Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Ластоўскі: пэдафіляйцы твораць бязьмежжа


Аляксандар Ластоўскі

Аляксандар Ластоўскі

Суполка «Оккупай-педофиляй! г.Минск» у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» выдаліла ўсе запісы і толькі пакінула ў інфармацыі пра суполку, што «арганізацыя займаецца лоўляй эдуардаў, пасьля ўзяцьце інтэрвію ў яго. Інфармацыя ўбачаная на відэа ніяк не зьвязана з рэальным жыцьцём, любыя супадзеньні выпадковыя».

17-гадовы Руслан Паравуля, які месяц таму стварыў у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» суполку «Акупай-Пэдафіляй», дзе выкладваў відэа з удзелам пэдафілаў, заявіў карэспандэнту Свабоды, што праект закрыты зь ягонай волі і больш не існуе. Прычын ён не патлумачыў:

«Ну, проста закрыты. Гэта проста маё асабістае рашэньне».

Руслан сказаў, што больш такіх фільмаў рабіць ня будзе. А што да 20-хвіліннага відэа, дзе запісана, як падлеткі злавілі 29-гадовага гея і зьдзекуюцца зь яго на падставе ягонай сэксуальнай арыентацыі, Руслан сказаў, што «гэтага фільма больш няма ні ў сеціве, ні ў нас».

Пасьля гэтага Руслан адмовіўся адказваць на пытаньні.

Тым часам на сваёй старонцы ў фэйсбуку выказаўся наконт гэтай скандальнай гісторыі кіраўнік прэсавай службы менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі. Ён патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што выказвае сваё асабістае меркаваньне, а не пазыцыю ведамства. Ён напісаў пра дапамогу 29-гадоваму гею Эдуарду, зь якога зьдзекаваліся сябры суполкі «Акупай-Пэдафіляй»: «Я тэлефаную Эдзіку, зь пятлі яго выцягваю паўтары гадзіны, з гораду вывожу, каб схаваць».

Аляксандар Ластоўскі патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што гэта было сказана вобразна, але з Эдуардам ён сапраўды размаўляў праз тэлефон:

«Ён сапраўды быў у прыгнечаным стане. Адкуль я ведаю, што ён з сабой мог учыніць? Я ня ведаю, як бы я дзейнічаў у такой сытуацыі, калі жыцьцё нібыта рухнула. Зыходзячы з размовы, адчувалася, што ён быў не ў адэкваце, што ён спустошаны. Таму я яго пераконваў, каб ён выехаў з гораду, і ён выехаў. Я папрасіў, каб ён пастараўся абстрагавацца і каб нічога з сабой не рабіў. Буду яму цяпер тэлефанаваць, каб папярэдзіць, што зь ім будзе зьвязвацца адвакат. Таму гэтае выказваньне азначае, што яму было настолькі непрыемна і дрэнна».

Аляксандар Ластоўскі заявіў, што дзейнасьць суполак тыпу «Акупай-Пэдафіляй» незаконная.

«І я кожны раз спрабую папярэдзіць маладых людзей з дапамогай свайго блогу, калі зьяўляецца чарговае „бязьмежнае“ відэа, што гэтыя дзеяньні незаконныя. У прынцыпе, барацьба з пэдафіліяй — справа добрая, але выкарыстаныя імі
іх барацьба з пэдафіліяй — далёка не асноўная мэта
мэтады парушаюць дзейнае заканадаўства. Аднойчы апэратыўныя работнікі сказалі мне, што пэўныя хлопцы займаюцца ерундой, але няхай яны дапамагаюць на першым этапе, калі ідзе перапіска, а ўсе астатнія дзеяньні правядзем мы. Я прапанаваў адной групе, але яна на кантакт так і не пайшла. З гэтага можна зрабіць выснову, што ў іх барацьба з пэдафіліяй — далёка не асноўная мэта. Ад пачатку гэтага году да траўня было пачата толькі ў Менску 15 крымінальных спраў па гэтых фактах. Але „пэдафіляі“ ў ніводнай зь іх удзелу ня бралі. Таму ўзьнікае пытаньне, а якія мэты яны маюць? Яўна ня добрыя. Тым больш там у іх пачынаецца збор сродкаў. Гэта віртуальная ініцыятыва, якая ня мае законнай падставы. Гэта прывяло да таго, што зьявілася чарговае відэа, дзе яны кажуць, што сапсуюць жыцьцё чалавеку. Адзін з журналістаў падказаў мне тэлефон гэтага чалавека, я яму патэлефанаваў. Мужчына, вядома, быў у прыгнечаным стане, што ж тут казаць. Проста паспрабуйце ўявіць сябе на яго месцы. Калі цябе без суду і сьледзтва прапаласкалі на ўсю краіну. А назваць яго злачынцам можа толькі суд і ніхто іншы».

Карэспандэнт: А ці будуць нейкая прававыя наступствы гэтай гісторыі? Само відэа аўтары ўжо выдалілі.

Ластоўскі: «Гэта ня мае значэньня, бо ўся дзейнасьць можа быць задакумэнтаваная, усё можна знайсьці. Я ўчора праз фэйсбук зьвярнуўся да юрыстаў і праваабаронцаў, якія могуць узяцца за гэтую справу. Я службовая асоба, але я не магу пісаць ад імя Эдуарда заяву ці дапамагаць яму. Трэба дзейнічаць паводле закону, таму я кінуў кліч. Спачатку зьвярнуліся праваабаронцы, але паміж намі аказалася занадта вялікая прорва, пасыпаліся нейкія прэтэнзіі да мяне. У выніку дыялёг ня склаўся. Без аніякай помпы да мяне зьвярнуся адвакат Дзьмітрый Лепрэтар, які браў удзел у працэсе над тэрарыстамі. Ён напісаў мне асабістае паведамленьне, што гатовы аказаць прававую дапамогу. Ён сказаў, што гэтая зьява яго самога проста трасе. Я папярэдзіў Эдуарда, каб ён не адказваў на незнаёмыя тэлефанаваньні, каб яму не пагражалі. І ён будзе падымаць толькі мой нумар тэлефона. І вось я яму патэлефаную, што зь ім зьвяжацца адвакат. А якія далей будуць іх дзеяньні, я не магу сказаць. Для мяне было галоўным, каб з дапамогай майго праваабарончага блогу была адноўленая справядлівасьць. Мэта блогу — зьвяртаць увагу на тое, што незаконна ў сацыяльных сетках. А там шмат усялякага непатрэбнага, і маладыя людзі, якія ня ведаюць заканадаўства, проста псуюць сабе жыцьцё».

Карэспандэнт: А вы прапанавалі далучыцца да справы таксама праваабаронцам з цэнтру «Вясна»?

Ластоўскі: «Мы ўчора перапісваліся зь „Вясной“, але — я ні ў чым не хачу іх абвінавачваць, магчыма, у іх ёсьць нейкая падставы для крыўдаў на мяне — проста ў нас зь імі не зраслося супрацоўніцтва. Мы перапісваліся, я папрасіў пакінуць убаку нейкія нэгатыўныя моманты, амбіцыі. Давайце проста дапаможам чалавеку ў канкрэтнай сытуацыі. Ну, і не атрымалася дыялёгу. Нічога страшнага, на гэтым можна не акцэнтаваць увагу. Я не хачу сказаць, што яны не прафэсіяналы. Але яны займаюцца выбранымі справамі, ня кожным простым сьмяротным. Магчыма, яны маюць на гэта права, але мяне гэта не турбуе. Самае галоўнае, што знайшоўся юрыст, якія мае імя, можа, ён дапаможа давесьці гэтую справу да суду. Але нават калі справа ня дойдзе да суду, тое, што хлопцы пачалі выдаляць свае суполкі і спыняюць незаконную дзейнасьць, гэта для мяне галоўнае. Адзначу, што ў нас судзяць не за намеры, а за ўчыненыя дзеяньні. Калі гэтаму „бязьмежжу“, якое твораць „пэдафіляйцы“, не паставіць заслоны, то шмат маладых людзей могуць папсаваць сабе жыцьцё. Я гэта бачу, таму вырашыў дзейнічаць, і сацыяльныя сеткі даюць мне інструмэнт. Гэта не зьяўляецца пазыцыяй ведамства, гэта мая асабістая пазыцыя. Карыстаючыся тым, што я ведаю, я б’ю трывогу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG