Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя: Крыжы ў Курапатах ня маюць каштоўнасьці


Бараўлянская міліцыя адмовілася заводзіць крымінальную справу і расьсьледаваць факт вандалізму ў Курапатах.

«Праводзілася праверка для выяўленьня прыналежнасьці крыжоў. Праверка паказала, што крыжы не стаяць на балянсе ў ніводнай арганізацыі і ніхто не нясе за іх адказнасьці. Таксама яны не зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. У сувязі з гэтым выявіць кошт паваленых крыжоў немагчыма. Вырашана адмовіць ва ўзбуджэньні крымінальнай справы», — гаворыцца ў адказе з Бараўлянскага аддзелу міліцыі.

Ліст падпісаны капітанам міліцыі Радзюком.

Крыжы ў Курапатах павалілі 2 ліпеня. Гэта заўважылі актывісты грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», калі ладзілі талаку.

Актывісты выклікалі міліцыянтаў. Тыя склалі пратакол.

Новы акт вандалізму

Новы акт вандалізму ў Курапатах адбыўся 3 ці 4 жніўня.

Невядомыя пашкодзілі мэталічны крыж памяці палякаў, расстраляных у Курапатах (гэты крыж быў усталяваны жыхарамі Менску ў 1994 годзе).

Злачынцы пашкодзілі бляшаныя шыльдачкі з надпісамі на крыжы і раскідалі вянкі і кошыкі з кветкамі, якія стаялі каля гэтага і іншых крыжоў.

«Упэўненая, што гэта адбылося невыпадкова, што гэта прысьвечана Дню салідарнасьці. Відавочна, што сваімі сіламі арганізацыі ня змогуць забясьпечыць належны парадак ва ўрочышчы. Таму неабходна, каб дзяржава ўзялася за ахову Курапатаў, каб там былі міліцэйскія патрулі, а таксама думаць пра агароджу. Асабліва па вечарах і па начах трэба ўзмоцнена ахоўваць», — заявіла Радыё Свабода каардынатарка ініцыятывы «Абаронім Курапаты» Ганна Шапуцька.

Даведка Свабоды — Курапаты

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКУС расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты знайшлі парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году была створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах. У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 групавых пахаваньняў, зь якіх шляхам эксгумацыі было спраўджана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы. Каб ушанаваць памяць ахвяраў, тут паставілі крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах ня раз чыніліся акты вандалізму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG