаў кантрабанду.

Зь лямпаў на столі вагона самі сабой выпадаюць шурупы, польскі кандуктар пасьміхаецца разам з пасажырамі, разводзіць рукамі: самі разумееце, усё раскручана тысячу разоў. Успамінаю папярэднюю паездку: спрытныя хлопцы прымушалі пасажыраў уставаць зь месцаў, здымалі плястыкавыя крэслы, хавалі блёкі цыгарэт. Можаце сядаць! – дазвалялі зьніякавелым людзям. Спадзяюся, гэта застанецца ва ўчорашнім дні.

Зараз я скажу ўсю праўду пра гэтую публіку. Раней памяняць пашпарт у Горадні было стрэсам: гэтыя людзі мянялі свае па два-тры разы за год. Чэргі ў АВІРы былі несусьветныя, паколькі пашпартаў для кантрабандыстаў асобных няма. А чэргі па візы аграмадныя? Таксама празь іх! На машыне паехаць у Польшчу – адназначным стрэсам было заўжды. Як сказаў адзін чыноўнік: дзевяноста пяць адсоткаў з чаргі ў Брузгах завозяць палякам паліва і адразу вяртаюцца. Іншых мэтаў у іх няма. Меў рацыю, мабыць. Цяпер ім дазволена толькі раз на восем дзён перасячы мяжу. Абураюцца! Затое нармальным людзям лягчэй стала.

У мяне перад вачыма яшчэ нядаўна перапоўнены цягнік у Кузьніцу. Калі памежнікі расчынялі дзьверы вакзалу, наперадзе заўжды былі кантрабандысты, яны амаль што з галёканьнем беглі ў цягнік займаць месцы. У вагоне заўжды паводзіліся па-гаспадарску, амаль па-панску, рассаджваліся і пачыналі хаваць цыгарэты, а некалі таксама сьпірт, гарэлку. Астатнія пасажыры мусілі ехаць стоячы. Праўда, таксама мелі шанец. Калі перавязеш камусьці блёк цыгарэт ці бутэльку, табе абяцалі сядзячае месца за гэта.

Уявіце, што рэгулярна ў цягнік траплялі палякі, немцы ці іншыя заходнікі. Якія ў іх заставаліся ўспаміны ад паездкі? Прычым я памятаю яшчэ ранейшыя часы, калі кантрабандысты нават не куплялі квіткоў. Існавала завядзёнка: цераз вагоны праходзіў польскі кандуктар, якому ўсе клалі ў жменю па адным злотым. Пасажыры з квіткамі выглядалі белымі варонамі, прычым яны звычайна стаялі, месца для іх не знаходзілася.

Нарэшце, кожны зойме сваё месца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG